Пошук

01.07.2022 13:58   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі, Кс. Дзмітрый Дубовік / Catholic.by

Як кожнае свята, ніводная рэлігійная ўрачыстасць не абыходзіцца без кветак. Catholic.by даведаўся пра тое, як упрыгожвалі да Будслаўскага фэсту касцёл і палявы алтар.

У першы дзень сёлетняга фэсту, які адбываецца ў Будславе 1 і 2 ліпеня, усярэдзіне будслаўскай святыні мала што нагадвае пра леташні пажар. Толькі на скляпеннях застаюцца чорныя пісягі сажы, і цэнтр касцёла загароджаны і закрыты для знаходжання там люзей.

Зноў адкрытая пасля рамонту святыня выглядае асабліва ўрачыста дзякуючы прыгожым кампазіцыям з кветак.

Яны аздабляюць цэнтральны алтар з цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай, бочныя алтары, а адзін букет знаходзіцца проста пад нядаўна ўмацаваным купалам, на самым цэнтры агароджанай прасторы.

У бочных навах схаваныя ад пякучага ліпеньскага сонца кветкі, якія бліжэй да вечара аздобяць палявы алтар, дзе будуць адбывацца ўрачыстыя цэлебрацыі.

Уся гэтая прыгажосць была створана напярэдані фэсту рукамі фларыстаў-валанцёраў з Мінска і Заслаўя. Не адну гадзіну ім давялося правесці за карпатлівай працай складання букетаў для Нябеснай Матулі, Маці Божай Будслаўскай, на Яе свята.

Інэса Загалавец з мінскага касцёла Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі, Галіна Гэй са сталічнай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі і іх паплечніцы Кацярына Атрошчанка з Заслаўя, Марына Качарава з Заслаўя, Таццяна Свабодзіна з Заслаўя, Вольга Мельнік з Мінска і Тэрэза Касцюкевіч з Заслаўя старанна расстаўлялі розныя кветкі, складаючы з іх гарманічныя рознакаляровыя кампазіцыі.

У гэтых кампазіцыях можна ўбачыць практычна ўсю квецень, што цяпер буяе ў кветніках, садах і на палях Беларусі: садовыя ружы, лілеі, гваздзікі, дэльфініюмы, півоні, а таксама лубіны, званочкі, васількі і рамонкі і яшчэ шмат іншых кветак. Копія абраза Маці Божай Будслаўскай, якую ўвечары будуць несці ў працэсіі, аздоблена толькі белымі ружамі — сімвал чысціні і выключнасці Божай Абранніцы.

«Усе гэтыя кветкі ахвяравалі мясцовыя жыхары.

Няма ніводнай куплёнай кветкі — усё людзі прынеслі ў дар Маці Божай, каб упрыгожыць касцёл і алтар на свята, — дзеліцца Галіна Гэй. — Відаць, што гэта даўняя традыцыя, перанятая яшчэ ад прабабуль, якая тут, у Будславе, працягваецца ўжо не адно пакаленне. Людзі вельмі любяць Марыю, любяць свой касцёл, і таму хочуць зрабіць свята як мага больш прыгожым. Гэта іх сціплая і шчырая ахвяра, якая ідзе ад сэрца».

Валанцёры-фларысты скончылі сваю працу толькі ўвечары. Некаторыя з жанчын, завяршыўшы працу з кветкамі, далучыліся да пілігрымак, каб разам з іншымі вернікамі пешкі прыйсці ў Будслаў на свята Маці Божай, якое яны самі дапамаглі падрыхтаваць.

Абноўлена 01.07.2022 14:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.