Пошук

28.05.2022 10:36   Кс. Францішак Рудзь / Catholic.by

26 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося адкрыццё выставы «100 рарытэтаў: ад гістарычных кніжных збораў да сучасных арт-кніг».

Па благаслаўленні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзэфа Станеўскага ад Каталіцкага Касцёла на мерапрыемстве прысутнічалі Біскупскі вікарый для Мінскага рэгіёна ксёнзд канонік Ян Крэміс і пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску ксёнзд канонік Францішак Рудзь.

Выстава, адкрытая ў Нацыянальнай бібліятэцы, прысвечана гісторыі фармавання фонду гэтага найбольшага ў краіне кнігазбору і дэманструе самыя значныя і каштоўныя ўзоры беларускай і сусветнай кніжнай спадчыны, назапашанай за стогадовую гісторыю бібліятэкі.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі была заснавана 15 верасня 1922 года як Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка. Яна ўваходзіла ў склад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, утворанага годам раней. З моманту заснавання яна выконвала ўсе функцыі галоўнай бібліятэкі Беларусі. Першым дырэктарам бібліятэкі стаў Іосіф Сіманоўскі, які ўзначальваў яе амаль 40 гадоў. Пастановай СНК БССР ад 14 мая 1926 года бібліятэка была выведзена са складу БДУ і рэарганізавана ў Беларускую дзяржаўную бібліятэку.

Стваральнікі выставы прадэманстравалі эвалюцыю кнігі ў гісторыі чалавецтва. Тут можна ўбачыць кнігі на розных матэрыялах: пачынаючы з гліняных таблічак, пальмавых лістоў, пергаміну і заканчваючы паперай, а таксама кнігі розных форм — ад сувоя да кодэкса.

На выставе прадстаўлена ўнікальная калекцыя рукапісаў і друкаваных выданняў XV – пачатку XXI стагоддзя, якая пачала фармавацца адначасова з заснаваннем бібліятэкі ў 1922 годзе. Экспазіцыя знаёміць наведвальнікаў з калекцыямі рукапісаў, інкунабул, палеатыпаў, старадрукаў XVI–XVIII стагоддзяў, рэдкіх кніг XIX – пачатку XXI ст. У яе аснову ўвайшлі былыя магнацкія і шляхецкія бібліятэкі, бібліятэчныя зборы розных устаноў, прыватныя кніжныя зборы вядомых дзеячаў культуры, мастацтва і навукі. Характэрна, што шэраг экзэмпляраў экспануецца ўпершыню.

За сваю 100-гадовую гісторыю бібліятэка значна папоўніла свае фонды. Пачаўшы з 60 тысяч адзінак захоўвання, сучасны фонд бібліятэкі налічвае звыш дзесяці мільёнаў экзэмпляраў.

Касцёл у Беларусі з’яўляецца актыўным удзельнікам мерапрыемстваў, канферэнцый, круглых сталоў, арганізаваных Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

У межах мерапрыемстваў прадстаўнікі Касцёла неаднаразова перадавалі ў фонд бібліятэкі кнігі, выдадзеныя Каталіцкім Касцёлам у Беларусі.

 

 

Абноўлена 28.05.2022 10:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця