Пошук

05.10.2022 15:27   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Павел Догель / Grodnensis.by

1 кастрычніка ў Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне з удзелам біскупаў адбылася ўрачыстая цырымонія пачатку новага навучальнага года.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у гэты дзень семінарыя ўжо ў 33-і раз прыняла маладых людзей, якія праз чалавечую, інтэлектуальную, духоўную і пастырскую фармацыю хочуць прысвяціць сябе выключнаму служэнню Богу і Касцёлу ў святарстве.

На святочнай цырымоніі прысутнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, святары, сёстры законныя, свецкія супрацоўнікі семінарыі, бацькі семінарыстаў.

З прывітальным словам ад імя старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча выступіў біскуп Касабуцкі.

Звяртаючыся да семінарыстаў, іерарх падкрэсліў, што важна адказна адносіцца да місіі, якую пакінуў Езус Хрыстус і якая заключаецца ў тым, каб быць Яго сведкамі для сучаснага чалавека.

Прэфект семінарыі ксёндз Ян Раманоўскі прадставіў прысутным справаздачу за мінулы навучальны год, багаты на падзеі, якія спрыялі атрыманню ведаў, і на розныя душпастырскія практыкі, якія праходзілі семінарысты.

Традыцыйна адбылася інаўгурацыйная лекцыя, з якой сёлета выступіў выкладчык маральнай тэалогіі і біяэтыкі ксёндз Андрэй Лысы TChr.

Святар прадставіў адну з важных маральных праблем сучаснасці ў выкладзе на тэму: «Быць экспертам у душпастырскім распазнаванні. На прыкладзе дыялогу з гендарнай ідэялогіяй».

Святар прапанаваў сабраным кіравацца евангельскай любоўю, а таксама мудрасцю Касцёла, каб паспрабаваць зразумець ахвяраў гендарнай ідэалогіі, уступіць з імі ў дыялог і прыйсці да канкрэтных практычных высноваў.

Па словах дакладчыка, гэты дыялог і спроба паразумення маюць тры напрамкі: распазнанне крыніцы і сутнасці гендарнай ідэалогіі, маральная ацэнка ў святле вучэння Касцёла, высновы і практычнае прымяненне ў адносінах да душпастырскіх кантэкстаў.

На заканчэнне ўрачыстай цырымоніі да прысутных звярнуўся рэктар семінарыі ксёндз канонік Віталій Вайцяхоўскі.

Святар адзначыў, што жыццё дае шмат разнастайных прапановаў, але семінарысты выбіраюць шлях таго, каб быць сведкамі Езуса.

Звяртаючыся да студэнтаў семінарыі, святар падкрэсліў, што сёння ўсё менш гучыць голас Бога, таму выбар гэтага шляху вельмі важны.

Рэктар адразу перасцярог іх, што гэты шлях не належыць да лёгкіх, бо на ім будуць і радасць, і смутак, заклікаўшы ніколі не губляць ахвоты з-за цяжкасцяў глядзець наперад з надзеяй і даверыцца Богу.

Урачыстая цырымонія завяршылася ўручэннем заліковак студэнтам першага курса, якія толькі пачынаюць вучобу ў семінарыі, пасля чаго семінарыйная супольнасць сабралася на святую Імшу ў касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабэрнардынскім).

Падчас Эўхарыстыі адбылося благаслаўленне сутан для студэнтаў трэцяга курса, якія ў гэты дзень упершыню апранулі духоўнае адзенне.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа