Пошук

03.01.2023 12:21   Паводле: Ангеліна Пакачайла – «Слова Жыцця» / Grodnensis.by / Catholic.by

У першым нумары за 2023 год газета Гродзенскай дыяцэзіі «Слова жыцця» прапануе кароткі агляд галоўных падзей, што чакаюць сёлета Касцёл на Гродзеншчыне.

На партале Grodnensis.by адзначаецца, што бягучы год стане асаблівым для дыяцэзіі: 30 гадоў таму, у 1993 годзе, Папа Ян Павел ІІ зацвердзіў яе заступнікаў.

Галоўнай Апякункай была вызначана Маці Божая Вастрабрамская, а акрамя Яе апекунамі мясцовага Касцёла былі прызнаныя святы Казімір і святы Максімільян Марыя Кольбэ, святар і мучанік.

Сёлета Гродзенскую дыяцэзію таксама чакае шэраг падзей, пра якія гаворка ніжэй.

Падрыхтоўка да Сусветных дзён моладзі

Працягваецца падрыхтоўка маладых людзей да ўдзелу ў 37-х Сусветных днях моладзі, якія сёлета пройдуць у Лісабоне (Партугалія). Моладзь дыяцэзіі ўжо мела магчымасць паразважаць на малітоўных чуваннях на тэму СДМ, а таксама памаліцца афіцыйнай малітвай, якая перакладзена на беларускую мову. Паралельна з сустрэчай у Лісабоне, 5–6 жніўня запланавана агульнабеларуская сустрэча моладзі. Яна пройдзе ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе.

Ужо зацверджана ўступная праграма падрыхтоўкі да СДМ і каардынатар СДМ у Беларусі, а таксама зарэгістравана адна агульнабеларуская дэлегацыя моладзі: плануецца ўдзел каля 200 маладых людзей. Падрабязная праграма падрыхтоўкі і ўмовы удзелу будуць пададзены пазней.

«Сусветныя дні моладзі — гэта цудоўная магчымасць адчуць сябе адзінай сям’ёй маладога Касцёла, перажыць вялікую радасць ад сустрэчы з Папам Францішкам, які выходзіць да моладзі ўсяго свету, — гаворыць ксёндз канонік Антоній Грэмза, адказны за душпастырства моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. — Гэта заўсёды імпульс да самапазнання і заклік да будавання адносін з іншымі ва ўзаемнай любові».

Адкрыццё святліц дыяцэзіяльным Caritas

Як паведамілі ў Дабрачынным каталіцкім таварыстве Caritas Гродзенскай дыяцэзіі, пры падтрымцы партнёраў Caritas Лінц (Аўстрыя) і фонду Renovanis (Германія) на пачатку года запланавана адкрыццё двух святліц для дзяцей пры парафіях у Парэччы і ў Гродне (Дзевятоўка). Інтэграцыйныя пакоі ўжо абсталяваны неабходнай мэбляй і тэхнікай, і цяпер даўкамплектоўваюцца ўсім неабходным.

У Гродзенскай дыяцэзіі ёсць 12 такіх інтэграцыйных пакояў. У іх для дзяцей ладзяцца навучальныя, развівальныя, духоўныя, псіхалагічна-педагагічныя, гульнявыя і забаўляльныя заняткі ды мерапрыемствы.

«Кожны год пашыраюцца межы ўзаемадзеяння з рэгіянальнымі сацыяльнымі цэнтрамі, падтрымліваецца супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі і ўстановамі аховы здароўя, — адзначае дырэктар дыяцэзіяльнага Caritas ксёндз канонік Раман Рачко. — Наперадзе яшчэ шмат ідэй. Галоўнае — працаваць камандай, дыхаць аднымі мэтамі, натхняцца добрым, служыць патрабуючым».

