Пошук

06.07.2023 14:14   Тэкст: кс. Юрый Санько, кс. Дзмітрый Пухальскі / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

6 ліпеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў памяшканні Мітрапалітальнай курыі ў Мінску абвясціў аб новых прызначэннях у архідыяцэзіі і ўручыў адпаведныя дэкрэты.

Сустрэча, у якой узялі ўдзел Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і зацікаўленыя святары, распачалася сумеснай малітвай.

Звяртаючыся да прысутных, арцыбіскуп Станеўскі падкрэсліў няпростыя абставіны сённяшняга святарскага служэння, улічваючы факт невялікай колькасці пакліканняў. Разам з тым арцыпастыр зазначыў важнасць душпастырскай апекі над вернікамі і яе актуальнасць.

«Святар — гэта чалавек з палаючым сэрцам і ясным розумам, які ўмее адначасова сагрэць сэрцы іншых людзей і прасвятліць іх розумы. Задача кожнага святара — прыйсці да Езуса не толькі ад свайго імя, але і ад імя тых, хто не прыходзіць да Яго, хто адвярнуўся ад Яго, чые сэрцы астылі», — сказаў іерарх.

«Новыя прызначэнні даюць новыя магчымасці і новы „фронт“ для дзеянняў», — выказаў упэўненасць арцыпастыр.

Напрыканцы прамовы ён даручыў прысутных Божаму Провіду, просячы для іх Матчынай апекі Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, і заступіцтва святога Яна Марыі Віянэя, апекуна пробашчаў, як прыклад руплівага душпастыра ў выкананні новых заданняў.

Паводле рашэння арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, ксёндз канонік Антоній Клімантовіч звольнены з пасады пробашча архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску дэканата Мінск-Захад, якую займаў на працягу многіх гадоў, і прызначаны пробашчам парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Заслаўе дэканату Мінск-Захад;

Ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі звольнены з пасады пробашча парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Заслаўе дэканату Мінск-Захад і прызначаны пробашчам архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску дэканату Мінск-Захад.

Ксёндз Аляксандр Багдановіч звольнены з пасады пробашча парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў вёсцы Хатава і святога Максімільяна Марыі Кольбэ ў вёсцы Цеснавая Стаўбцоўскага дэканату. Душпастырскую апеку над вернікамі парафіі ў Хатаве будзе здзяйсняць ксёндз Сяргей Лянга, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Мары ў аграгарадку Дзераўная Стаўбцоўскага дэканату, а над вернікамі парафіі ў Цеснавой — ксёндз Валянцін Станкевіч, пробашч парафіі святога Яна Хрысціцеля ў аграгарадку Волма Стаўбцоўскага дэканату.

Ксёндз Дзмітрый Іваноў звольнены з пасады вікарыя парафіі святога Казіміра ў горадзе Стоўбцы Стаўбцоўскага дэканату і прызначаны пробашчам парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Магілёве Магілёўскага дэканату.

Ксёндз Віталій Драздоўскі звольнены з пасады пробашча парафіі святой Барбары ў вёсцы Замосце Нясвіжскага дэканату, а таксама вызвалены ад душпастырскай апекі над вернікамі ў вёсках Вынішчы і Ленькі Нясвіжскага дэканату і прызначаны вікарыем парафіі святога Антонія ў горадзе Мінску дэканату Мінск-Захад. Душпастырскую апеку над вернікамі парафій у Замосці, Леньках і Вынішчах будзе ксёндз Андрэй Калядка, пробашч парафіі святых Пятра і Паўла, апосталаў, у Капылі.

Ксёндз Павел Эйсмант прызначаны сакратаром арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, рэзідэнтам парафіі святога Антонія ў горадзе Мінску дэканату Мінск-Захад, а таксама душпастырам малітоўнага руху «Маргарыткі».

Акрамя таго, ксёндз Юрый Рашатко прызначаны душпастырам міністрантаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, ксёндз Андрэй Лысы TChr — дыяцэзіяльным душпастырам працаўнікоў службы аховы здароўя, ксёндз Кірыл Бардонаў — дыяцэзіяльным душпастырам асоб, якія жывуць у несакрамэнтыльных саюзах.

Абноўлена 06.07.2023 19:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.