Пошук

22.01.2023 07:33   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Мікола Новікаў / Catholic.by

У суботу 21 студзеня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў адбылося экуменічнае набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій.

Традыцыйна Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў праходзіць ва ўсім свеце з 18 па 25 студзеня.

Тэмай сёлетняга экуменічнага тыдня сталі словы з кнігі прарока Ісаі: «Рабіце дабро, шукайце справядлівасці» (Іс 1, 17).

Выбар тэмы для Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў на 2023 год і падрыхтоўку матэрыялаў ажыццявіла група хрысціянаў са Злучаных Штатаў Амерыкі.

Набажэнству ў галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі папярэднічала святая Імша ў інтэнцыі адзінства хрысціянаў, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У прамоўленай гаміліі іерарх перадусім звярнуў увагу на двухтысячагадовую гісторыю Касцёла, на працягу якой з самага пачатку, яшчэ з апостальскіх часоў, існавалі непаразуменні і падзелы паміж вучнямі Хрыста. Біскуп заўважыў, што сёння, нягледзячы на шырокія магчымасці знайсці любую інфармацыю, у тым ліку і на тэму хрысціянства, у распаўсюдзе веры незаменную ролю адыгрывае сведчанне хрысціянаў.

«Сучанаму чалавеку патрэбнае сведчанне, і адной з формаў гэтага сведчання з’яўляецца менавіта любоў. Любоў сапраўдная, якая шукае адзінства», — адзначыў біскуп Касабуцкі. Ён дадаў, што у Беларусі шмат розных веравызнанняў, і людзі нашай краіны ўмеюць шанаваць адно аднаго, іншыя погляды і традыцыі.

«Якое ж сведчанне мы можам даць сучаснаму свету? Гэта сапраўдная любоў, імкненне да адзінства», — зазначыў пастыр, дадаўшы, што сваркі на рэлігійнай глебе — гэта «антысведчанне». Заданне ўсіх хрысціянаў, на думку біскупа, — захаваць веру і перадаць яе наступным пакаленням. «Молімся, каб мы сапраўды так, як гэтыя вучні, першыя хрысціяне, мелі „адно сэрца“, адзінага Духа, маглі аб’яднацца ў добрых справах, у справах міласэрнасці, у справах любові, у тых цнотах, якія мы здабываем, — заахвоціў да малітвы біскуп Юрый Касабуцкі. — Няхай Бог благаславіць гэтыя пачынанні, гэтыя акцыі, дзе мы спрабуем быць разам нейкі час, прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій».

Пасля Імшы адбылося экуменічнае набажэнства, якое ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У супольнай малітве ўзялі ўдзел Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч, біскуп Юрый Касабуцкі, святары і вернікі парафій Мінска, прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій: Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, Беларускай Праваслаўнай Царквы, Евангельска-Лютэранскай супольнасці, Евангельскіх хрысціянаў баптыстаў і Біблейскага таварыства.

Сотні людзей духоўна далучыліся да набажэнства дзякуючы прамой трансляцыі на партале Catholic.by.

У набажэнстве выкарыстоўваліся два сімвалы — вада як знак хросту і ачшчэння ад грахоў і камень, які сімвалізуе гісторыю і вернікаў — «жывыя камяні», з якіх будуецца Касцёл.

Напачатку, падчас чытання ўрыўку з кнігі прарока Ісаі, арцыбіскуп Станеўскі напоўніў вадою хрысцільнае начынне, усталяванае побач з крыжам.

Гучалі чытанні са Святога Пісання — супольнай спадчыны ўсіх хрысціянаў, незалежна ад канфесіі. Пасля чытання ўрыўку з Евангелля, у якім прагучаў фрагмент казання Езуса на гары, прадстаўнікі розных канфесій звярнуліся да прысутных з кароткімі прамовамі.

Прадстаўнік Праваслаўнай Царквы протаіерэй Аляксандр Шымбалёў зазначыў, што хоць ужо дзве тысячы гадоў у свеце абвяшчаецца Добрая Вестка аб збаўленні, аднак ёсць людзі, якія ідуць супраць святла і супраць любові.

У кароткай малітве праваслаўны святар скіраваў просьбу да Бога аб супакоі і аб спаўненні Ягонай волі.

Лютэранскі пастар з Гродна Уладзімір Татарнікаў, пажадаўшы ўсім ласкі і супакою ад Бога, заўважыў, што сярод штодзённых звычайных спраў людзі часта не заўважаюць побач з сабой тых, хто ў патрэбе, і словамі прарока Ісаі заахвоціў у духу тэмы сёлетняга Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў клапаціцца пра дабро бліжніх.

Дэкан Мінскай багаслоўскай семінарыі Аб’яднання евангельскіх хрысціянаў баптыстаў Павел Асіпенка падкрэсліў, што хрысціяне павінны маліцца за ўсіх людзей, якія пакутуюць; за тых, хто яшчэ не ведае Бога, а таксама за тых, хто робіць зло іншым, каб яны пакаяліся. Ён дадаў, што адносіны з людзьмі належыць будаваць як дарогу, па якой іншыя змогуць прыйсці да Бога. Прадстаўнік Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Камінскі сцвердзіў, што самае галоўнае, што цяпер патрэбна чалавечым сэрцам, сем’ям і краіне — гэта мір, заўважыўшы, што ва ўсіх нягодах Святое Пісанне нясе людзям суцяшэнне.

Ён падзякаваў Каталіцкаму Касцёлу за распаўсюджванне Божага слова, якое аб’ядноўвае ўсіх хрысціянаў.

Канцлер Курыі Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі айцец Яўген Усошын у сваёй прамове адзначыў, што хрысціяне не павінны быць адзін для аднаго і для іншых людзей прычынаю смутку. Грэка-каталіцкі святар сказаў, што шчыра моліцца аб тым, каб усе хрысціяне былі сведкамі вернасці Хрысту, які ёсць Любоў і Праўда.

Апошнім з прамоваю выступіў арцыбіскуп Станеўскі. Звяртаючыся да ўдзельнікаў экуменічнага набажэнства, іерарх напачатку зазначыў, што яно ўжо ў 15-ы раз праходзіць у мінскай архікатэдры. Арцыбіскуп нагадаў словы чытання з Кнігі Эклезіясту, у якім ішла гаворка пра тое, што адбываецца, калі людзі будуюць свае ўзаемаадносіны не на любові і павазе, а на матэрыяльных каштоўнасцях, зайздрасці, гневе і карыслівасці.

«Такія ўзаемаадносіны проста не могуць існаваць. Таму разбіваюцца сем’і, знішчаецца грамадства, здзяйсняюцца атакі вандалізму ў адносінах да святых рэчаў, зачыняюцца святыні. <…> І вось ён, вынік крочання такім шляхам: замест таго, каб будаваць і развівацца, мы руйнуем і знішчаем, эгаістычна думаючы толькі пра сябе», — канстатаваў арцыпастыр, заўважыўшы, што падчас хросту хрысціяне выбралі для сябе іншы шлях. «Праз хрост мы адкрылі для сябе шлях святасці; мы пакліканыя быць святымі», — сцвердзіў арцыбіскуп, заахвоціўшы прысутных несці святасць у сваё асяроддзе праз словы, учынкі і лад жыцця.

Іерарх дадаў, што па-сапраўднаму шчаслівым чалавек можа быць толькі ў Хрысце. Паводле арцыбіскупа, адзінства хрысіціянаў магчымае толькі на шляху супольнага клопату пра захаванне веры, на шляху дыялогу, які пазбаўляе ад страху, на шляху сумеснай дабрачыннай дзейнасці і сацыяльнага служэння, а таксама супрацоўніцтва ў сферы культуры.

«Дабро, зробленае разам, аб’ядноўвае і робіць свет лепшым, а таксама з’яўляецца сведчаннем для тых, хто яшчэ не спазнаў Бога», — сцвердзіў іерарх, дадаўшы, што асноваю ўсіх намаганняў на шляху да адзінства павінна быць праўда.

«Каханне патрабуе ахвяры; мудрасць патрабуе еднасці», — такімі словамі завяршыў сваю прамову арцыбіскуп Станеўскі.

Пасля прамоваў кожны з выступоўцаў клаў камень да падножжа крыжа як сімвал адзінства ў Хрысце.

На заканчэнне набажэнства арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў усім удзельнікам за прысутнасць і нагадаў, што на наступны дзень у Касцёле будзе адзначацца ўстаноўленая Папам Францішкам Нядзеля Божага слова.

 

Абноўлена 24.01.2023 09:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця