Пошук

07.12.2022 16:37   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

5 снежня ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе адбылася фармацыйная сустрэча маладых святароў Гродзенскай дыяцэзіі.

Адказны за фармацыю ксёндз канонік Павел Салабуда падзяліўся з Grodnensis.by:

«Фармацыйныя сустрэчы перш за ўсё даюць маладым святарам магчымасць адчуць супольнасць духавенства нашай дыяцэзіі.Такія сустрэчы вельмі патрэбныя, каб скарыстацца вольнай хвілінай і разам памаліцца, паразмаўляць на розныя тэмы, а ў першую чаргу — падзяліцца досведам душпастырства ў сваіх парафіях», — лічыць святар.

Як падкрэсліў ксёндз Павел, важнасць такіх сустрэч заключаецца таксама ў тэалагічнай і душпастырскай фармацыі, якая дапамагае маладым святарам асвяжыць у памяці пэўныя тэмы, а акрамя таго, узбагаціць свае душпастырскія ўменні.

У сустрэчы ўдзельнічалі адзінаццаць маладых святароў, якія нясуць служэнне ў розных кутках Гродзенскай дыяцэзіі.

Мерапрыемства пачалося супольнай адарацыяй, была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання. Удзельнікі дзякавалі Маці Божай за дар паклікання, просячы аб Яе матчынай падтрымцы для кожнага з іх.

Кульмінацыйным пунктам сустрэчы стала Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз Салабуда. На пачатку Імшы святар заахвоціў усіх прысутных прасіць аб Божых ласках, патрэбных для таго, каб найлепшым чынам правесці час Адвэнту.

Гамілію прамовіў ксёндз Руслан Мазан пробашч лідскай парафіі, у якой адбывалася сустрэча.

Ён заклікаў маладых святароў заўсёды памятаць пра духоўнае развіццё, адзначыўшы, што «кожны з нас павінен быць духоўна моцным, каб перадаваць Хрыста іншым».

Таксама святар заахвоціў прысутных пабожна праводзіць Адвэнт, каб сустрэча з Езусам умацоўвала іх.

Пасля супольнага абеду пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB падзяліўся з удзельнікамі сустрэчы сваім досведам працы з моладдзю. Ён адзначыў, што сёння святар, з аднаго боку, павінен проста быць з моладдзю, а з іншага — старанна прысвячаць сябе працы з ёю.

Прысутныя звярнулі ўвагу на тое, што варта прыкладваць больш намаганняў у працы з дзецьмі, якія прынялі Першую Камунію, бо з іх паступова можна выхаваць каталіцкую моладзь, здольную шмат зрабіць пры парафіі.

Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, наступная сустрэча маладых святароў дыяцэзіі адбудзецца ў 2023 годзе, на пачатку Вялікага посту.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця