Пошук

15.09.2021 13:31   Алена Пажога / Сatholicnews.by / Фота: Леанід Юрык / Сatholicnews.by

12 верасня ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі адбыўся парафіяльны фэст, на якім прысутнічаў ганаровы госць — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Па добрай народнай традыцыі шаноўнага іерарха парафіяне сустрэлі хлебам-соллю.

Як паведамляецца на Сatholicnews.by, на пачатку святой Імшы пробашч парафіі Аляксандр Грыцкевіч у прывітальным слове адзначыў, што гэты дзень значны і гістарычны для парафіянаў, бо арцыбіскуп Кандрусевіч упершыню наведаў парафію ў Верхнядзвінску.

Гэты цуд, па словах святара, стаў магчымым, бо і ён, і вернікі шчыра маліліся ў гэтай інтэнцыі.

Арцыбіскуп Кандрусевіч падзякаваў усім за малітоўную падтрымку, якую асабліва адчуваў падчас мінулагодніх выпрабаванняў, калі на працягу чатырох месяцаў не мог вярнуцца ў Беларусь.

У гаміліі заслужаны іерарх падкрэсліў важнасць падрыхтоўкі, асабліва духоўнай, да нараджэння кожнага дзіцяці, а таксама расказаў пра нараджэнне Дзевы Марыі, якую параўнаў з ранішняй зоркай, пра духоўнае выхаванне будучай Маці Збаўцы Яе бацькамі — святым Яўхімам і святой Ганнай. Арцыбіскуп выказаў занепакоенасць адносінамі да дару жыцця ў сучасным свеце, у сучаснай Беларусі, падаўшы трывожную статыстыку. Паводле прыведзеных ім звестак, за мінулы год насельніцтва Беларусі зменшылася на 60 тыс., а падчас абортаў было забіта 29 ты. дзяцей.

«Гэта сапраўдны генацыд беларускага народа, з якім нельга пагадзіцца. Трэба супрацьстаяць такім адносінам да чалавечага жыцця, будаваць адносіны на аснове Евангелля, на Божых запаведзях, на хрысціянскіх каштоўнасцях. Шчаслівую будучыню мы зможам пабудаваць, калі пабудуем адносіны з Богам. Нялёгка выконваць Божыя запаведзі, няпроста выконваць Божую волю, але гэта наш хрысціянскі абавязак», — падкрэсліў арцыпастыр.

На заканчэнне гаміліі ён заклікаў:

«Беларусь, калі хочаш быць вялікай, жыві паводле Божага закону! Беларусь, калі хочаш быць моцнай, барані жыццё!»

 

У працэсіі з дарамі да алтара верхнядзвінскія парафіяне прынеслі сэрца — сімвал сэрца, якое баліць за Беларусь, свечку, ружанцы, зробленыя рукамі міністрантаў, збожжа, хлеб і віно.

Паводле традыцыі, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося благаслаўленне зерня для сяўбы.

Пасля заканчэння святой Імшы старшыня парафіяльнай рады ад імя ўсіх вернікаў выказала словы падзякі шаноўнаму госцю і ўручыла букет руж. Ксёндз Аляксандр Грыцкевіч падараваў арцыбіскупу абраз святога Юрыя. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваю чаргу падзякаваў за цёплую сустрэчу і супольную малітву.

На закканчэнне прысутныя памаліліся Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі пры выстаўленным Найсвяцейшым Сакраманце. Пасля благаслаўлення пробашч запрасіў дзяцей і моладзь на салодкі пачастунак.

Абноўлена 15.09.2021 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця