Пошук

13.06.2022 10:10   Фота: Кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

11 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях на супольную малітву падзякі Богу сабраліся дзеці, якія сёлета прыступілі да Першай святой Камуніі.

Цэлебрацыю святой Імшы для маленькіх вернікаў з розных парафій Гродзенсккай дыяцэзіі ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Вітаючы дзяцей, заслужаны іерарх выказаў радасць, што сёлета так шмат хлопчыкаў і дзяўчынак упершыню прынялі Езуса ў свае сэрцы.

«Першая камунія — гэта свята дзіцяці, сям’і і парафіі. У санктуарыі Маці Божай Тракельскай яно становіцца дыяцэзіяльным», — падкрэсліў арцыбіскуп.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр звярнуў увагу на тое, што «Марыя з’яўляецца нашай духоўнай Маці і вядзе нас да свайго Сына, каб Ён сваёй ласкай прабываў у нашых сэрцах і нам дапамагаў».

«Дзякуючы за дар Першай святой Камуніі, дзеці становяцца перад Марыяй з верай, што Яна іх не пакіне і будзе весці да свайго Сына, каб Ён быў частым госцем у іх душах, умацоўваў духоўна і дапамагаў», — адзначыў іерарх. Ён дадаў, што паколькі Эўхарыстыя з’яўляецца цэнтрам і вяршыняй сакрамэнтальнага жыцця Касцёла, урачыстасць першай Камуніі — гэта нагода для таго, каб належным чынам падрыхтавацца да частага поўнага ўдзелу ў святой Імшы.

«Гэта таксама адпаведны час, каб задумацца над тым, якое сведчанне мы даем нашым блізкім. Езус корміць нас хлебам вечнага жыцця, а мы павінны дзяліцца з іншымі хлебам гасціннасці і ўзаемнай любові», — настаўляў дзяцей арцыбіскуп.

Ён заўважыў, што Тракельскі санктуарый скіроўвае нашую ўвагу на евангельскую падзею адведзінаў Марыяй святой Альжбеты.

«Тут мы вучымся згаджацца з Божай воляй, каб быць шчаслівымі, бо Божы закон дадзены нам не для таго, каб мы яго змянялі, але каб ён нас унутрана перамяняў. Тут мы вучымся спяшацца з дапамогай іншым», — зазначыў арцыпастыр.

Ён звярнуў увагу дзяцей і ўсіх прысутных на тое, што на тракельскім абразе Маці Божай знаходзіцца святы Казімір — малады чалавек, які адзначаўся Марыйнай і Эўхарыстычнай пабожнасцю і з’яўляецца прыкладам трывалай веры і цнатлівага жыцця для сучаснай моладзі.

Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў малітвай: «Марыя, Божая Маці Тракельская, міласціва глянь на гэтых дзяцей, суправаджай іх на жыццёвым шляху і дапамагай, каб сталі сучаснымі святымі Казімірамі і ў змроку сучаснасці не згубілі дарогі да Касцёла, дзе іх у Эўхарыстыі, іншых сакрамэнтах і Божым слове чакае Езус — адзіны Збаўца свету ўчора, сёння і ва ўсе часы».

Абноўлена 13.06.2022 10:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця