Пошук

24.12.2019 10:13   Тэкст: кс. Францішак Рудзь / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

21 снежня вернікі мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай наведалі праваслаўную парафію іконы Божай Маці «Усіх засмучаных радасць».

Парафіяне пазнаёміліся з літургіяй Праваслаўнай Царквы, наведалі саборны храм іконы Божай Маці «Усіх засмучаных радасць» і храм у гонар святой Еўфрасінні Полацкай, цэнтр асветы і міласэрнасці Беларускага Экзархата, даведаліся пра перспектывы яго развіцця.

Сустракаў гасцей дырэктар нядзельнай школы парафіі протадыякан Яраслаў Блізнюк.

Праваслаўны храм, размешчаны на вуліцы Прытыцкага, з’яўляецца суседам каталіцкай парафіі Маці Божай Будслаўскай.

Ён быў заснаваны 26 красавіка 1991 г., калі на гэтым месцы быў закладзены вуглавы камень пад будаўніцтва храма-помніка ахвярам Чарнобыля. Гэта быў першы праваслаўны храм у Мінску, які пачаў будавацца ўжо ў постсавецкі час.

Сёння гэта не звычайная парафія, а своеасаблівы духоўна-адукацыйны цэнтр, які вядзе асветніцкую і місіянерскую дзейнасць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Тут працуе нядзельная школа, дзейнічаюць развіваючыя гурткі для дзяцей.

 

Католікі прыйшлі да сваіх суседзяў праваслаўных не проста з цікаўнасці. У нашай краіне, дзе вельмі шмат змяшаных каталіцка-праваслаўных сем’яў, вернікам абедзвюх традыцыйных канфесій неабходна лепш ведаць адно аднаго. Гэта спрыяе ўзрастанню ўзаемапавагі і добрасуседскіх адносін, што асабліва важна ў перыяд Адвэнту, калі хрысціяне рыхтуюцца да святаў Божага Нараджэння.

Хоць мы святкуем Каляды ў розны час, аднак католікаў і праваслаўных яднае адзіная вера ў Езуса Хрыста — сапраўднага Бога і сапраўднага Чалавека, які прыйшоў у гэты свет, каб збавіць усіх людзей ад грахоў і смерці.

Такім чынам, тое, што нас аб’ядноўвае, нашмат большае за ўсе існуючыя адрозненні, у чым і пераканаліся мінскія католікі падчас візіту да сваіх праваслаўных суседзяў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа