Пошук

21.11.2022 16:51   Тэкст: Ганна Камкова / Фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

20 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, свой першы візіт у Магілёў здзейсніў Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч, якога суправаджаў саветнік Апостальскай нунцыятуры ў Мінску монсіньёр Джон Джон Каларакал.

На чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім і Генеральным вікарыем архідыяцэзіі біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB магілёўскія католікі прывіталі доўгачаканага госця ў старадаўняй катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава званамі, традыцыйным беларускім караваем, а таксама спевам Ecce Sacerdos Magnus — «Вось святар вялікі».

Са словамі прывітання звярнуўся да ўсіх напачатку Імшы адказны за Магілёўскі рэгіён біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх заўважыў, што візіт Апостальскага Нунцыя у горад на Дняпры праходзіць на фоне 30-годдзя з часу ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам.

«У вашай асобе сёння сярод нас прысутнічае сам Святы Айцец, Папа Францішак. Шчыра дзякую Вашай Эксцэленцыі за прынятае запрашэнне наведаць нас, каб не толькі сваёй прысутнасцю ўзбагаціць нас, але і праз скіраванае да нас слова дапамагчы духоўна ўзрасці, адкрыць нанава хрысціянскія каштоўнасці. Ужо цяпер ад імя нас усіх выказваю падзяку за садзеянне і прыкладзеныя намаганні з вашага боку як Апостальскага нунцыя, каб улады перадалі гэтую гістарычную святыню ў бязвыплатнае карыстанне магілёўскім католікам, якія дагэтуль павінны былі плаціць штомесячную арэндную плату. Няхай за ўсё вам Бог адддзячыць сваёй ласкай», — выказаў пажаданне біскуп Яшэўскі.

Вітаючы арцыбіскупа Станеўскага, дапаможны біскуп выказаў радасць ад таго, што арцыпастыр пажадаў асабіста прывітаць Апостальскага нунцыя ў магілёўскай катэдры. «Ваш візіт — заўсёды вялікая радасць для нас, святароў і вернікаў Магілёўшчыны, бо толькі ў еднасці са сваім біскупам мы зможам працягваць будаваць прыгожую дыяцэзіяльную супольнасць на багатай гісторыі нашых продкаў. Дзякую Вам за прысутнасць і за тое, што сваёй асобай паказалі важнасць сёняшняй падзеі. Таксама віншуем вас з атрыманнем палія Мітрапаліта і жадаем, каб ён не быў дадатковым цяжарам, але знакам хвалы і ласкі добрага пастыра», — сказаў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Нунцый Ёзіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой прамовіў гамілію, узгадаўшы напачатку гісторыю ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь.

«За апошнія 30 гадоў Каталіцкі Касцёл аднавіў і развіў свае структуры і разам з імі жадае працягваць сваю евангельскую місію праз падтрыманне дабрачыннай дзейнасці, міру, сацыяльнай справядлівасці і ўзаемапавагі ў беларускім грамадстве», — сказаў прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне.

Паводле яго, добрым вынікам сумеснай працы касцёльных і дзяржаўных уладаў стала перадача гістарычнай магілёўскай катэдры ў бязвыплатнае карыстанне католікам, якія дагэтуль павінны былі плаціць штомесячную арэндную плату.

Арцыбіскуп Ёзіч нагадаў прысутным аб тым, што ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету — гэта заклiк Бога да навяртання. «Бог заклікае нас пакінуць грэх і стаць на шлях любові да бліжняга», — падкрэсліў Апостальскі нунцый.

Ён таксама звярнуў увагу на сувязь Евангелля з сучаснасцю, са штодзённым жыццём: «Валадарства Хрыста — гэта Валадарства любові, праўды, справядлівасці і міру. Толькі гэтае Валадарства можа вырашыць праблемы сучаснага чалавека і сучаснага грамадства. Сёння мы ўсе запрошаныя прыняць удзел у гэтым Валадарстве Езуса; запрошаныя святкаваць каралеўскую годнасць нашага Пана, беручы свой крыж.

Чым больш Валадарства Хрыста будзе ўваходзіць у наш свет, у нашыя сем’і, школы, месцы працы і ўсе сферы чалавечага жыцця, тым менш будзе паміж намі спрэчак, войнаў, сварак.

Нарэшце, памолімся да Нябеснай Маці, Панны Марыі ў Яе цудатворным Бялыніцкім абразе, каб бараніла нашыя сем’і, усё беларускае грамадства, каб навучыла нас верна ісці за Езусам, каб стварыла свет, у якім будуць валадарыць сапраўдная любоў, узаемапавага, мір і бяспека для ўсіх, евангельская праўда і Божая справядлівасць. Навучы нас Маці, як любіць Бога і бліжняга», — завяршыў гамілію кароткім малітоўным заклікам прадстаўнік Святога Айца.

Напрыканцы Імшы вернікі цёпла падзякавалі нунцыю Ёзічу за сустрэчу з каталіцкай супольнасцю Магілёва.

Дзеці, сем’і, а таксама старэйшыя парафіяне выказалі добрыя словы нунцыю, а праз яго перадалі іх Папу Францішку.

Арцыбіскуп Станеўскі ў заключным слове выказаў сваю радасць ад таго, што Апостальскій нунцый наведаў старажытны Магілёў і «як сапраўдны пастыр моліцца, абвяшчае Божае Слова і ўмацоўвае братоў і сясцёр у веры на нашай зямлі». Не абмінуў Мітрапаліт і людзей сельскай гаспадаркі, чыё свята адзначалася менавіта ў нядзелю 20 лістапада. Ён падзякаваў за іх працу, за тое, «што маем хлеб і да хлеба», і пажадаў Божага благаслаўлення ў нялёгай, але вельмі патрэбнай грамадству дзейнасці.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.