Пошук

22.07.2021 16:17   pcd.by

21 ліпеня ў Пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша ў дзясятую гадавіну смерці кардынала Казіміра Свёнтка. Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які раней звярнуўся да вернікаў з пастырскім лістом з гэтай нагоды.

Як паведамляецца на сайце Пінскай дыяцэзіі pcd.by, з пастырам мясцовага Касцёла Эўхарыстыю цэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Апостальскі адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, біскуп Юзаф Станеўскі з Гродна і біскуп Юрый Касабуцкі з Мінска.

Разам са святарамі, кансэкраванымі асобамі і шматлікімі свецкімі вернікамі з парафій Пінскай дыяцэзіі і іншых рэгіёнаў краіны на месцы пахавання кардынала памаліліся вернікі і святары Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў архімандрытам Сяргеем Гаекам.

Ва ўступе да літургіі біскуп Антоні Дзям’янка звярнуў вагу на значнасць постаці кардынала Казіміра Свёнтка і прыклад яго самаадданага жыцця як верніка і святара, без рэшты адданага служэнню Хрысту і Яго Касцёлу.

Іерарх таксама заахвоціў памятаць у малітве пра пахаваную напярэдадні спадарыню Барбару Шыманскую, якая ахвярна на працягу 65 гадоў дапамагала ў служэнні Казіміру Свёнтку і як шматгадоваму пробашчу ў Пінску, а пасля — як біскупу, мітрапаліту і кардыналу.

Пасля святой Імшы ўсе сабраныя памаліліся ў крыпце пінскай катэдры, дзе пахаваны кардынал Казімір Свёнтэк.

Абноўлена 22.07.2021 16:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа