Пошук

09.11.2021 16:43   Паводле: pcd.by / Catholic.by

Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя
пад будаўніцтва касцёла ў Баранавічах

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры Баранавіцкага рэгіёна!

Хачу падзяліцца з вамі радасцю ад таго, што 13 лістапада а 12-й гадзіне ў горадзе Баранавічы ў мікрараёне Тэкстыльны па вуліцы Тэкстыльнай, 28 (каля хлебазавода) адбудзецца ўрачыстае благаслаўленне вуглавога каменя і цэлебрацыя першай святой Імшы на месцы будаўніцтва новага касцёла Божай Міласэрнасці і Маці Божай Вастрабрамскай.

Варта ўзгадаць, што на тэрыторыі гэтай парафіі ў мінулым, у міжваенны перыяд, ужо існавала каталіцкая супольнасць і капліца Маці Божай у раёне цяперашняй пажарнай станцыі.

Тут у юнацкія гады маліўся будучы кардынал Казімір Свёнтэк, які жыў непадалёк. У касцёле ў гэтай мясцовасці ён прыняў сакрамэнт канфірамацыі з рук Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага.

Але ваеннае ліхалецце і пазнейшыя атэістычныя часы не дазволілі баранавіцкім католікам актыўна развіваць сваё духоўнае жыццё і пры капліцы Маці Божай, і пры незавершаным будаўніцтве новага касцёла, на фундаментах якога была пабудавана тэкстыльная фабрыка.

Але Божы Провід ніколі не пакідаў жыхароў Баранавічаў і распарадзіўся так, што з Божай волі нанава адрадзілася каталіцкая супольнасць у той частцы горада, якую цяпер ахоплівае мікрараён Тэкстыльны. На хвалу Божую і збаўленне душ людскіх адроджаная каталіцкая супольнасць распачала будаўніцтва парафіяльнай святыні Божай Міласэрнасці і Маці Божай Вастрабрамскай пад кіраўніцтвам свайго пробашча ксяндза Паўла Рудзьмана.

Запрашаю ўсіх святароў, кансэкраваных асоб, свецкіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі на нашу супольную радасную ўрачыстасць — першую святую Імшу на месцы, дзе будуецца новы касцёл, і дзе будзе закладзены памятны вуглавы камень а 12-й гадзіне ў суботу 13 лістапада.

Няхай наша супольная прысутнасць і малітва стануць знакам падтрымкі гэтай адроджанай парафіі ў яе стараннях пабудаваць святыню дзеля хвалы Божай і збаўлення людзей.

З пастырскім благаслаўленнем,

✠ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 22 кастрычніка 2021 г.

Абноўлена 09.11.2021 16:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа