Пошук

17.01.2023 12:35   Тэкст: Аліна Угорыч / Фота: кс. Андрэй Сіповіч / Catholic.by

14 студзеня ў фарным касцёле Божага Цела ў Нясвіжы прайшла традыцыйная сустрэча сем’яў, якія належаць да руху сямейнай духоўнасці Equipes Notre-Dame.

Сустрэча распачалася святой Імшой, цэлебрацыю якой у старадыўняй нясвіжскай святыні ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

У прамоўленай гаміліі іерарх адзначыў, што сучаснаму чалавеку даступна шмат інфармацыі на любыя хрысціянскія тэмы, але асаблівую каштоўнасць усё адно мае простае сведчаннне жыцця.

Біскуп Касабуцкі звярнуўся да сужэнстваў руху з заклікам «не быць свечкай, якую хаваюць пад начынне, але паказваць прыгажосць свайго паклікання».

Другая частка сустрэчы распачалася дзяленнем аплаткай паміж сем’ямі і духоўнымі дарадцамі. У руху прыжылася і актыўна падтрымліваецца традыцыя малітвы сем’яў адна за адну на працягу года.

Падчас віншаванняў кожнае сужэнства актыўна шукала тых, за каго ім выпаў лёс маліцца на працягу бліжэйшага года.

Працягнула сустрэчу цікавая забаўляльная праграма, да удзелу у якой актыўна далучыліся не толькі дзеці, але і дарослыя. Арганізатары мерапрыемства, сем’і з Нясвіжа, падрыхтавалі цэлы шэраг творчых заданняў і цудоўную музычную праграму на роднай мове. Напрыканцы сустрэчы ўсе прысутныя з радасцю разам сустрэлі святога Мікалая, які падрыхтаваў для сем’яў i дзетак салодкія падарункі.

Аплаткавая сустрэча, як і кожная сустрэча сем’яў руху, пакінула шмат цёплых успамінаў. Сям’я Саладкевічаў падзялілася сваімі ўражаннямі ад супольна праведзенага ў Нясвіжы часу: «Было супер! Душэўна, весела і смачна. Дзякуй вялікі!

Мы вельмі радыя, што паехалі. Заўсёды ёсць спакуса застацца дома на канапе, але калі перамог гэтую спакусу, так выдатна, і адразу спачуваеш усім тым, хто не змог прыехаць…»

Дзякуючы такім сустрэчам удзельнікі руху сямейнай духоўнасці адчуваюць сябе адной вялікай сям’ёй, дзе кожны падтрымлівае адно аднаго, і ўсе разам ідуць да святасці, праслаўляючы Бога за гэтую ласку.

 

Абноўлена 17.01.2023 12:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа