Пошук

02.04.2021 22:47   Тэкст: Валянціна Грамыка / Фота: Ірэна Ахрамовіч / Catholic.by

2 красавіка, у Вялікую пятніцу, Апостальскі Адміністратар sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Біскуп Казімір Велікаселец узначаліў набажэнства Мукі Пана ў мінскай архікатэдры.

У гаміліі іерарх засяродзіўся на падзеях, якія адбыліся больш за дзве тысячы гадоў таму, калі Езус Хрыстус прыняў крыжовую смерць дзеля адкуплення свету і перамогі над злом.

Як падкрэсліў біскуп Велікаселец, Езус нават на крыжы заставаўся «прыкладам любові». Побач з Сынам Божым на Галгоце былі яшчэ два ўкрыжаваныя, але, у адрозненні ад Яго, гэта былі злачынцы. Адзін з іх сумняваўся ў Боскасці Хрыста, другі ж з верай папрасіў узгадаць пра яго ў Божым Валадарстве. Ён пачуў «адказ любові: „сёння ж будзеш са Мной у раі“».

Апостальскі Адміністратар падкрэсліў, што следам за Хрыстом на неба трапіў і гэты грэшны чалавек.

У той жа час біскуп заклікаў да сумленнага жыцця, бо кожнага паміж смерцю і вечнасцю чакае Суд Божы. А Бог, як сцвердзіў іерарх, кожнага хоча бачыць у сваім Валадарстве.

 

На заканчэнне набажэнства пробашч мінскай архікатэдральнай парафіі ксёндз канонік Антоні Клімантовіч агучыў агульную інтэнцыю Папы Францішка на месяц красавік:

«Молімся за людзей, якія рызыкуюць сваім жыццём, змагаючыся за асноўныя правы там, дзе пануюць дыктатуры і аўтарытарныя рэжымы, а таксама ў дэмакратычных краінах, якія перажываюць крызіс».

Сёлета падчас набажэнства Мукі Пана ў Вялікую пятніцу ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй адарацыя святога Крыжа адбывалася без дотыку і з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі.

Абноўлена 03.04.2021 09:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа