Пошук

06.03.2023 10:22   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Алена Бобр / Catholic.by

4 сакавіка, ва ўспамін святога Казіміра, у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбылася чарговая, ужо шостая малітоўная сустрэча ў межах Вялікай навэнны духоўнай падрыхтоўкі да 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

Сакавіцкая сустрэча сабрала ў Будславе ўдзельнікаў руху «Маці ў малітве» і Апостальскага руху «Маргарытка», якія асаблівым чынам моляцца за святароў. Удзел у сустрэчы ўзялі больш за сем соцень чалавек з 35-і парафій з усіх дыяцэзій Беларусі.

Планавалася, што ўзначаліць сустрэчу арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Аднак заслужаны іерарх не змог прыбыць у Будслаў, паколькі толькі напярэдадні быў выпісаны са шпіталя, дзе праходзіў лячэнне пасля зробленай аперацыі, і стан здароўя пакуль не дазваляе яму падарожнічаць. У якасці прадстаўніка епіскапату ўдзел у сустрэча ўзяў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Вітаючы ўдзельнікаў малітоўнай сустрэчы, іерарх прызнаўся, што мае даўнія сувязі з рухам «Маці ў малітве», які ў Беларусі пачаў дзейнічаць пры Залатагорскай парафіі ў Мінску, дзе біскуп Касабуцкі пэўны час быў пробашчам.

Акрамя таго, біскуп падзяліўся, што яго таксама падтрымліваюць сваёй штодзённай малітвай некалькі «маргарытак» — груп па сем чалавек, якія кожны дзень тыдня моляцца за пэўнага святара.

Іерарх зазначыў, што па дарозе ў Будслаў ён сам, як і многія пілігрымы, трапілі ў моцную снежную буру з мяцеліцай, у якой амаль нічога не было відаць навокал. Але Нацыянальны санктуарый сустрэў пілігрымаў лагодным сонейкам на блакітным небе прадвесня.

Біскуп Касабуцкі назваў гэта знакам, якім Марыя сустракае сваіх дзяцей, а таксама параўнаў з цёплым сонейкам маці, якія моляцца за сваіх дзетак.

Іерарх засведчыў, што арцыбіскуп Кандрусевіч грунтоўна падрыхтаваўся да сустрэчы, і, хоць не змог прысутнічаць на ёй асабіста, «напэўна, духоўна далучаецца з дапамогай анлайн-трансляцыі», а таксама даслаў падрыхтаваную гамілію, якую біскуп Касабуцкі зачытаў падчас святой Імшы. У ёй арцыпастыр напачтаку адзначыў, што ўдзельнікі рухаў «Маці ў малітве» і «Маргарыткі» прысвячаюць сваё малітоўнае служэнне ў інтэнцыі дзяцей і святароў. «Малітва гэтых рухаў выпрошвае ў Бога апеку і дапамогу моладзі і духоўным асобам, каб годна падрыхтаваліся да самастойнага жыцця і выканалі заданне, якое на іх плечы ўскладае Бог», — заўважыў заслужаны іерарх.

Свае далейшыя разважанні ён скіраваў да асобы святога Казіміра, які адзначаўся вялікай пабожнасцю і адышоў у вечнасць у маладым узросце ў Гродне. «Святы Казімір з’яўляецца адным з найбольш папулярных святых на нашай зямлі. Прастата жыцця на каралеўскім двары, цнатівасць, дух малітвы і міласэрнасці, нягледзячы на зусім іншыя прыярытэты зямнога жыцця, здабылі яму заслужаную славу ў Бога і людзей», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч, узгадаўшы, як у савецкія часы рэліквіі святога Казіміра былі вывезены з ператворанай у музей віленскай катэдры ў касцёл святых Пятра і Паўла на Антокалі на аўтамабілі маркі «Победа».

«Вельмі сімвалічна тое, што парэшткі былі перавезены аўтамабілем „Победа“, што азначае перамога.

4 сакавіка 1988 года з касцёла святых Пятра і Паўла вырушыла велічная працэсія, у якой на руках неслі саркафаг з рэліквіямі святога Казіміра. Мне давялося прымаць удзел у ёй. Тады, будучы пробашчам парафій святога Францішка Ксавэрыя і Маці Божай Анёльскай у Гродне, я ўсвядоміў сабе сімвалізм таго, што <…> ўрачыстае вяртанне рэліквій стала сапраўднай перамогай Бога на сіламі зла», — падзяліўся ўспамінамі заслужаны іерарх.

«Мы таксама змагаемся са шматлікімі праблемамі і шукаем шляхоў іх вырашэння. Святы Казімір пакінуў нам прыклад для наследавання, у якім ключавую роль займае малітва. <…>

Малітоўныя рухі „Маці ў малітве“ і „Маргарыткі“ з’яўляюцца жывым прыкладам малітвы ў наш секулярны час. Мы прыходзім у Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай, каб у Яе падножжа ўзнесці нашыя малітвы да Бога з мэтай перамены нашага жыцця, умацавання веры, надзеі і любові», — напісаў у завяршэнні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Сустрэча ў Будславе з удзелам прадстаўнікоў малітоўных рухаў адбывалася ў час Вялікага посту, калі вернікі рыхтуюцца да велікодных святаў праз малітву, устрыманне і ўчынкі міласэрнасці, а таксама асаблівым чынам разважаюць над Мукай і крыжовай смерцю Езуса Хрыста, побач з якім на Кальварыі Яго цярпенні падзяляла Найсвяцейшая Маці.

Выразам гэтага стаў сімвалічны дар, які прынесла да алтара ў працэсіі з дарамі пачынальніца руху «Маці ў малітве» ў нашай краіне і яго шматгадовая каардынатарка Людміла Губіна з Мінска. Яна прынесла да Марыі ружанец, гісторыю якога распавёў прысутным біскуп Касабуцкі. Гэты ружанец быў падарункам яе малодшага сына, які з маленства быў хваравітым. Молячыся за яго, маці ахвяравала свайго сына Маці Божай Будслаўскай. Сын вырас, і з аднаго са сваіх падарожжаў прывёз матулі ў падарунак гэты прыгожы ружанец. Крыху не дажыўшы да ўзросту Хрыста, сын спадарыні Людмілы раптоўна адышоў з гэтага свету ў свята Маці Божай Будслаўскай, 2 ліпеня 2020 года.

Ружанец як дарагая памяць пра сына — найкаштоўнейшае, што мела маці, — яна цяпер прынесла ў дар Маці Божай Будслаўскай.

Гэты ружанец будзе змешчаны каля цудадзейнага абраза як вотум, як сімвал малітвы ўсіх маці за сваіх дзяцей. «Яна горача малілася за сына, і, напэўна, вымаліла для яго найкаштоўнейшы дар — вечнае збаўленне», — зрабіў выснову біскуп Юрый Касабуцкі.

Пасля Эўхарыстыі і кароткага перапынку на пачастунак, які для соцень пілігрымаў гасцінныя будслаўскія вернікі на чале са сваім пробашчам ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам падрыхтавалі ў мясцовым доме культуры, удзельнікі сустрэчы зноў сабраліся ў святыні, дзе біскуп Касабуцкі зачытаў падрыхтаваны арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам даклад.

У ім заслужаны іерарх грунтоўна, падрабязна і пры гэтым даступна раскрыў тэалагічна-пастырскае значэнне каранацыі выяваў Маці Божай.

Сустрэча ў Будславе завяршылася супольнай малітвай Вяночка да Божай Міласэрнасці і пастырскім благаслаўленнем, якое на развітанне ўдзяліў удзельнікам біскуп Юрый Касабуцкі.

                 
Абноўлена 06.03.2023 10:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа