Пошук

01.02.2023 11:03   Catholic.by
Фота:sdb.by

З 5 па 9 лютага ў сталіцы Чэхіі Празе пройдзе Еўрапейская асамблея Кантынентальнага этапу Сіноду Біскупаў, прысвечанага сінадальнасці, у якой возьмуць удзел прадстаўнікі Касцёлаў з краін Еўропы, у тым ліку і з Беларусі.

Сінадальны працэс на тэму «На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія», які стартаваў у кастрычніку 2021 года, шмат у чым наватарскі і незвычайны. Ён складаецца з трох этапаў: дыяцэзіяльнага, кантынентальнага і паўсюднага. XVI Звычайная Генеральная Асамблея Сіноду Біскупаў пройдзе ў Ватыкане ў дзве сесіі: у кастрычніку 2023 і ў кастрычніку 2024 года.

Год таму, у лютым 2022 года, завяршылася Сінадальная кансультацыя ў Касцёле на Беларусі. На гэтым першым этапе Сіноду практычны ўдзел усіх ахвотных заключаўся ў адказе на пытанні анкеты, вынікі якой былі апрацаваныя Сінадальнай камісіяй.

На 85-м Пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое 27 ліпеня прайшло ў Мінску, былі падведзены вынікі першага этапу Сіноду ў дыяцэзіях Касцёла ў нашай краіне.

Іерархі зацвердзілі Падсумаванне па выніках дыяцэзіяльнага этапу Сіноду Біскупаў.

27 кастрычніка мінулага года быў абнародаваны Дакумент кантынентальнага этапу Сіноду Біскупаў, які стане асновай для другой фазы сінадальнага працэсу.

Пра ролю біскупа ў сінадальным працэсе, які цяпер праходзіць у Касцёле, ідзе гаворка ў абнародаваным 30 студзеня лісце да ўсіх каталіцкіх біскупаў, які падпісалі Генеральны сакратар Сіноду кардынал Марыё Грэк і Генеральны дакладчык XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў кардынал Жан-Клод Ольрыш SI. У лісце, які з’явіўся непасрэдна перад Кантынентальным этапам Сіноду, высокія падпісанты зазначаюць, што Кантынентальныя асамблеі не павінны займацца ўсімі пытаннямі, якія абмяркоўваюцца ў Касцёле.

У Еўрапейскай асамблеі антынентальнага этапу Сіноду Біскупаў, які пройдзе ў лютым у Празе, у якасці прадстаўнікоў Касцёла ў Беларусі возьмуць удзел Старшыня Сінадальнай камісіі пры ККББ біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB і ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, адзін з супрацоўнікаў згаданай Сінадальнай камісіі.

Пасля завяршэння Кантынентальнага этапу Сіноду, з 10 па 12 лютага, біскуп Яшэўскі ад імя Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча возьме ўдзел у пасяджэнні Старшыняў Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў еўрапейскага кантынэнта.

Абноўлена 04.02.2023 10:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа