Пошук

22.03.2021 11:10   Catholic.by

У нядзелю 21 сакавіка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле святога Юзафа ў Маладзечне.

Святочная цэлебрацыя з нагоды ўрачыстасці ў гонар апекуна парафіі адбылася з удзелам вялікай колькасці вернікаў.

У прамоўленай падчас Эўхарыстыі гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу на асобу святога Юзафа, нагадаўшы, што ў Касцёле працягваецца абвешчаны Папам Францішкам надзвычайны год, прысвечаны яго святому апекуну. Адзначыўшы, што пра абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі да нас дайшлі вельмі скупыя звесткі, іерарх звярнуў увагу на галоўную характарыстыку святога Юзафа, дадзеную яму ў Евангеллі: муж справядлівы.

«Справядлівы — найперш верны Божаму закону і даверанай яму місіі быць апякуном Святой Сям’і», — падкрэсліў пры гэтым арцыбіскуп, дадаўшы, што Юзаф быў другой асобай пасля Марыі, якой Бог аб’явіў таямніцу Богаўцелаўлення, а гэта сведчыць пра яго выключную ролю ў гісторыі збаўлення.

«Ён таксама быў чалавекам, які не клапаціўся пра сваю славу, але ў паслухмянасці Богу і ў служэнні Езусу і Марыі ўключыўся ў рэалізацыю Божага плану збаўлення чалавецтва. У Евангеллі мы не знойдзем ніводнага слова, сказанага святым Юзафам, але затое бачым яго як чалавека дзеяння. Яго можна заслужана назваць маўклівым слугою збаўлення», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Адзначыўшы, што ў сям’і мужчына з’яўляецца апекуном і ахоўнікам, ён звярнуў увагу на сучасны крызіс сям’і, а таксама на крызісы ў нашай агульнай сям’і, імя якой Беларусь, і ў сусветнай сям’і розных народаў.

Іерарх сцвердзіў, што толькі Бог можа вывесці людзей з гэтых крызісаў, але Ён пры гэтым дзейнічае праз людзей і праз сваіх святых. У сувязі з гэтым арцыбіскуп узгадаў Апостальскі ліст Папы Францішка Patris corde («Айцоўскім сэрцам»), у якім пастыр паўсюднага Касцёла паказвае святога Юзафа як чулага айца, які ніколі не пакідае сваіх дзяцей у бядзе.

«У наш час, калі ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бог не існуе, мы павінны звярнуць наш позірк на святога Юзафа — апекуна Касцёла, які адганяе злых духаў.

Настаў час святога Юзафа! Бог праз Папу Францішка хоча, каб мы звярнуліся да яго з просьбай аб дапамозе», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Ён растлумачыў, што сучаснаму свету неабходна заступніцтва святога Юзафа перш за ўсё для дапамогі ў абароне сям’і, якая знаходзіцца ў нябачаным дагэтуль крызісе, бо сёння многія страцілі ўсведамленне сям’і як Богам створанага адзінага і непарыўнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, нараджэння і выхавання патомства. Пры гэтым іерарх нагадаў, што ў сёлетнюю ўрачыстасць святога Юзафа ў Каталіцкім Касцёле распачаўся Год сям’і, а Касцёл у Беларусі адзначае 30-годдзе адраджэння сваіх іерархічных структур і ўстанаўлення Мінска-Магілёўскай мітраполіі.

«Касцёл у нашай краіне савецкім рэжымам ваяўнічага атэізму быў прызначаны на знішчэнне. З хрысціянскай зямлі хацелі зрабіць духоўную пустыню. Аднак нашыя продкі сваімі простымі малітвамі праз заступніцтва Марыі і святога Юзафа не толькі захавалі веру, але таксама перадалі яе маладому пакаленню. <…>

Сёння мы перажываем новыя часы ганенняў „у белых пальчатках“, калі прымаюцца нязгодныя з Божым парадкам законы, разбураецца традыцыйная сям’я, легалізуюцца аборты, што вядзе да генацыду народа, прапагуецца гендарная ідэалогія, дэмаралізуюцца сродкі масавай камунікацыі і культуры і г.д. З мэтай абароны сям’і, новага абвяшчэння Евангелля і адраджэння маральнасці жыццёва неабходна заступніцтва святога Юзафа», — лічыць арцыпастыр.

Сваю гамілію ён завяршыў кароткім малітоўным заклікам:

«Святы Юзэфе, наш духоўны апякуне, будзь з намі, нашым Касцёлам, які ўступае ў новы этап свайго жыцця. Будзь з нашымі сем’ямі і нашай Бацькаўшчынай у складаны час новых выпрабаванняў. Выпрасі ў Бога ласку заўсёды заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, не пакланяцца злому духу, а Богу, у якім наша шчаслівая будучыня», — маліўся разам з маладзечанскімі вернікамі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Абноўлена 06.12.2021 21:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця