Пошук

28.08.2020 17:07   Catholic.by
Фота Дар’і Сярпейка

Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB запрашае вернікаў узяць удзел у сёлетняй адпустовай урачыстасці ў гонар Маці Божай Бялыніцкай, якая адбудзецца ў нядзелю 6 верасня.

У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, сёлета ў Бялынічы не арганізуюць пілігрымак, як у мінулыя гады. Тым не менш, вернікі з розных мясцін Беларусі могуць з захаваннем неабходных санітарных мер самастойна прыбыць на святкаванне.

Біскуп Аляксандр адзначае, што Бялынічы — горад, які называлі «беларускай Чэнстаховай», і адпустовая ўрачыстасць Маці Божай Бялыніцкай — адна з самых важных падзей і пастырскіх акцый у штогадовым літургічным календары Магілёўскага рэгіёна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Сёлета яна будзе адзначацца адначасова з Днём беларускага пісьменства, які таксама пройдзе ў Бялынічах.

Урачыстасці будзе папярэднічаць своеасаблівы «малітоўны марафон» — Саракагадзіннае набажэнства. Узяць у ім удзел запрашае ўсіх ахвотных пробашч бялыніцкай парафіі ксёндз Юзаф Сярпейка разам з мясцовымі вернікамі, якія гатовыя прыняць на начлег гасцей з іншых мясцін Беларусі.

«Бялынічы — гэта старадаўняе месца марыйнага культу, дзе калісьці знаходзілася адна з самых шанаваных цудадзейных ікон на нашай зямлі — абраз Маці Божай Бялыніцкай. Малітва мае вялікую моц, асабліва тут, на гэтым месцы.

Да малітвы за нашу Радзіму, за Паўсюдны Касцёл, за пакліканні да Божай службы і асабліва за адраджэнне веры на нашай зямлі далучым просьбы за нашыя сем’і, моладзь і дзяцей, а таксама падтрымаем сваёй малітваю ўсіх, хто мае залежнасць ад розных дрэнных звычак», — адзначае ў сваім запрашэнні біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Іерарх выказвае надзею на тое, што супольная малітва на святым месцы дапаможа пераадолець штодзённыя цяжкасці і ўмацуе нас у радасным сведчанні веры.

«Сардэчна запрашаю ўсіх вернікаў Магілёўскай вобласці, Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсёй нашай краіны, асабліва моладзь, далучыцца да святкавання ўрачыстасці Маці Божай Бялыніцкайі», — дадае біскуп.

Адпустовая святая Імша адбудзецца 6 верасня а 15-й гадзіне. Плануецца, што цэлебрацыю сёлета ўзначаліць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа