Пошук

03.10.2022 17:27   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: кс. Дзмітрый Дубовік / Catholic.by

1 кастрычніка, у першы дзень ружанцовага месяца, у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе распачалася вялікая навэнна духоўнай падрыхтоўкі да 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай.

Нагадаем, што, паводле рашэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ад кастрычніка 2022 года да чэрвеня 2023 года ўключна, а гэта значыць на працягу дзевяці першых субот гэтых месяцаў, у Будславе адбываецца асаблівая малітва — вялікая дзевяцімесячная навэнна.

З раніцы першай суботы кастрычніка пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік вітаў у часткова адноўленай пасля пазалеташняга пажару базыліцы пілігрымаў з розных мясцін Беларусі, пераважна з Мінска. Усяго на пачатак вялікай навэнны ў Нацыянальным санктуарыі сабралася каля паўтысячы вернікаў.

Гонар распачаць навэнну меў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Перадусім заслужаны іерарх прадставіў увазе прысутных даклад на тэму «Праз Ружанец — да ўкаранавання Марыі ў нашых сэрцах».

«Сёння мы распачынаем прысвечаны святому Ружанцу месяц кастрычнік.

Божы Провід так распарадзіўся, што акурат сёння распачынаецца навэнна перад святкаваннем юбілею 25-годдзя каранацыі папскімі каронамі цудадзейнага абраза Божай Маці Будслаўскай — Каралевы Беларусі», — заўважыў напачатку арцыбіскуп Кандрусевіч, дадаўшы, што ў праграме навэнны нездарма прадугледжана ружанцовая малітва, якая «дапаможа нам лепш зразумець яе сэнс, пашырыць культ Ружанца і нанава адкрыць яе значэнне».

Далей арцыпастыр пазнаёміў сабраных у Будславе з тэалогіяй ружанцовай малітвы, а таксама распавёў пра, хіба што, найбольш распаўсюджаны ў Касцёле малітоўны рух — ружанцовыя колы, або так званы «жывы Ружанец». Акрамя таго, іерарх правёў паралель паміж 25-годдзем каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай і пятай хвалебнай таямніцай Ружанца — укаранаваннем Найсвяцейшай Панны Марыі. Асаблівую ўвагу арцыбіскуп звярнуў пры гэтым на старадаўнюю касцёльную традыцыю ўшанавання Багародзіцы як Маці і Каралевы.

«Каранацыя выяваў Марыі не павялічвае Яе годнасці, але з’яўляецца знакам удзячнасці за апеку над Божым народам і развівае Яе культ. Аб гэтым вельмі добра сведчыць каранаваная папскімі каронамі цудадзейная ікона Божай Маці Будслаўскай як Каралева Беларусі.

Ні пандэмія каранавірусу, ні грамадска-палітычны крызіс, ані пажар у Будслаўскай святыні не паменшылі Яе культу. Наадварот, у апошні час мы з’яўляемся сведкамі голаду спаткання з Божай Маці, аб чым сведчаць масавыя пілігрымкі, малітвы і іншыя пастырскія ініцыятывы, якія рэалізуюцца ў Будслаўскім санктуарыі», — падкрэсліў іерарх.

Свой даклад арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў малітоўным пажаданнем: «Няхай распачатая сёння навэнна перад святкаваннем срэбнага Юбілею каранацыі абраза Божай Маці Будслаўскай яшчэ раз пацвердзіць нашу пашану і давер да Яе. Як на працягу мінулых больш чым чатырох стагодзяў Яна была нашай надзеяй, такой ёсць сёння і застанецца ў будучыні. <…> Марыя, мы — Твае і ўсё, што маем, — Тваё. У складаны час нашай гісторыі, кіруй намі і выкарыстоўвай так, каб праз Ружанец нашае жыццё наблізіла Тваю перамогу дабра над злом».

Пасля дакладу перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай адбылася супольная малітва Фацімскага Ружанца, а потым — святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч. У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх падкрэсліў духоўнае значэнне вялікай навэнны. «Падчас яе мы будзем дзякаваць Марыі за апеку над намі, перапрашаць за грахі і недасканаласці, а таксама прасіць благаслаўлення на будучыню ў новы час, які нясе шмат выклікаў», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Іерарх выказаў спадзяванне, што гэтая навэнна «стане новым імпульсам у развіцці культу Марыі і таксама дзейснага хрысціянскага жыцця і яго сведчання.

Арцыпастыр заклікаў вернікаў «паставіць усё на Марыю, а Яна як наша духоўная Маці, насуперак секулярным тэндэнцыям сучаснасці, будзе весці нас шляхам духоўнага ўдасканалення, каб у цэнтры нашага жыцця быў Езус — адзіны Збаўца свету ўчора, сёння і ва ўсе часы, і каб мы і наша краіна ў вачах Бога былі благаслаўлёнымі».

У агульнай малітве падчас Эўхарыстыі заслужаны іерарх узнёс да Бога праз заступніцтва Марыі просьбу аб як найхутчэйшым аднаўленні дзейнасці касцёла святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвонага касцёла).

На заканчэнне Эўхарыстыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, перад якім вернікі праспявалі Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі і атрымалі Эўхарыстычнае благаслаўленне.

У парафіяльным Доме пілігрыма для ўсіх прысутных быў падрыхтаваны пачастунак, пасля чаго а трэцяй гадзіне ўсе зноў сабраліся ў касцёле на супольную малітву Вяночка да Божай Міласэрнасці. Тут жа арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў усе рэлігійныя прадметы, а пасля заканчэння малітоўнай сустрэчы ўдзельнікі атрымалі заключнае благаслаўленне.

Абноўлена 05.10.2022 15:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа