Пошук

01.10.2021 12:32   Фота: брат Корнэль Консэк SVD / Catholic.by

25 верасня ў катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах адбылося ўрачыстае распачацце новага навучальнага года.

Баранавіцкі каледж — старэйшая ў Беларусі афіцыйна зарэгістраваная навучальная ўстанова такога роду.

Навучанне ў ім дае цудоўную магчымасць не толькі пашырыць свае тэалагічныя веды, увайсці ў больш цесны кантакт з Богам, але таксама навучыцца дзяліцца гэтымі ведамі і верай з іншымі.

Урачыстасці распачаліся святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім святочную Эўхарыстыю цэлебравалі Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, канцлер Курыі Пінскй дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка, былы дырэктар навучальнай установы ксёндз Юрый Пракапюк і яго наступнік на гэтай пасадзе ксёндз Павел Рудзьман.

Эўхарыстыю пастыр Пінскай дыяцэзіі цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх тых, хто ўтварае супольнасць гэтай навучальнай установы: адміністрацыі, выкладчыкаў, навучэнцаў і выпускнікоў. У гаміліі , прамоўленай ксяндзом Андрэем Рылкам, быў акрэслены кірунак навучання, асвячэння і служэння людзям. Святар нагадаў наказ Езуса апосталам: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню», каб узбагаціць сябе і тых, хто побач, хрысціанскімі каштоўнасцямі; каб зрабіць свет лепшым; каб стаць іскрынкай святла, якім з’яўляецца Езус Хрыстус.

Уручэнне дыпломаў выпускнікам — чаканыя хвіліны ў жыцці кожнага навучэнца.

Сёлета 15 выпускнікоў баранавіцкага катэхетычнага каледжа з рук біскупа Дзям’янкі атрымалі дыпломы, якія пацвярджаюць, што яны паспяхова завяршылі курс навучання паводле абранага профілю.

Сярод іх — катэхэт-арганізатар рэлігійнага турызму і адпачынку, тэолагі, катэхэты, сямейныя кансультатнты і кансультанты ў галіне залежнасцяў. Два выпускніка атрымалі дыпломы з адзнакай.

На першы курс залічаны дваццаць адзін чалавек: кожны з іх атрымаў студэнцкі білет і заліковую кніжку.

Для кожнага выпускніка і студэнта іерарх знайшоў цёплыя, кранальныя словы віншавання.

Афіцыйная частка цырымоніі распачацця навучальнага года завяршылася супольным спевам студэнцкага гімну Gaudeamus іgitur.

Выпускнікі каледжа падзякавалі былому дырэктару ксяндзу Юрыю Пракапюку і выкладчыкам за клопат, за атрыманыя веды, за атмасферу духоўнай цеплыні і адзінства, якая пануе ў каледжы. Словы падзякі прагучалі таксама з адрас супрацоўнікаў утульнага дома, у якім іх заўсёды чакала смачная ежа і цёплы прытулак для адпачынку.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.