Адкрыццё Дома пілігрыма ў Тракелях

Будынак для Дома пілігрыма быў набыты ў калгасе з аўкцыёна за сімвалічную плату ў 2020 годзе. Пасля рэканструкцыі па праекце ён хутка будзе ўведзены ў эксплуатацыю як жылое памяшканне. На цяперашнім этапе падводзяцца камунікацыі, усталёўваецца сантэхніка. Акрамя жылых пакояў, у будынку будзе дзейнічаць капліца. На другім паверсе размесціцца плябанія.

Дом пілігрыма святой Марты разлічаны на 25–30 месцаў. Акрамя яго, на тэрыторыі парафіі дзейнічае Дом пілігрыма святога Юзафа. Разам санктуарый будзе гатовы прыняць з прабываннем каля паўсотні гасцей.

«Маем надзею, што пры падтрымцы ахвярадаўцаў і ўсіх людзей добрай волі Дом пілігрыма святой Марты адкрые свае дзверы ўжо падчас сёлетніх урачыстасцяў», — гаворыць ксёндз канонік Юрый Бяганскі, кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

Свята цудатворнага абраза Маці Божай Тракельскай адзначаецца на дыяцэзіяльным узроўні з 1994 года па распараджэнні біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. З 1998 года на пачатку ліпеня ў санктуарый ладзяцца традыцыйныя пілігрымкі.

260-годдзе пабудовы касцёла ў Гудагаі

У 1763 годзе Людвіга Ганна Война з Сулістроўскіх і яе муж дзісненскі стараста Ян Война пабудавалі ў Гудагаі касцёл і двух’ярусны кляштар для кармэлітаў босых, якім даверылі апеку над славутым ласкамі абразом Маці Божай. У 2007 годзе цудадзейны абраз быў каранаваны папскімі каронамі. Падчас святкавання 250-годдзя з часу асвячэння касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі святыні быў нададзены тытул дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Шкаплернай.

«Запрашаем вернікаў на ўрачыстасці падзякі Богу за дар святыні, якія пройдуць 15 і 16 ліпеня, — гаворыць ад імя айцоў кармэлітаў босых, што нясуць служэнне ў Гудагаі, і мясцовых вернікаў пробашч гудагайскай парафіі айцец Аркадзь Куляха OCD. — Маем надзею, што да святкавання таксама далучацца біскупы, святары і кансэкраваныя асобы нашай краіны».

Урачыстае заканчэнне Першага Сіноду Гродзенскай дыяцэзіі

Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі працягваецца ўжо шосты год. У сувязі з пандэміяй і іншымі абставінамі яго дзейнасць была запаволена. На цяперашні момант сінадальнымі камісіямі ўжо апрацаваны рабочыя праекты, якія дапрацоўваюцца і яшчэ будуць дапоўнены меркаваннямі дэканальных камісій.

«На жаль, у працы Сіноду адчуваюцца розныя перашкоды, якія выкліканы недахопам супрацоўніцтва паміж духоўнымі і свецкімі асобамі, — адзначае ксёндз канонік Антоній Грэмза, адказны за Першы Сінод Гродзенскай дыяцэзіі. — Аднак мы вучымся разам ісці адной дарогай і сумесна адказваць за наш дыяцэзіяльны Касцёл.

Гэта новы досвед, які дапаможа сфармаваць падмуркі для развіцця душпастырства на нашых землях у кантэксце сучасных выклікаў. Галоўная задача — абудзіць у людзях адказнасць і энтузіязм у абвяшчэнні Евангелля, як да гэтага заклікае дэвіз Сіноду „Жыць Евангеллем“».

Пакуль Сінод яшчэ працягваецца, у вернікаў застаецца магчымасць уключыцца у яго працу (для гэтага неабходна запоўніць анкету). Урачыстае яго заканчэнне, з улікам падвядзення вынікаў прац камісій, плануецца ў лістападзе, калі Касцёл узгадвае заступніцу дыяцэзіі Маці Божую Вастрабрамскую, Маці Міласэрнасці.

Абноўлена 03.01.2023 13:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.