Пошук

25.11.2019 10:38   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / Фота: Ангеліна Марцішэўская / Grodnensis.by

22 лістапада, ва ўспамін святой Цэцыліі, апякункі касцёльнай музыкі і спеву, у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбыўся святочны канцэрт дыяцэзіяльнага хору Cantate Domino з нагоды 20-годдзя творчай дзейнасці калектыву.

Назва хору Cantate Domino з лацінскай мовы перакладаецца «Спявайце Пану». Гэтыя словы неаднаразова сустракаюцца ў біблійных хваласпевах Богу — псальмах.

Як паведаміў партал Grodnensis.by, урачыстае святкаванне распачалося святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У Эўхарыстыі ўзялі ўдзел Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, духоўныя асобы, шматлікія жыхары і госці горада над Нёманам.

У гаміліі біскуп Кашкевіч нагадаў жыццёвы шлях святой Цэцыліі, якую традыцыя лічыць апякункай касцёльнай музыкі і спеву. Іерарх падкрэсліў, што яна вельмі любіла Хрыста і ўсведамляла Яго любоў, таму спявала ў душы свайму боскаму Абранніку.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў усіх прысутных выказваць удзячнасць Богу таксама праз спеў.

«Пакуль існуе гэты свет, Касцёл Хрыстовы будзе спяваць Збаўцу сваю „новую песню“ праслаўлення і хвалы, пакуль мы ўсе не дойдзем да нябеснага Ерузалема, дзе далучымся да хору збаўленых і разам будзем вечна праслаўляць бясконцую любоў Божую», — сказаў іерарх.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў хору Cantate Domino, біскуп адзначыў найперш іх вялікі ўнёсак у прыгажосць літургіі і вельмі патрэбнае ў Касцёле на Гродзеншчыне служэнне. Па словах пастыра, прыгожы спеў, якім яны ўзрушваюць сэрцы вернікаў, з’яўляецца плёнам шматлікіх сістэматычных рэпетыцый, якім харысты ахвярна і велікадушна прысвячаюць час і сілы.

Іерарх пажадаў, каб сэрцы ўдзельнікаў калектыву былі заўсёды поўныя веры і любові, надзеі і радасці, каб яны ўмелі распазнаваць прысутнасць Бога ў сваім жыцці.

«Няхай ваш прыгожы спеў будзе заўсёды выразам глыбокай Божай радасці, якая жыве ў верных сэрцах, што любяць Бога», — дадаў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Пасля Імшы адбыўся святочны канцэрт хору Cantate Domino. Дырыжыраваў Генрых Давідовіч — нязменны кіраўнік калектыву. Выступ распачалі «ветэраны» дыяцэзіяльнага хору, якія стаялі каля яго вытокаў. Яны выканалі спеў «Святы», які быў першым творам, што прагучаў у іх выкананні 20 гадоў таму.

За два дзесяцігоддзі склад хору змяняўся, але і сёння многія яго ўдзельнікі ў калектыве з самага пачатку. У хоры разам спяваюць бацькі і дзеці, мужы і жонкі, якія пазнаёміліся ў калектыве.

Сваіх бацькоў-харыстаў павіншавалі іх дзеці, якія адзначылі, што «спяваюць з бацькамі у адзін голас», і выканалі для іх прыгожую песню.

У гэты дзень кожны ўдзельнік хору — як актуальнага складу, так і тыя, хто спяваў у ім раней, — атрымалі з рук Гродзенскага біскупа спецыяльную падзяку за ўнёсак у развіццё Касцёла на Гродзеншчыне і пастырскае благаслаўленне.

Хор Cantate Domino быў заснаваны ў 1999 годзе ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец). За час дзейнасці калектыў даў вялікую колькасць канцэртаў не толькі ў Беларусі, наведаўшы 40 гарадоў і вёсак нашай краіны (прычым некаторыя неаднаразова), але і за мяжой — у Польшчы і Літве.

Хор выконвае творы на пяці мовах: беларускай, польскай, рускай, лацінскай і італьянскай.

Рэпертуар калектыву складаецца са спеваў на ўсе літургічныя перыяды, сярод якіх творы знакамітых кампазітараў. У сваім рэпертуары хор мае больш за 200 розных твораў: касцёльных і свецкіх.

Ужо традыцыйна хор упрыгожвае спевам найважнейшыя ўрачыстасці ў мясцовым Касцёле. Кожны раз ён атрымлівае гучныя апладысменты і высокую ацэнку слухачоў.

У сферы касцёльнай музыкі і спеву гэты хор з’яўляецца своеасаблівай візітнай карнкай Гродзенскай дыяцэзіі, добра вядомай, пазнавальнай і любімай слухачамі.

У хоры адбылося шэсць шлюбаў сярод удзельнікаў, і для многіх маладых сужэнцаў харысты разам спявалі вясельныя песні.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа