Пошук

16.02.2023 10:06   с. Алетэя (Ала Новік), кармэлітка / Catholic.by

У суботу 11 лютага ў кляштары сясцёр кармэлiтак Дзiцяткі Езуса ў Адамавічах (Гродзенская дыяцэзія, Сапоцкінскі дэканат) адбыўся дзень засяроджання для дзяўчат. Тэмай сустрэчы было запрашэнне Езуса: «Калі хочаш быць шчаслівым, ідзі за Мною!»

Дзень засяроджання правёў для дзяўчат ксёндз Уладзіслаў Малышка.

Адна з удзельніц сустрэчы ў Кармэлі ў Адамавічах падзялілася сваімі ўражаннямі.

«За свае дваццаць гадоў я ўпершыню пабывала на такім дні засяроджання, які прымусіў мне шмат над чым задумацца. Калі я ехала ў Адамавічы, то не чакала ад гэтай сустрэчы нічога асаблівага, але менавіта там я атрымала адказы на многія мае пытанні і не толькі.

Па-першае, яшчэ ніколі і нідзе я не адчувала такога супакою. Мяне ўразіла асаблівая цішыня гэтага месца, дзе я змагла засяродзіцца на малітве, сваіх пытаннях, праблемах, думках. Я нават не ўяўляла, наколькі мне гэта было патрэбна! Я атрымала магчымасць пабыць у цішыні, памаліцца, пагаварыць з Богам і паслухаць Яго голас.

Па-другое, мяне заўсёды хвалявала і абражала, калі людзі навокал не разумелі мяне і гаварылі, што Бога няма. Я, у сваю чаргу, заўсёды старалася пераканаць такіх людзей сваімі доказамі і словамі, але нічога не выходзіла. Але падчас канферэнцыі я пачула неабходную для сябе думку, якая засталася ў маім сэрцы: „Навошта спрачацца са сцяной, калі яна не перасунецца? Не трэба пераконваць чалавека, калі ён не хоча слухаць. Трэба проста радавацца разам з Езусам і дзяліцца гэтай радасцю з іншымі. Толькі такім чынам я буду здольна штосьці даказаць“.

Апошняе, што мяне захапіла, гэта прыемная атмасфера, людзі і размовы. Сёстры нагадалі ўсім нам пра важнасць Святых Сакрамэнтаў і напоўнілі нас натхненнем. Я вельмі ўдзячная Богу за тое, што пазнаёміў мяне з сёстрамі кармэліткамі, якія з адкрытым сэрцам і радасцю прынялі нас. Я ўпэўнена, што гэты дзень і гэтая сустрэча застанецца ў маім сэрцы назаўсёды», — кажа ўдзельніца

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа