Пошук

05.06.2023 10:10   Тэкст: Дар’я Семянько / Фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

У нядзелю 4 чэрвеня ў Магілёве адбылася традыцыйная Эўхарыстычная працэсія па вуліцах горада, у якой узялі ўдзел Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама святары парафій горада і некалькі соцень магілёўскіх вернікаў.

Распачылася ўрачыстасць святой Імшой у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава. Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў біскуп Яшэўскі SDB. У прамоўленай гаміліі ён звярнуў увагу на тое, што ва ўрачысты дзень Божага Цела эўхарыстычны Хрыстус яшчэ больш ушаноўваецца ўсім Каталіцкім Касцёлам.

«Ён пакідае святыні і выходзіць на вуліцы і плошчы, сам наведвае жыхароў вёсак і гарадоў. Натоўпы вернікаў ушаноўваюць Яго як сапраўднага Караля», — заўважыў іерарх, заахвоціўшы прысутных паразважаць над пытаннем, чаму ўвогуле Пан Езус устанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт.

«Першай прычынай устанаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту было гарачае жаданне Езуса быць з намі ў боскай і чалавечай натуры да канца свету», — падкрэсліў біскуп. Паводле яго, яшчэ адной прычынай устанаўлення Эўхарыстыі стала жаданне Пана Езуса быць ежай для нашай душы.

«Падобна таму, як штодзённы хлеб умацоўвае сілу цела і падтрымлівае жыццё, Анёльскі хлеб, як называюць Цела Пана, узмацняе сілу душы для барацьбы з рознымі спакусамі, якія прыцягваюць чалавека да зла», — адзначыў пастыр. Напрыканцы свайго казання біскуп Яшэўскі заклікаў вернікаў заўсёды дзякаваць Езусу за ласку ўстанаўлення Сакрамэнту алтара, абудзіць ў сэрцах гарачую ўдзячнасць і старацца выказаць яе знешне праз адарацыю Езуса, прысутнага ў Эўхарыстыі.

Падчас урачыстай цэлебрацыі дзеці катэдральнай парафіі, якія ў мінулым годзе прыступілі да Першай святой Камуніі, падзякавалі Богу за дар прысутнасці ў іх жыцці і аднавілі свае абяцанні жыць з Богам і працягваць пазнаваць Яго на занятках па катэхезе. Двое кандыдатаў у міністранты, якія на працягу года рыхтаваліся пад кіраўніцтвам вікарыя парафіі ксяндза Паўла Сідарэнкі, атрымалі з рук біскупа Аляксандра Яшэўскага комжы і сталі паўнапраўнымі памочнікамі святара пры алтары.

Пасля святой Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт у працэсіі быў пранесены з касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава па вуліцы Лазарэнкі да каталіцкіх могілак у капліцу святога Антонія.

Так, як прадугледжвае рытуал, вернікі, святары і кансэкраваныя асобы чатыры разы затрымаліся, каб паслухаць Божае Слова і благаславіць горад і яго жыхароў.

Абноўлена 05.06.2023 10:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця