Пошук

13.04.2021 10:24   Паводле: Grodnensis.by / Фота: Баляслаў Гавецкі / Grodnensis.by / Catholic.by

10 красавіка ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі пры даўнім кляштары брыгітак адбылася юбілейная ўрачыстасць з нагоды 25-годдзя манаскага жыцця сястры Вольгі Данькоўскай, назарэтанкі.

Сястра Вольга доўгі час несла служэнне пры Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, дзе з любоўю і стараннасцю знаёміла са святыняй шматлікіх гасцей: пілігрымаў і турыстаў.

Сёння сціплую назарэтанку ведае мноства людзей у нашай краіне і далёка за яе межамі.

Як паведамляе Grodnensis.by, сястра Вольга Данькоўская CSFN паходзіць з парафіі святога Вацлава ў Ваўкавыску. На працягу чвэрці стагоддзя манаскага жыцця ў супольнасці сясцёр Святой Сям’і з Назарэта яна служыла ў многіх месцах Беларусі, а таксама ва Украіне. Яна ўжо завяршыла служэнне пры Будслаўскім санктуарыі і цяпер будзе працягваць служыць у Гродне.

На ўрачыстасці ў пабрыгіцкім касцёле сабраліся сёстры назарэтанкі, бацькі і родныя сястры Вольгі, святары і вернікі, якія пажадалі ў гэты дзень падтрымаць яе сваімі малітвамі і падзякаваць Богу за дар яе жыцця і служэння.

Урачыстую Імшу падзякі ўзначаліў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, які адразу пасля прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння быў вікарыем у роднай парафіі юбіляркі.

У гаміліі іерарх адзначыў, што кансэкраванае жыццё — гэта пакліканне да вернай паслухмянасці кожны дзень, а ісці за Езусам з’яўляецца не такім рашэннем, якое прымаецца толькі аднойчы, а штодзённым выбарам.

Звяртаючыся да сястры Вольгі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі падкрэсліў, што аднойчы яна адчула на сабе позірк Езуса, які запрасіў яе да дыялогу, на што яна адказала з раскрытымі абдымкамі і адважна прыняла дар Пана.

Біскуп заахвоціў назарэтанку нястомна дзякаваць за гэты дар і ласку Усемагутнаму Богу і не расставацца з Ім, бо Ён — крыніца надзеі.

На заканчэнне ўрачыстасці сястра Вольга выказала ў сваім слове ўдзячнасць Пану за ўсе атрыманыя ад Яго ласкі. Яна таксама шчыра падзякавала сваім бацькам за іх прыклад веры і малітоўную падтрымку, сёстрам з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, да якой яна належыць, святарам і ўсім прысутным.

Абноўлена 13.04.2021 11:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця