Пошук

21.02.2022 13:08   Паводле: Вікторыя Філіпенка / Catholicnews.by / Фота: Марына Сінкевіч / Catholicnews.by

19 лютага святары, кансэкраваныя асобы і вернікі сабраліся ў Росіцы, каб ушанаваць памяць бласлаўлёных мучанікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча.

Узначаліў сёлетнія зімовыя ўрачыстасці ў росіцкім санктуарыі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Як нагадвае сайт Catholicnews.by, Росіца — гэта асаблівае месца беларускай зямлі, дзе амаль 80 гадоў таму падчас нялюдскай карнай аперацыі ад рук нацыстаў загінула шмат бязвінных людзей. Нашыя суайчыннікі згарэлі тут жыўцом, прыняўшы пакутніцкую смерць.

Сярод іх былі і два святары — марыяне Юрый Кашыра і Антоні Ляшчэвіч. Яны мелі магчымасць пазбегнуць страшнай смерці, зберагчы сваё жыццё, але ў хвіліну жудаснага выпрабавння не пакінулі сваіх вернікаў.

Як добрыя пастыры, яны засталіся са сваёй паствай, каб падрыхтаваць яе да сустрэчы з Панам. Верныя Хрысту, свайму пакліканню і словам Евангелля, благаслаўлёныя засталіся вернымі да канца.

Штогод у памяць пра гэты подзвіг святарскага самаахвяравання ў Росіцу прыбываюць пілігрымы, узносячы свае малітвы праз заступніцтва благаслаўлёных Юрыя і Антонія. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, пандэмію, далёкую адлегласць, сёлета ў Росіцу прыбылі пілігрымы з розных куточкаў Беларусі: Мінска і Глыбокага, Полацка і Жодзіна, Оршы, Верхнядзвінска і іншых мясцін. Усе яны разам маліліся на святой Імшы, цэлебрацыю якой у росіцкай святыні ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на прыярытэце духоўных каштоўнасцяў у чалавечым жыцці.

«Людзі нашай зямлі, праяўляючы духоўны гераізм, ратавалі чалавека. І гаворка ідзе не толькі пра жыццё тут, на зямлі. Святары ратавалі людскія душы, каб, стаўшы перад Панам, яны маглі атрымаць жыццё вечнае.

Чалавек, які будуе жыццё без Бога, зруйнуе яго. Больш таго: чалавек, будуючы жыццё без Бога, з часам пачынае руйнаваць жыццё другога чалавека.<…> Гераізм і прыклад бласлаўлёных мучанікаў менавіта ў тым, што яны засталіся; засталіся, каб людзі, што апынуліся ў касцёле, перажыўшы страшную трагедыю, мелі магчымасць паяднацца з Богам.

Сярод клопатаў штодзённасці, на якім месцы стаіць нашая душа? Ці памятаем мы, што яна ўвогуле ў нас ёсць, што яна патрабуе клопату пра сябе?

Ці памятаем мы, што нашая душа патрабуе „ежы“? Чым „кормім“ мы нашую душу сёння?..» — запрасіў паразважаць прысутных біскуп Алег Буткевіч.

Пасля Імшы ўдзельнікі ўрачыстасці скіраваліся на месца мучаніцкай смерці благаслаўлёных марыянаў, дзе падчас Другой сусветнай вайны было жорстка абарвана зямное жыццё больш за паўтары тысячы людзей.

Спяваючы Літанію да ўсіх святых, пілігрымы і духавенства ўзносілі свае малітвы да Бога. На пляцы мучаніцтва пасля кароткай прамовы і малітвы вернікі ўшанавалі крыж і запалілі знічы на ўспамін аб загінулых тут людзях.

 

Абноўлена 21.02.2022 15:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця