Пошук


28 кастрычніка вернікі невялічкай парафіі святого Юды Тадэвуша ў Вішневе (Гродзенская дыяцэзія, Смаргонскі дэканат) адзначылі урачыстасць свайго нябеснага апекуна.

Сёлетні фэст меў сваю адметнасць. Напачатку пробашч вішнеўскай парафіі ксёндз Антоній Казлоўскі перад усімі прысутнымі вернікамі і святарамі прамовіў вызнанне веры і, трымаючы ў руках кнігу Святога Пісання, даў дэканскую прысягу.

Прысутны на ўрачыстасці Біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства Смаргонскай акругі Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Юзаф Багдзевіч прыняў і пасведчыў гэтую прысягу.

Дэканатам называецца адміністрацыйная адзінка ў каталіцкім Касцёле, якая складаецца з некалькіх (часам больш за дзясятак) суседніх парафій. На чале дэканату стаіць дэкан — святар, які ўзначальвае давераны яму ў апеку дэканат. Яго выбіраюць з ліку парафіяльных святароў, якія ўваходзяць у склад дадзенага рэгіёну. Гэты выбар павінен быць адобраны дыяцэзіяльным біскупам. На гэтую пасаду дэкан прызначаецца на пэўны тэрмін, зазвычай, на пяць гадоў.

Абавязкі дэкана — гэта перш за ўсё каардынаваць і кантраляваць пастырскую дзейнасць святароў у межах свайго дэканату.

Пасля цырымоніі прыняцця пасады пробашч папрасіў Біскупскага вікарыя ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы, падчас, якой да вернікаў са словам Божым звярнуўся дырэктар парталу Сatholic.by ксёндз доктар Аляксандр Улас.

Узгадваючы асобу апекуна парафіі святога Юды Тадэвуша, які лічыцца апекуном у безнадзейных справах, святар заўважыў, што канчаткова безнадзейных сітуацый у жыцці сапраўды веруючых людзей не існуе.

«Нават тады, калі ёсць пагроза для жыцця, чалавек веруючы ведае, куды належыць звяртацца і дзе шукаць дапамогі. Асабліва тады, калі не хапае адвагі супрацьстаяць усім жыццёвым выпрабаваннем», — сказаў ксёндз дырэктар.

«Прыдомак Тадэвуш можна перакласці як „адважны“, а імя Юда азначае „хвала Богу“. Сёння мы просім нашага нябеснага апекуна, каб і нам быць адважнымі ў нашай штодзённасці, асабліва калі зло і грэх пагражае нашым сем’ям і нашым душам. Просім, каб Пан Бог уліў у нашае сэрца адвагу супрацьстаяць як вялікім, так і нязначным страхам і праслаўляць Бога нават у цяжкіх жыццёвых абставінах», — падкрэсліў ксёндз Аляксандр Улас.

 

Абноўлена 29.10.2022 12:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа