Пошук

06.06.2023 18:18   Тэкст: Марына Раманчук / Фота: Кірыл Масалыка / Catholic.by

У суботу 3 чэрвеня пры касцёле святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) адбылося благаслаўленне калоны з усталяванай на ёй фігурай святога Арханёла Міхала — апекуна Касцёла ў Беларусі, чыя выява змешчана на гербе горада, які быў першай сталіцай старадаўняй беларускай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага.

Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч разам з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.

У межах урачыстасці адбыўся семінар, прысвечаны Арханёлу Міхалу.

Напачатку прысутных прывітаў пробашч парафіі ксёндз Юрый Жэгарын, пасля чаго былі прачытаныя даклады. Першы з іх прадставіў айцец Міхал Ярмашкевіч OP на тэму «Анёльскі свет паводле святога Тамаша Аквінскага», другі даклад пра «Ушанаванне святога Міхала Арханёла ў духоўнай і культурнай традыцыі Беларусі» прачытаў ксёндз доктар Віталь Сідорка.

Пасля семінара адбылася ўрачыстая святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў нунцый Ёзіч. У Эўхарыстыі ўзялі ўдзел біскуп Кашкевіч, святары, госці, прадстаўнікі гарадской улады Навагрудка, вернікі парафіі святога Арханёла Міхала і госці. Спевам літургію ўпрыгожыў хор «Cantate Domino».

У прамоўленай гаміліі Апостальскі нунцый перадусім зазначыў, што вельмі рады магчымасці маліцца ў старажытным навагрудскім касцёле ў гонар святога Арханёла Міхала, а таксама выказаў падзяку пробашчу за запрашэнне.

Святую Імшу прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне цэлебраваў у інтэнцыі мясцовых жыхароў і іх сем’яў.

Нунцый нагадаў, што святы Арханёл Міхал ушаноўваецца таксама ў Ватыкане, і Папа Францішак на пачатку свайго Пантыфікату благаславіў фігуру Арханёла, усталяваную ў Ватыканскіх садах.

«Святы Арханёл Міхал, як паказвае Божае слова, з’яўляецца ўзорным змагаром са злым духам, які ёсць прычынай маральнага заняпаду і падзелаў. Ён належыць да Арханёлаў, якіх Слова Божае заўсёды апісвае нам як шанавальнікаў і слугаў Божых, як нябесных стварэнняў, якія змагаюцца за справу Божую ў гэтым свеце і з’яўляюцца пасланцамі Найвышэйшага. Як вечныя шанавальнікі Бога, яны жывуць у радасці служэння Яму. Яны нясуць нам Яго жыццё, Яго супакой, бляск Яго прыгажосці, водар і чысціню Яго боскай істоты», — падкрэсліў нунцый Ёзіч.

Прадстаўнік Папы дадаў, што і мы самі, на ўзор анёлаў, пакліканыя рэалізаваць сябе ў пакланенні, хвале і служэнні Пану, каб быць пасланцамі міру і місіянерамі Нябеснага Айца.

«Сапраўдны лек для нашых неспакойных і загубленых душаў, адзіны, здольны вылечыць нашыя раны і вызваліць нас ад зла, — гэта знаходзіцца ў прысутнасці Бога, любячы Яго і дазваляючы Яму любіць нас», — сказаў Апостальскі нунцый, пасля чаго звярнуў увагу на асаблівую місію Арханёла Міхала ў Касцёле і ў свеце.

«Каб лепш зразумець, чаму ў многіх нашых супольнасцях святога Міхала Арханёла абралі апекуном, трэба задумацца, кім ён з’яўляецца і чым займаецца. Ён стаіць на чале нябесных войскаў і разам з імі змагаецца супраць таго, хто імкнецца разбурыць сям’ю Божую, народ веруючых у Хрыста, каб захапіць яго ў палон і пазбавіць Божага сыноўства.

Жыццё і гісторыя з’яўляюцца вялікім полем бітвы, дзе д’ябал змагаецца супраць Бога і супраць справы адкуплення Божага Сына, які заўсёды ўдзельнічае ў гісторыі, каб даць пачатак новаму стварэнню. Наяўнасць такога арханёла, як святы Міхал, у якасці заступніка — гэта дар, які трэба прыняць, і адказнасць, якую трэба ўзяць на сябе. <…> Арханёл Міхал, наш заступнік, дапамагае нам зрабіць так, каб чалавек ніколі не замяняў Бога і не дазваляў ніякім ідалам заняць Яго месца», — сцвердзіў прадстаўнік Папы.

«Запрашаю вас, дарагія браты і сёстры, звярнуцца да Арханёла Міхала, нашага святога апекуна, каб суправаджаў нас і дапамагаў на гэтым шляху — асабістым і супольным, — падтрымліваючы нашае сінадальнае падарожжа і асабліва ажыўляючы веру, міласэрнасць і надзею ўсіх жыхароў гэтага старажытнага горада Навагрудка», — заахвоціў прысутных на заканчэнне гаміліі нунцый Антэ Ёзіч.

Пасля святой Імшы прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі здзейсніў абрад пасвячэння калоны з фігурай Арханёла Міхала, падчас якога была прачытаная малітва аб заступніцтве Князя нябесных войскаў над Беларуссю.

Абноўлена 06.06.2023 18:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця