Пошук

21.08.2021 20:06   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

21 жніўня, другі дзень урачыстасцяў Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе, распачаўся з моцнага дажджу.

Здавалася, што ўдзельнікаў чакае завяршэнне фэсту ў непагадзь пад парасонамі. Але дождж пачаў сціхаць, свінцовыя шэрыя хмары расступіліся, па нябесным блакіце пабеглі белыя баранчыкі аблокаў, і з-за іх пачало выглядаць яснае сонейка апошніх летніх дзянькоў.

Валадарка Азёраў, Унебаўзятая Каралева зямлі і нябёсаў, якая падчас працэсіі ўначы лагодна пазірала з вышыняў у серабрыстым месячным святле, удзень падаравала сабраным у Браславе вернікам сваю лагодную сонечную ўсмешку.

…І плыў насустрач гэтай нябеснай усмешцы Маці, што ззяла па-над неабсяжнымі абшарамі азёраў, алтар-карабель, сімвал пілігрымуючага па ўзбураных хвалях сучаснага свету Касцёла, а на ім здзяйснялася Эўхарыстычная ахвяра Хрыста, якога дала людзям усіх часоў і народаў Найсвяцейшая Панна Марыя.

Галоўную цэлебрацыю ў другі дзень фэсту Маці Божай Валадаркі Азёраў узначаліў найстарэйшы каталіцкі іерарх у Беларусі, Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец.

Вітаючы на пачатку Эўхарыстыі ўдзельнікаў урачыстасці, якія прыбылі ў Браслаў з розных куткоў краіны, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч звярнуў увагу на тое, што добрае надвор’е пасля дажджу, які стаў знакам абмыцця нашай зямлі ад усялякага бруду, — гэта таксама падарунак Нябеснай Матулі сваім дзецям.

«Мы сабраліся, каб спяваць Ёй гімн праслаўлення тут, у гэтым месцы, пры Яе цудоўным абразе, даручаючы Ёй, нашай Нябеснай Маці, нашае жыццё, наш лёс, лёс нашай краіны, жыццё кожнага з нас паасобку і ўсяго грамадства разам.

Перадусім хочам дзякаваць Ёй, а разам з Ёй і праз Яе Богу, нашаму нябеснаму Айцу, за тое, што не пакідае нас і адорвае шчодрымі ласкамі, трымае ў сваёй апецы; за тое, што ў гэты нялёгкі час нясе нас на сваіх руках», — сказаў пастыр Віцебскай дыяцэзіі і запрасіў біскупа Велікасельца ўзначаліць цэлебрацыю.

Перад тым, як яе распачаць, найстарэйшы беларускі іерарх адзначыў, што самым важным у свеце з’яўляецца менавіта святая Імша, Эўхарыстыя.

У пацвярджэнне гэтых словаў біскуп Велікаселец узгадаў знакавую падзею з часу сваёй вучобы ў Рыжскай духоўнай семінарыі, яшчэ ў гады атэістычнага савецкага рэжыму. Тады ён быў скіраваны на практыку ў браслаўскую парафію, дзе пробашчам быў ксёндз Чэслаў Вільчынскі, у якога ўлады забралі «справку» — дазвол на святарскае служэнне. Гэта адбылося падчас жніва, і вернікі Браслава і наваколля, разумеючы, што «не хлебам адзіным жыве чалавек», адмовіліся выходзіць на працу ў гэтую гарачую пару. Такім чынам яны паказалі, што ёсць Хлеб вечнага жыцця, які нашмат важнейшы за матэрыяльны хлеб і ўсе іншыя зямныя даброты. Такая рашучасць людзей прымусіла бязбожныя ўлады адступіць, і ў браслаўскім касцёле зноў загучала Божае слова і пачала цэлебравацца Эўхарыстыя.

«Бачыце, як вашыя бацькі і дзяды змагаліся за тое, каб была святая Імша, каб у іх было самае важнае, што толькі можа быць на зямлі», — адзначыў біскуп Велікаселец.

З Божым словам да прысутных звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ганаровы іерарх падзякаваў вернікам за салідарнасць і малітву за яго падчас вымушанага выгнання і пажадаў, каб рэха малітваў з Браслава, лунаючы па-над азёрамі, разносілася па ўсёй нашай роднай зямлі.

Арцыбіскуп заўважыў, што нават выкліканыя пандэміяй каранавірусу перашкоды і абмежаванні не спалохалі шанавальнікаў Багародзіцы і не знізілі папулярнасці ўрачыстасцяў Найсвяцейшай Панны Марыі, якія на працягу лета адбываліся ва ўсіх беларускіх дыяцэзіях.

«Гэта знак даверу нашага народа Божай Маці, якая няспынна клапоціцца пра нас. Гэта таксама знак надзеі на тое, што, беручы прыклад з Марыі і просячы Яе заступніцтва, мы зможам перамагчы ўсе складанасці нашага асабістага і грамадскага жыцця і будаваць сваю будучыню на падмурку вечна актуальных і жывых прынцыпаў Евангелля.

Смела можна казаць, што Марыйная пабожнасць — гэта наш нацыянальны духоўны „брэнд“, які дарагога каштуе», — выкарыстаўшы моднае сёння слова, сцвердзіў арцыпастыр.

Навочным пацвярджэннем яго словаў былі копіі цудадзейных абразоў Багародзіцы з васьмі найбольш вядомых беларускіх санктуарыяў, якія перэгрынуюць па ўсёй краіне і на ўрачыстасць Маці Божай Валадаркі Азёраў прыбылі ў Браслаў.

Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што сапраўдная веліч Марыі ў Яе пакорным выкананні Божай волі. «Згода з Божай воляй — гэта ключ да шчасця чалавека. Гэта ключ, які адкрывае шлях да вырашэння нашых асабістых і грамадскіх праблем», — дадаў іерарх. Гаворачы пра неабходнасць неадкладнага навяртання і выпраўлення жыцця, ён распавёў пра «сіндром жабы».

«Калі пасадзіць жабу ў начынне з вадой і паставіць на маленькі агеньчык, то напачатку жаба будзе задаволена: цёпленька, добра, утульна. Але вада награецца ўсё больш і больш, жаба інстынктыўна прыстасоўваецца да вышэйшай тэмпературы. Нарэшце, вада пачынае кіпець. Жаба больш не можа вытрымаць і хоча выскачыць з кіпеня, але ўжо не мае сіл, бо растраціла іх на прыстасаванне да навакольных умоваў. У выніку яна памірае.

Таксама і чалавек, які дапускае грэх і зло і не спяшаецца вырашаць свае праблемы, потым можа проста не мець на гэта сілаў і часу.

Праблемай сучаснага чалавека ёсць адсутнасць пачуцця сваёй грахоўнасці, што вядзе да трагедыі», — заўважыў арцыпастыр, дадаўшы, што «сучасны свет маральна хворы і пры гэтым не спяшаецца ў духоўную паліклініку, якой ёсць Касцёл; не спяшаецца да духоўнага лекара, якім ёсць Хрыстус». Ён адзначыў, што праз 35 гадоў пасля Чарнобыльскай катастрофы яшчэ больш небяспечнымі з’яўляюцца нступствы «духоўнага Чарнобылю» — адыходу ад сапраўдных маральных каштоўнасцяў.

«У сучаснай секулярнай культуры ўсё часцей выкарыстоўваецца як прыстаўка слова „пост-“, што азначае „пасля“. Еўропа называецца „постхрысціянскай“, свет — „постмадернісцкім“. Усё большай папулярнасцю карыстаюцца літаратура і фільмы „постапакаліптычнага“ жанру…

У гэты ланцуг духоўных анамалій сучаснасці ўпісваецца феномен „постпраўды“, калі грамадскую думку фарміруюць эмоцыі і асабістыя перакананні, а не аб’ектыўныя факты. Дарэчы, словам 2016 года стала слова „постпраўда“. Гэта азначае, што распачалася эпоха „постпраўды“.

Мы як хрысціяне павінны супрацьстаяць ёй і змагацца за праўду, бо <…> толькі праўда робіць чалавека свабодным, а жыццё — цнатлівым. Цнатлівае жыццё, у сваю чаргу, вядзе да шчасця і супакою ў грамадстве і свеце», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Алег Буткевіч, укленчыўшы перад копіяй цудудзейнага абраза Маці Божай Браслаўскай, прысвяціў Яе асаблівай апецы і абароне Віцебскую дыяцэзію і ўсю Беларусь.

На развітанне пастыр падзякаваў усім, хто так ці інакш прычыніўся да падрыхтоўкі і правядзення сёлетніх урачыстасцяў, асабліва адзначыўшы прысутных на Імшы прадстаўнікоў мясцовай улады на чале са старшынёй Браслаўскага райвыканкама Аляксандрам Баданіным, і запрасіў усіх на новую сустрэчу праз год, на фэст у гонар Валадаркі Азёраў 20 жніўня 2022 года.

 

Абноўлена 21.08.2021 23:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.