Пошук

18.11.2022 14:14   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: vdsgrodna.by / instagram

З нагоды ўрачыстасці Пана Нашага Езуса Хрыста, валадара Сусвету, якая сёлета адзначаецца ў паўсюдным Касцёле 20 лістапада, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз Віталь Вайцяхоўскі кіруе ліст да вернікаў Касцёла ў Беларусі.

ЛІСТ РЭКТАРА
Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне
на ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету

Узлюбленыя браты і сёстры ў Хрысце Пану!

Сёння ў літургіі Касцёла перажываем урачыстасць Хрыста Валадара. Урачыстасць, якая заканчвае літургічны год і ў чарговы раз нагадвае нам праўду пра тое, што ўсё наша зямное жыццё, незалежна ад таго, дзе мы жывем, якія абавязкі і працу выконваем, які статус у грамадстве маем, скіравана да адной канкрэтнай мэты, якой з’яўляецца Божае Валадарства.

Сёння Езус Хрыстус паўстае перад намі як Валадар усяго сусвету; як той, хто з’яўляецца пачаткам і заканчэннем усёй рэчаіснасці, у якой мы знаходзімся. Валадарства Езуса Хрыста — гэта штосьці цалкам іншае, чым тое, да чаго прызвычаены сучасны чалавек. Яно не падобнае да валадарстваў, імперый і дзяржаў, якія ведае гісторыя чалавецтва — гэта тое, што перавышае ўсе магчымыя і даступныя для нас вобразы і ўяўленні. Асновай гэтага Валадарства не з’яўляюцца матэрыяльныя даброты, колькасць войска альбо плошча тэрыторыі, якая яму належыць. Яго асновай з’яўляецца тое, чаго нельга палічыць і адлюстраваць усімі даступнымі для нас адзінкамі вымярэння.

Валадарства Езуса Хрыста вымяраецца тым, чаго нам так часта нестае ў нашым людскім, зямным жыцці: дабрынёй, праўдай, справядлівасцю, супакоем, служэннем адно аднаму, узаемным прабачэннем і, урэшце, узаемнай любоўю.

Гэта якасці, пра якія сучасны свет не хоча памятаць, але яны так неабходныя людзям.

Калі пайсці далей, то з упэўненасцю можна сказаць, што сёння многія адказныя за зямное валадарства ўвогуле забываюць аб тым, што значыць дабро, супакой, любоў і павага. Гэта адбываецца не толькі на нейкім глабальным, паўсюдным узроўні. На жаль, гэта адбываецца таксама на індывідуальным, асабістым узроўні штодзённага жыцця многіх людзей. Такім чынам, праўда пра Божае Валадарства і пра Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, заахвочвае кожнага з нас асабіста адказаць на пытанні адносна таго, ці з’яўляецца Езус Хрыстус маім Валадаром, ці хачу я належаць да гэтага Валадарства і ці імкнуся я ў сваім штодзённым жыцці рэалізоўваць ўсё тое, што будзе сведчыць аб гэтай маёй праналежнасці?

Занураючыся ў вір штодзённасці і прыцягальнасці сучаснага свету, мы, на жаль, вельмі лёгка забываемся пра тое, кім з’яўляемся і як павінна выглядаць наша жыццё як хрысціяніна. Аднак сённяшняя ўрачыстасць нагадвае нам аб тым, што нашая прыналежнасць да Валадарства Езуса Хрыста павінна рэалізоўвацца ўжо цяпер. Менавіта сёння, як ніколі, з’яўляецца актульным зададзенае вышэй пытанне:

«Ці з’яўляецца Езус Хрыстус маім Валадаром?»

Хрыстус з’яўляецца нашым Валадаром менавіта тады, калі мы прымаем іерархію каштоўнасцяў, якую Ён прынёс; калі прымаем праўды, якія Ён абвяшчаў; калі вучымся глядзець на іншага чалавека так, як Ён глядзеў на кожнага, хто да Яго прыходзіў. Наша слова яшчэ не з’яўляецца сведчаннем прыналежнасці да Валадарства Езуса Хрыста альбо жаданнем належаць да яго ў будучыні. Менавіта наша штодзённасць павінна быць такім сведчаннем, нават калі гэта не заўсёды атрымліваецца. У сучасным свеце, у нашым грамадстве, у нашых сем’ях, у асяроддзі, у якім мы знаходзімся кожны дзень, асабліва важным з’яўляецца імкненне ўжо сёння паказаць прыналежнасць да Божага Валадарства і тое, што Езус Хрыстус з’яўляецца нашым Валадаром не з нейкага прымусу, а з асабістага выбару. Так, гэта не проста. Нам патрэбна дапамога іншых. І вельмі важна ўсведамляць, што мы не пакінутыя самі сабе ў рэалізацыі гэтага задання; што ёсць тыя, на чыю дапамогу мы можам разлічваць.

У кантэксце сённяшняй урачыстасці і сённяшняга разважання хацелася б узгадаць, што традыцыйна ў гэты дзень у нашым мясцовым Касцёле асаблівым чынам мы молімся ў інтэнцыі семінарыстаў духоўнай семінарыі ў Гродне, а таксама аб новых і святых пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця ў нашай Бацькаўшчыне і ва ўсім свеце. Гэтая тэма і ў сучаснасці з’яўляецца вельмі актуальнай.

Урачыстасць Хрыста Валадара з’яўляецца для нас чарговай нагодай дзякаваць Добраму Богу за больш чым трыццацігадовае існаванне Духоўнай семінарыі ў Гродне, адкуль выйшла больш за 220 святароў, якія нясуць душпастырскае служэнне не толькі ў нашай краіне, але таксама за яе межамі. Аднак разам з падзякай хочацца ў чарговы раз нагадаць словы Езуса Хрыста: «Прасіце Пана жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 38). Гэты заклік заўсёды будзе актуальным, таму што надалей актуальнай застаецца місія, якую Езус Хрыстус пакінуў Касцёлу, а менавіта абвяшчэнне Божага Валадарства і ўказанне шляху, які вядзе да збаўлення.

У чарговы раз варта нагадаць, што святарскае пакліканне — гэта Божы дар, які дадзены не толькі канкрэтай асобе і датычыцца толькі яе: гэта дар усяму Касцёлу; дар, за які кожны з нас нясе адказнасць.

Святы Ян Павел ІІ у апостальскай адгартацыі Pastores dabo vobis выразна пісаў, што ўся касцёльная супольнасць з’яўляецца адказнай за кожнае пакліканне — ад паўсюднага Касцёла да Касцёла мясцовага і, больш за тое, ажно да парафіі і да кожнага прадстаўніка Божага народа (пар. PDV 41). Новыя святарскія пакліканні выходзяць з нашых парафій, з нашых сем’яў, з нашага акружэння. Таму лагічна, што пакліканні будуць мець добрую глебу для ўзрастання толькі тады, калі ў нашых парафіях, у нашых сем’ях і штодзённым асяроддзі мы будзем ствараць адпаведныя ўмовы для тых, хто чуе голас паклікання да святарства; калі святарства не будзе ўспрымацца толькі як «прафесія», якая ў ХХІ стагоддзі ўжо не з’яўляецца вельмі актуальнай і прыбытковай.

Узлюбленыя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Менавіта пры дапамозе гэтых думак у чарговы раз хачу нагадаць сабе асабіста і кожнаму з вас, што справа паклікання да святарства і яго ўзрастання з’яўляецца і павінна быць клопатам кожнага з нас: рэктара, выхаваўцаў у семінарыі, пробашча, вікарыя, катэхэтаў, нашых сем’яў, парафіяльных супольнасцяў.

Сёння асаблівым чынам хачу заахвоціць усіх вас да малітвы ў інтэнцыі новых пакліканняў, а разам з тым да малітвы за тых, хто, пачуўшы голас паклікання, пайшоў за ім і сёння рыхтуецца да Хрыстовага святарства, каб у будучыні, пасля адпаведнай падрыхтоўкі, быць тым, хто будзе весці нас шляхам да Божага Валадарства, шляхам да збаўлення; хто сваім уласным прыкладам будзе паказваць каштоўнасць жыцця, якое адпавядае Божым запаведзям і запаведзі любові.

Хачу вас заахвоціць і прасіць аб малітве ў інтэнцыі семінарыстаў нашай Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Гродне, каб яны вытрымалі ў сваім пакліканні і ў будучыні былі вернымі і шчырымі святарамі, якія дапамогуць нам на шляху да збаўлення і да Божага Валадарства.

Разам з тым ад усяго сэрца хачу падзякаваць за духоўную і матэрыяльную дапамогу, якую вы аказваеце нашай духоўнай семінарыі, за малітву і іншыя духоўныя практыкі, за ахвяры і розныя дары, дзякуючы якім наша ўстанова можа існаваць і рыхтаваць будучых святароў. Наша семінарыйная супольнасць моліцца ў інтэнцыі кожнага з вас, давяраючы Добраму Богу ўсе вашыя штодзённыя справы і абавязкі.

Няхай Добры Бог кожнаму адддзячыць і кожнага благаславіць.

Ксёндз Віталь Вайцяхоўскі
Рэктар МВДС у Гродне

Гродна, 20 лістапада 2022 г.

Абноўлена 18.11.2022 14:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця