Пошук

04.02.2022 07:08   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

«Па просьбе святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў, асабліва моладзі, Сінадальная камісія пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі пастанавіла працягнуць час Сінадальнай кансультацыі да канца лютага», — піша ў спецыяльным паведамленні Старшыня згаданай камісіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Глыбокапаважаныя святары і кансэкраваныя асобы,
дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану,
шаноўныя сябры,

З 17 кастрычніка гэтага года ва ўсіх дыяцэзіях нашай Айчыны распачаўся дыяцэзіяльны этап Сіноду Біскупаў на тэму: «На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія», які будзе доўжыцца да красавіка 2022 года.

З 29 лістапада 2021 года да 1 лютага 2022 года праводзілася Сінадальная кансультацыя ў дыяцэзіях. На першым этапе Сіноду практычны ўдзел усіх ахвотных — гэта адказ на пытанні Анкеты, вынікі якой будуць апрацаваныя дыяцэзіяльнай Сінадальнай камісіяй.

Па просьбе святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў, асабліва моладзі, Сінадальная камісія пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі пастанавіла працягнуць час Сінадальнай кансультацыі да канца лютага 2022 года.

На сёння ўдзел у Сінадальнай кансультацыі ва ўсіх дыяцэзіях узялі каля 120 асоб. На жаль, адносна агульнай колькасці вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, гэта вельмі маленькая група. Таму сардэчна прашу тых, хто не паспеў, і тых, хто яшчэ мае такое жаданне, як найхутчэй далучыцца да дыяцэзіяльнага этапу Сіноду Біскупаў і адказаць на прапанаваныя ў анкеце пытанні.

На час удзелу ў дыяцэзіяльным этапе Сіноду Біскупаў жадаю святла і дару мудрасці Духа Святога,

Аляксандр Яшэўскі SDB
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі,
Старшыня Сінадальнай камісіі пры ККББ

Спосаб правядзення Сінадальнай кансультацыі наступны:

  • На партале Catholic.by створана асобная рубрыка Сінод 2023, дзе змешчана ўся даступная інфармацыя пра дыяцэзіяльны этап Сіноду Біскупаў у дыяцэзіях Беларусі.
  • Анкета складзена на беларускай, рускай, польскай і англійскай мовах. Спампаваць анкету можна ніжэй:
  • Створаны паштовыя скрыні для магчымасці даслаць анкеты ў фармаце Word.
  • Існуе магчымасць запаўнення анкеты ў фармаце Google для карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў і сацыяльных сетак.
  • Вялікая просьба да ксяндзоў пробашчаў раздрукаваць некалькі копій анкеты і размясціць іх ў адпаведным месцы ў касцёле. Старэйшым парафіянам, пры неабходнасці, належыць дапамагчы запоўніць анкету і даслаць адказным у дыяцэзіях.
Абноўлена 04.02.2022 08:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа