Пошук

22.06.2021 11:10   Тэкст: Ася Паплаўская / Фота: Ася Паплаўская / eucharystki.wordpress.com

19 ліпеня пад кіраўніцтвам ксяндза Адама Квяткоўскага, сальватарыяніна, і сястры Ірыны Папакуль, эўхарысткі, група людзей з інваліднасцю наведала святыні ў Дрысвятах, Мілюнцах і Пагошчы на Браслаўшчыне.

Як адзначаецца на сайце супольнасці сясцёр эўхарыстак у Беларусі eucharystki.wordpress.com, сумесныя паездкі сясцёр эўхарыстак з дарослымі з Цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў, што пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Браславе, становяцца добрай традыцыяй. Раней мы распавядалі пра рэкалекцыі для людзей з інваліднасцю з наведваннем святыняў у Відзах, Далёкіх і Опсе.

Сёлета было вырашана працягнуць знаёмства з касцёламі Браслаўшчыны і прысвяціць суботу міні-падарожжу па прыгожым і багатым святынямі родным краі.

Прыемна, што ініцыятарам паездкі стаў пастаянны наведнік Цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў Іван Дзярук. Ён прапанаваў наведаць Дрысвяты, што на самай мяжы з Літвой, а сястра Ірына Папакуль з радасцю падтрымала яго ідэю і арганізавала паездку.

Першым пунктам, які наведала група з 16-і чалавек, стаў касцёл святых Пятра і Паўла ў вёсцы Дрысвяты. Тут вандроўнікі разам з вернікамі дрысвятскай парафіі ўдзельнічалі ў святой Імшы, якую цэлебравалі пробачш мясцовай парафіі ксёндз Іван Кароткін і ксёндз Адам Квяткоўскі SDS.

«Гэты касцёл пабудаваны без адзінага цвіка. Хутка яму 100 гадоў»

Пасля Літургіі і набажэнства да Сэрца Езуса з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнта ксёндз Іван Кароткін распавёў пра гісторыю прыгожай драўлянай святыні:

«Гэта чацвёрты касцёл, пабудаваны ў Дрысвятах.

У 1514 годзе на востраве Замак быў узведзены першы касцёл пад тытулам Нараджэння Панны Марыі, ён быў філіялам браслаўскай парафіі. Касцёл быў пабудаваны дзякуючы фінансаванню караля Жыгімонта Старога. У 1611 годзе на тым самым месцы быў узведзены новы касцёл. У пажары згарэлі замак і паселішча, але святыня ацалела.

У 1725 годзе пабудаваны касцёл ужо не на востраве, а на гэтым месцы, дзе мы цяпер знаходзімся. І ён меў тытул святых Пятра і Паўла. Адначасова з ім дзейнічаў і касцёл на востраве, які праіснаваў да ХІХ стагоддзя.

Храм на месцы, дзе мы цяпер, быў знішчаны ў часы Першай сусветнай вайны, пасля чаго быў распрацаваны праект гэтай святыні. У 1924 годзе архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі падрыхтаваў праект драўлянага храма, аналагаў якога няма ў Беларусі. Будаваў касцёл Лявон Дубейкаўскі два гады з 1927 да 1929 разам са сваімі 16–18-гадовымі вучнямі.

Ён вынайшаў арыгінальны спосаб будавання з дрэва: сцены касцёла складзены як канструктар, без адзінага цвіка! А калоны, якія цудоўна захаваліся ў амаль векавым будынку, з цэльнага дрэва. Некаторыя з іх да сёння «плачуць» смалой.

У гады Другой сусветнай вайны касцёл не быў зачынены, але яго закрылі ў часы камунізму, у 1963 годзе. У святыні зрабілі склад, яна была моцна пашкоджаная. Вярнулі касцёл вернікам толькі на пачатку 90-х гадоў. У 1991 годзе сюды прыйшлі служыць айцы салетыны і вярнулі парафіі жыццё.

 

Напрыканцы аповеду пра касцёл ксёндз Іван звярнуў увагу гасцей на абраз пакланення трох каралёў, што месціцца ў алтары: «Гэта копія абраза, які быў напісаны ў 1519 годзе. Арыгінал з’яўляецца каштоўным помнікам мастацтва і захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску».

На развітанне святар сардэчна запрасіў усіх ахвотных на адпустовую ўрачыстасць ў гонар святых Пятра і Паўла, якая адбудзецца ў парафіі 29 чэрвеня а 18-й гадзіне.

Выходзячы са святыні, вандроўнікі сустрэлі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча. Ён падзяліў іх захапленне краявідамі, што адкрываюцца з узвышша, на якім стаіць касцёл, а таксама патлумачыў паходжанне назвы вёскі Дрысвяты: «Тры святы, бо тут сустракаюцца тры „светы“: Беларусь, Літва і Латвія». Віцебскі біскуп благаславіў удзельнікаў паездкі на добрую дарогу, і група скіравалася ў вёску Мілюнцы, былыя Пеліканы.

«Хопіць кожнаму дню свайго клопату»

Тут удзельнікі вандроўкі наведалі пабудаваны з чырвонай цэглы ў 1907 годзе касцёл святога Якуба. Удзельніца паездкі Людміла Сінкевіч, тутэйшая парафіянка, распавяла, што гэтая святыня спазнала падобны лёс да касцёла ў Дрысвятах: «У савецкія часы яго зачынілі і зрабілі сховішча: захоўвалі ўсё: і зерне, і тэхніку… Шыбы былі выбітыя, нічога з інтэр’еру не засталося, касцёл моцна пацярпеў у часы нявер’я. Яго пачалі аднаўляць у 1990-я гады. Адрамантавалі ў 1994 годзе».

У касцёле са стрыманым інтэр’ерам, які часта бывае ў святынях, узведзеных у гатычным стылі, экскурсанты звярнулі асаблівую ўвагу на цікавы эўхарыстычны сімвал, выразаны на драўляным алтары: пелікан, які корміць сваім целам птушанятаў.

Менавіта гэты вобраз добра ілюструе былую назву вёскі Пеліканы, хоць названая яна так была па прозвішчы гаспадароў тутэйшага маёнтку Пеліканаў.

Людміла запрасіла ўдзельнікаў вандроўкі на абед да сваёй гасціннай матулі Галіны.

Пакуль чакалі кілбаскі з вогнішча, спявалі песні, праслаўляючы Пана Бога за жыццё, за людзей, якіх Ён даў, і за дзень, пражыты разам.

На гітары акампаніраваў Аляксандр Жураўскі, які самастойна навучыўся граць на некалькіх музычных інструментах.

Пад’еўшы, вандроўнікі супольна памаліліся адну таямніцу Ружанца і зрабілі фотаздымак на памяць каля карабля. Яго сваімі рукамі зрабіў старэйшы сын Галіны Аляксей (усяго ў яе 12 дзяцей!). Падзякаваўшы гаспадарам за гасціннасць, пачалі збірацца ў дарогу, хоць з’язджаць зусім не хацелася: у вялікай альтанцы так хораша было размаўляць і славіць Бога спевам, знаёміцца адно з адным… Але вандроўнікаў чакалі ў апошнім у гэты дзень пункце вандроўкі — у вёсцы Пагошча.

Ехалі, гледзячы на залітыя сонцам краявіды роднай Браслаўшчыны. Гэта была выдатная магчымасць паразважаць пра птушак нябесных і лілеі палявыя — вобразы, якія ў гэты дзень прапанаваў Езус у Святым Пісанні.

«Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам. Таму не клапаціцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтра само за сябе паклапоціцца. Хопіць кожнаму дню свайго клопату».

У Пагошчы ўдзельнікі групы наведалі касцёл Божай Міласэрнасці. У цені каля фігуры Сэрца Езуса іх чакаў пробашч парафіі ксёндз Славамір Самковіч. У адрозненне ад касцёлаў, якія былі наведаны раней, гэты зусім малады. Першы камень быў закладзены ў 1998 годзе, а завяршылася будаўніцтва святыні ў 2002 годзе. Парафія ж у Пагошчы існуе з 1560 года.

Вандроўнікі вярталіся ў Браслаў міма прыгожага мураванага касцёла ў вёсцы Опса, уздоўж прыгожых азёр і квітнеючых палёў, і ў галаве віравалі думкі: колькі яшчэ адкрыццяў хавае чароўная Браслаўшчына і як хочацца адкрываць гэтую прыгажосць і паказваць яе іншым!

Абноўлена 24.06.2021 19:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.