Пошук

16.03.2021 13:31   Тэкст: Яўгенія Трапачова / Фота: Інэса Загалавец / Catholic.by

13 сакавіка ў Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля адбылася першая сустрэча навучэнцаў і выкладчыкаў з Апостальскім адміністратарам sede vacante Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Казімірам Велікасельцам.

На пачатку сустрэчы дырэктар каледжа Ксёндз Доктар Грэміяльны Канонік Ян Крэміс пазнаёміў іерарха з гісторыяй дзейнасці і вынікамі навучальнага і фармацыйнага працэсу навучальнай установы.

У сваёй прамове да навучэнцаў і выкладчыкаў каледжа біскуп Казімір Велікаселец засяродзіў увагу слухачоў на асаблівай ролі Святога Пісання і малітвы ў працэсе асабістага сталення веры, а таксама ў хрысціянскім выхаванні дзяцей і моладзі.

Абапіраючыся на словы літаратурных класікаў і навуковых дзеячаў, іерарх падкрэсліў вялікую ролю Божага Слова. Цытуючы Міхайлу Ламаносава, ён сказаў:

«Мне Бог даў дзве кнігі: гэты свет і Біблію. Гэты свет кажа мне пра мудрасць Бога, а Біблія прамаўляе пра любоў Бога і Яго святасць».

Біскуп Казімір нагадаў, што «Біблія — гэта кніга мудрасці, якая дае адказы на ўсе жыццёвыя пытанні». І яшчэ дадаў, што мы павінны памятаць, што нам пра Бога кажа і сумленне, бо гэта голас Бога ў нашай душы.

Працягваючы свае разважанні, пастыр паказаў каштоўнасць малітвы, бо яна суправаджае чалавека ад самага пачатку існавання:

«Праз малітву Бог адорвае кожнага сваёй жывой прысутнасцю».

Навучэнцаў вельмі зацікавіла, што паўплывала на рэлігійнае жыццё і выбар жыццёвага паклікання іерарха. Біскуп Казімір адказаў, што вялікі ўплыў у ягоным жыцці мела няспынная малітва бабулі і маці, а таксама ўрокі катэхізісу, якія выкладаў тата падчас дарогі да касцёла на ровары, што знаходзіўся на адлегласці 60 км.

З вялікай радасцю шаноўны госць распавядаў пра гісторыю свайго святарскага паклікання, а таксама пра ролю Маці Божай Вастрабрамскай, перад абразом якой пачуў: «Ідзі ў семінарыю»; узгадаў пра сем гадоў служэння ў Ішкалдзі і ў іншых месцах, куды Пан Бог яго скіроўваў.

Напрыканцы сустрэчы ўсе прысутныя атрымалі падарунак з рук біскупа Казіміра: кніжку «Христианская наука» і абразок з выявай Святой Сям’і.

Навучэнцы са свайго боку падзякавалі за цудоўную сустрэчу шаноўнаму госцю, узгадаўшы словы са Святога Пісання, што пастыр ведае сваіх авечак, а авечкі ведаюць пастыра. Біскуп Казімір заахвоціў навучэнцаў дзяліцца атрыманымі ведамі, а таксама сваёй верай.

Сутрэча скончылася благаслаўленнем, якое ўдзяліў усім прысутным біскуп Казімір Велікаселец.

Абноўлена 16.03.2021 13:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа