Пошук

23.09.2020 12:07   Фота: кс. Ігар Лашук / Catholic.by

21 верасня ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі распачалася перэгрынацыя фігуры святога Арханёла Міхала, які з'яўляецца галоўным нябесным апекуном Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Гэта ўжо чацвёртая катэдра, якую наведала фігура пасля прабывання ў Гродне, Пінску і Віцебску.

У складанай сітуацыі ўсведамляючы адказнасць за будучыню, якая ляжыць на кожным, да вернікаў Касцёла і ўсіх людзей добрай волі звяртаецца наш пастыр арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, заахвочваючы ў верасні прасіць Бога ў адмысловай малітве праз заступніцтва Арханёла Міхала ў інтэнцыі Беларусі, спынення эскалацыі канфлікту і хутчэйшага вырашэння крызісу.

Запрашаем жыхароў Мінска ўвайсці прынамсі на хвіліну ў святыню, каб, стоячы перад фігурай Арханёла, прасіць яго зберагчы нашу Бацькаўшчыну ад усялякага зла.


Малітва да святога арханёла Міхала за Айчыну


Заступнік наш, святы арханёле Міхале, абаронца Касцёла і магутны правадыр войска нябеснага, прыйдзі нам на дапамогу ў нашых патрэбах і вызвалі ад небяспекі душы і цела, якім пагражаюць духі цемры. Твая любоў і моц, святы арханёле, большыя, чым іх беззаконне і шкадлівасць. Калі яны спакушаюць нас на абразу Бога, май ласку стрымліваць нас ад граху. Калі яны сеюць сярод нас нязгоду, ты як анёл супакою і адзін з князёў Горняга Сіёна май ласку захаваць нас і ўмацаваць у еднасці. Калі яны расстаўляюць перад намі сеткі нявернасці, адварочвай нашыя сэрцы ад іх пасткаў і дапамагай нам распазнаваць усялякія іх подступы. Тваёй абароне давераны ўвесь Касцёл. Сцеражы яго ў нашай Айчыне ад падзення і ратуй ад замахаў непрыяцеляў, каб Божая хвала пашыралася і ўзрастала. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


Малітва да святога арханёла Міхала, апекуна Беларусі


Святы арханёле Міхале, князю войскаў анёльскіх! Прыйдзі на дапамогу людзям, якім пагражае сіла цемры. Яны ж былі створаныя на падабенства Божае, адкупленыя праз жыццё, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста, Сына Божага, прызначаныя на святыню Божую, каб прабываў у іх Дух Святы.

У табе, святы Міхале, Касцёл мае свайго абаронцу і апекуна, ты вядзеш збаўленых да нябеснага шчасця. Прасі Бога аб спакоі, каб перамог уладу сатаны, сейбіта хаосу, і каб не дазволіў трымаць людзей у няволі і шкодзіць Касцёлу. Няхай Беззаганная Панна, апранутая ў сонца Каралева анёлаў, праз цябе струшчыць галаву антыхрысту і абароніць сваіх зямных дзяцей ад яго варожага ўплыву.

Святы арханёле Міхале, абаронца хвалы Найвышэйшага, занясі нашыя просьбы да Бога і выпрасі для нас Яго міласэрнасць. Беражы нас у змаганні супраць спакусаў і пастак злога духа, будзь нам абаронаю. Князю войска нябеснага, моцаю Божаю скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце. Паспрыяй, каб мы праз усю вечнасць былі вернымі твайму закліку «Хто ж як Бог!» Амэн.


Малітва да святога арханёла Міхала аб супакоі


Святы Міхале, анёле супакою, сыдзі з вышыні нябёсаў у нашыя дамы. Няхай спыняцца ўсе войны, знікнуць іх прычыны і балючыя наступствы, а сярод нас запануе радасны супакой. Як галодны прагне ежы, так мы хочам супакою. Ты — пераможца бунту і аднаўляльнік Божага парадку. Твая вялікая справа з’яўляецца плёнам супакою, а не вайны. Захоўвай жа дні нашыя ад ваеннага ліхалецця. Прынясі суцяшэнне туды, дзе яшчэ дагэтуль тлеюць агні звадаў. Дапамажы нам распазнаць тое, што сапраўды служыць супакою. Укажы шлях да сапраўднага і поўнага міру: у нас саміх, паміж людзьмі і народамі.

С.: Заклікаем цябе, заступіся за нас!
Н.: Заступіся за нас!

Магутны арханёле, сыдзі найперш у глыбіню нашых сэрцаў. Прынясі ў іх супакой, які з’яўляецца супакоем сумлення, супакоем з Богам. О, калі б кожны чалавек зразумеў, што гэтая найвялікшая каштоўнасць, якая можа замяніць усялякае іншае дабро, а сама нічым не можа быць замененая, натуральным чынам паходзіць ад выканання Божых запаведзяў, ад падпарадкавання Божай волі! Дапамажы нам, святы Міхале, выконваць волю нашага Пана так дасканала, як выконваеш яе ты сам і падпарадкаваныя табе анёлы. Падтрыманыя гэтым, мы пераможам спакусы сатаны, які руйнуе ўстаноўлены Богам парадак.

С.: Заклікаем цябе, заступіся за нас!
Н.: Заступіся за нас!

Сыдзі, ахоўнік Божага ладу, у дамы нашых сем’яў. Тут варожыя сілы парушаюць згоду паміж бацькамі і дзецьмі, а таксама паміж самімі дзецьмі. У цяжкасцях і бязладдзі зямнога жыцця з хатняга агменю многіх сем’яў знікла атмасфера лагоды і гармоніі, еднасць паміж сужэнцамі і поўная пашаны прывязанасць дзяцей да бацькоў. Умілаваны наш заступнік, аднаві супакой у сем’ях, умацуй яго і будзь на варце Божых законаў, якія заўсёды актуальныя. Будзь у іх апораю бацькоўскай улады, падмуркам і захавальнікам сапраўднага аўтарытэту.

С.: Заклікаем цябе, заступіся за нас!
Н.: Заступіся за нас!

Урэшце, сыдзі ў такія вялікія дамы, якімі з’яўляюцца нашыя парафіі, вёскі, гарады і народы. Напоўні і гэтыя дамы Божым супакоем. Асвяці іх гаспадароў, кіруй іх намерамі, суціш у нашых супольнасцях прагу выказваць незадаволенасць з кожнай нагоды, з’яднай усіх іх удзельнікаў братэрскімі повязямі. Учыні, каб наша краіна была месцам супакою. Адары поўным супакоем увесь свет; няхай усе народы дыхаюць жаданаю свабодаю.

С.: Заклікаем цябе, заступіся за нас!
Н.: Заступіся за нас!

Нягледзячы на мірныя дамовы і пагадненні, у свеце пануюць разлад, звады і нянавісць. Жах наводзіць сумная перспектыва новай ваеннай разрухі з бесчалавечным гвалтам, стогнамі ў вяз­ніцах, плачам у лагерах, голадам, папялішчамі, масавым знішчэннем лю­дзей. Якія жудасныя плады пажынае нянавісць! Святы арханёле, ты з’яўляешся ваяром Бога любові. Як толькі нянавісць пачне злачынствамі падпальваць свет, разбураць яго і спапяляць, праяві сваю пераможную моц. Віноўніка ўсялякага неспакою — нянавісці, расколаў, нязгоды, бязбожнасці і амаральнасці — моцна скуй і скінь у падземную прорву.

С.: Заклікаем цябе, заступіся за нас!
Н.: Заступіся за нас!

Валадар перамогі, просім цябе, учыні, каб зноў споўніліся словы Аб’яўлення: «Міхал і ягоныя анёлы змагаліся з цмокам. Ваяваў цмок і ягоныя анёлы, але не перамаглі…» (Ап 12, 7–8). Святы Міхале, анёле супакою, сыдзі з нябесных вышыняў у нашыя дамы і шчасліва правядзі нас да вечнай айчыны. Амэн.
Малітва аб перамозе дабра

Абаронца зняважаных Божых законаў, падтрымай нас у змаганні за перамогу дабра ў свеце. Сатана, непрыяцель Бога, спрадвечны праціўнік праўды і дабра здрадлівымі ілюзіямі распальвае чалавечыя жарсці, ловіць душы ў расстаўленыя пасткі і сцягвае іх на дно згубы. Колькі ж душаў жыве, не ведаючы Бога і сваіх абавязкаў адносна Яго!

С.: Святы Міхале, першы абаронца Хрыстовага Касцёла!
Н.: Маліся за нас.

Колькі людзей, нягледзячы на тое, што ведаюць Бога, грашаць недапушчальнаю абыякавасцю. Дзеці не маюць пашаны да іншага чалавека, ім не хапае паслухмянасці і нават любові да бацькоў; моладзь часта гоніцца за зманлівымі чарамі пачуццёвых задавальненняў, і ў выніку хвілінныя прыхамаці разбіваюць сем’і. Сужэнцы разыходзяцца, парушаючы дадзеныя Богу святыя абяцанні.

С.: Святы Міхале, першы абаронца Хрыстовага Касцёла!
Н.: Маліся за нас.

Злачыннасць павялічваецца; добрае імя бліжняга і чалавечае жыццё страцілі сваю вартасць. Дзеці адной Маці­Айчыны жывуць у нязгодзе. У свеце не гасне полымя войнаў. Мы ўсведамляем, што прычынаю гэтых бедаў, няшчасцяў і паражэнняў з’яўляюцца неўтаймаваная чалавечая прагавітасць, хцівасць і пажадлівасць. А падступны дух цемры распальвае іх для таго, каб загубіць сяброў Божых.

С.: Святы Міхале, першы абаронца Хрыстовага Касцёла!
Н.: Маліся за нас.

З малітоўніка «Хто ж як Бог!», выдавецтва «Про Хрысто», 2018.


Вяночак да святога арханёла Міхала


С.: Божа, прыйдзі мне на дапамогу.
Н.: Пане, паспяшы да мяне на паратунак.
С.: Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому,
Н.: Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды і на векі вечныя. Амэн.
С.: Святы арханёле Міхале, дапамагай нам у змаганні са злом,
Н.: Каб мы ацалелі на Апошнім Судзе.

На ўшанаванне Хору Серафімаў:
Праз заступніцтва святога арханёла Міхала і нябеснага Хору Серафімаў запалі ў нас, Пане, полымя дасканалай любові. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… (3 разы)

На ўшанаванне Хору Хэрубімаў:
Праз заступніцтва святога арханёла Міхала і нябеснага Хору Хэрубімаў удзялі нам, Пане, ласку адрачэння ад граху, каб мы крочылі шляхам хрысціянскай дасканаласці. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… (3 разы)

На ўшанаванне Хору Тронаў:
Праз заступніцтва святога арханёла Міхала і нябеснага Хору Тронаў улі, Пане, у сэрцы нашыя дух сапраўднай і шчырай пакоры. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… (3 разы)

На ўшанаванне Хору Панаванняў:
Праз заступніцтва святога арханёла Міхала і нябеснага Хору Панаванняў дай нам, Пане, ласку панавання над нашымі пачуццямі і адхілі ад нас дрэнныя жаданні. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… (3 разы)

На ўшанаванне Хору Валадарстваў:
Праз заступніцтва святога арханёла Міхала і нябеснага Хору Валадарстваў захавай, Пане, душы нашыя ад пастак і спакусаў злога духа. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… (3 разы)

На ўшанаванне Хору Магуццяў:
Праз заступніцтва святога арханёла Міхала і нябеснага Хору Магуццяў дай нам, Пане, перамогу ў спакусах і збаў ад злога. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… (3 разы)

На ўшанаванне Хору Княстваў:
Праз заступніцтва святога арханёла Міхала і нябеснага Хору Княстваў напоўні нас, Пане, духам сапраўднай і шчырай паслухмянасці. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… (3 разы)

На ўшанаванне Хору Арханёлаў:
Праз заступніцтва святога арханёла Міхала і нябеснага Хору Арханёлаў адары нас, Пане, вытрымкай у веры і ў добрых учынках, каб мы змаглі дасягнуць хвалы ў небе. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… (3 разы)

На ўшанаванне Хору Анёлаў:
Праз заступніцтва святога арханёла Міхала і нябеснага Хору Анёлаў учыні, Пане, каб, дзякуючы іх апецы ў зямным жыцці, мы дайшлі да хвалы вечнай
у небе. Амэн.

Ойча наш… Вітай, Марыя… (3 разы)

На ўшанаванне святога арханёла Міхала:
Ойча наш…


Можна таксама прачытаць ма­літву экзарцызм Папы Льва XIII:


Святы арханёле Міхале, беражы нас у змаганні, будзь нам абаронаю супраць спакусаў і пастак злога духа. Пакорна просім, няхай яго знішчыць Пан Бог, а ты, князю войска нябеснага, моцаю Божаю скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце. Амэн.

На ўшанаванне святога арханёла Рафала:
Ойча наш…


Можна таксама прачытаць ма­літву да св. арханёла Рафала:


Пане Божа, май ласку паслаць нам на дапамогу святога арханёла Рафала. Верым, што ён заўсёды знаходзіцца перад абліччам Тваёй Велічы, таму просім: няхай ён прадставіць Табе нашыя сціплыя малітвы, каб атрымалі мы благаслаўленне Тваё. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

На ўшанаванне святога арханёла Габрыэля:
Ойча наш…

Можна таксама прачытаць ма­літву да св. арханёла Габрыэля:

Святы арханёле Габрыэлю, анёле звеставання, верны пасланнік Божы! Адкрый нашыя вушы нават на самыя ціхія заклікі любячага Сэрца нашага Пана. Просім цябе, дапамажы нам належным чынам разумець Божае слова, слухаць яго і выконваць тое, чаго жадае ад нас Бог. Навучы нас быць заўсёды чуйнымі, каб Пан Бог, прыйшоўшы, не знайшоў нас у стане духоўнага сну і абыякавасці. Амэн.

На ўшанаванне святога Анёла Ахоўніка:
Ойча наш…


Можна таксама прачытаць ма­літву «Анёле Божы…»


Антыфона: Найслаўнейшы Князю, святы Міхале арханёле, Зверхнік войскаў нябесных, абаронца душаў, пераможца злых духаў, велічны слуга каралеўскага Дому Божага, сваёю нябеснай дасканаласцю і моцаю ратуй ад злога нас, — тых, хто з даверам просіць тваёй абароны і апекі; учыні, каб мы пад крыламі тваёй надзвычайнай і штодзённай апекі ішлі наперад, верна служачы нашаму Богу.

С.: Прыбудзь, святы арханёле Міхале,

Н.: На дапамогу народу Божаму.

С.: Молімся: Усемагутны вечны Божа, які ў сваёй дабрыні і міласэрнасці дзеля збаўлення ўсіх людзей выбраў святога арханёла Міхала князем свайго Касцёла, дазволь, просім, каб гэты святы арханёл сваёю дабрачыннаю правіцаю вызваліў нас ад усіх ворагаў нашых — як тых, якія цяпер нас абступілі, так і тых, якія ў хвіліну смерці падсцерагаць нас бу­дуць. Няхай ён правядзе нас перад аб­лічча велічы Тваёй. Праз заслугі Езуса Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Абноўлена 23.09.2020 16:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.