Пошук

17.02.2021 11:09   Кс. Сяргей Сурыновіч / Catholic.by
«Малітва ў таемнасці». Мастак Аляксандр Біда.Фрагмент гравюры

Доктар біблійнай тэалогіі і пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія) ксёндз Сяргей Сурыновіч прапануе разважанні на перыяд Вялікага посту для больш глыбокага і плённага перажывання часу падрыхтоўкі да велікодных святаў. Тэксты будуць публікавацца кожны дзень акрамя нядзеляў.

Папяльцовая серада

Мц 6, 1-6. 16-18

Кожны год у Папяльцовую сераду распачынаецца Вялікі пост. Гэты перыяд не толькі нагадвае нам пра муку, смерць і ўваскрасенне Хрыста, але і спрыяе нашай падрыхтоўцы да глыбокага і плённага перажывання перадвелікоднага часу.

Пад плённым перажываннем маецца на ўвазе ўсведамленне найвялікшай ласкі і дару ад Бога, прапанаваных Ім для нашага навяртання, духоўнага ўзрастання і святасці.

Гэты час вызначаны Божым Провідам для таго, каб мы яшчэ раз маглі глыбока ўсвядоміць: ахвяра Збаўцы адбываецца і рэалізуецца ў кожную хвіліну нашага жыцця — Хрыстус у гэты момант таксама церпіць і памірае за адкупленне свету і кожнага з нас асабіста.

У сённяшнім Евангеллі, якое з’яўляецца часткаю Хрыстовага нагорнага казання, гучыць заклік нас міласціны, малітвы і посту, а таксама акрэсліваецца іх глыбінны сэнс і характар.

Малітва

Малітва, рэгулярная і засяроджаная на еднасці з Богам, — першы і галоўны абавязак верніка.

У сённяшнім Евангеллі прапануецца дасканалы ўзор малітвы — глыбокай, унутранай, шчырай і асаблівым чынам скіраванай непасрэдна да Бога. Малітва павінна займаць цэнтральнае месца ў жыцці верніка.

Малітва — гэта сувязь любові, якая стварае асабісты саюз паміж Богам і чалавекам і робіць магчымай чулую даверлівую размову, што напаўняе чалавека, які моліцца, вялікай унутранай радасцю.

Малітва — гэта фундамент і аснова хрысціянскага жыцця.

Пост

Пост — гэта не толькі абмежаванне сябе ў ежы, але і адмаўленне чалавека ад негатыўных схільнасцяў і залежнасцяў, гатоўнасць разарваць з грахом, дрэннымі звычкамі, абмежаванне ўласнага камфорту і выгодаў дзеля ўласнага ачышчэння і ўдасканальвання, што заслугоўвае сапраўднай узнагароды Айца.

Такі пост дапаможа навесці парадак у сэрцы, прынясе плён на карысць перамены чалавека да добрага, раскрые яго сэрца для Божай ласкі і любві.

Міласціна

Яна даецца не таму, што бедныя людзі маюць у ёй патрэбу. Чын міласціны — далікатны і поўны клопату акт справядлівасці да бліжняга, час прысвячэння сябе бліжняму, чын любові і сардэчнасці.

Служэнне бліжнім — гэта акт любові, што ўзвялічвае чалавечую каштоўнасць. Кожны добры ўчынак неабходны дзеля таго, каб у поўнай меры напоўніць нашае жыццё (пар. Тоб 12, 9) сапраўдным хрысціянствам. Ацаніць належным чынам годнасць іншага чалавека азначае ўбачыць ў ім вобраз Хрыста, вучнямі і паслядоўнікамі якога мы з’яўляемся.

«Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).

Перыяд Вялікага посту — напамін верніку пра абмежаванасць яго жыцця, якое з’яўляецца бесперапыннай вандроўкай да жыцця вечнага. Час посту — гэта своеасаблівыя дзверы, адчыненыя для нас у чарговы раз Божай любоўю і міласэрнасцю. Уваход у гэтыя дзверы праз малітву, пост і міласціну — яшчэ адзін шанц да нескажонага, сапраўднага жыцця ў Богу і павелічэння хрысціянскіх цнотаў.

Выкарыстаем жа яго!

Абноўлена 17.02.2021 15:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.