Пошук

23.08.2019 09:33   Паводле: Святлана Жылевіч / Фота: Ірына Гайдамовіч / Waladarka.by

З 1 па 15 жніўня на востраве Манастыр, што на возеры Неспіш каля Браслава, праводзіліся археалагічныя раскопкі. Менавіта тут на працягу некалькіх стагоддзяў існаваў базыліянскі кляштар, у якім знаходзілася цудатворная ікона Маці Божай Браслаўскай, вядомая цяпер пад тытулам Валадаркі азёраў.

10 гадоў таму цудадзейны абраз быў каранаваны папскімі каронамі, і гэтую гадавіну асаблівым чынам адсвяткавалі падчас сёлетняга фэсту ў гонар Валадаркі азёраў.

Хоць сёння шанавальнікі Марыі ў Яе цудадзейнай браслаўскай святыні прыязджаюць сюды з усёй Беларусі і нават з-за мяжы, тым не менш з’яўленне іконы і яе ранняя гісторыя застаюцца малавывучанымі. Святло на гэты перыяд павінны праліць раскопкі на востраве, дзе распачынаўся культ Маці Божай Браслаўскай.

Невыпадкова перад пачаткам раскопак іх удзельнікаў благаславіў пастыр Віцебскай дыяцэзіі і ўраджэнец Браслава біскуп Алег Буткевіч.

Каб даведацца пра тое, што ж нарэшце знайшлі на месцы старадаўняга кляштара археолагі, на таямнічым востраве пабывала верніца браслаўскай парафіі і фотакарэспандэнт парафіяльнага сайта Waladarka.by Ірына Гайдамовіч.

«Мне было цікава паглядзець на тое, як адбываюцца раскопкі, — дзеліцца ўражаннямі Ірына. — Я мела магчымасць дакрануцца да гісторыі ў прамым сэнсе слова.

У дзень майго прабывання там знайшлі дзве манеты, а дайверы дасталі з вады драўляныя палі былога мосту; частку я нават трымала ў сваіх руках!На раскопках працавалі вельмі прыемныя людзі, самаадданыя: нягледзячы на стомленасць, з раніцы да вечара яны карпатліва адкопвалі падмуркі, прасейвалі кожны грам зямлі, каб адшукаць штосьці цікавае і важнае. Канечне, хочацца ўявіць, як там было калісьці насамрэч, як выглядаў манастыр, як там жылі манахі».

За два тыдні раскопак была знойдзена частка падмуркаў манастырскіх пабудоваў. Археолаг Мікалай Плавінскі мяркуе, што знойдзены фрагмент датуецца канцом XVIII – пачаткам XIX стагоддзя.

Незадоўга да канца раскопак археолагі натыкнуліся на чалавечыя парэшткі, якія закансервавалі (пакінулі ў зямлі) да наступнага года, каб іх можна было вывучыць. Знойдзены таксама кераміка, шкло і манеты: адна з іх 1547 г.

Між тым акваторыю возера вакол вострава даследавалі дайверы, якія знайшлі 24 палі мосту, які калісьці вёў з берага на востраў. Дайверы вызначылі, што даўжыня мосту складала каля 100 метраў, а шырыня — 2 метры.

Узор палі скіравалі ў Акадэмію навук для вызначэння ўзросту. Мяркуецца, што яму каля 500 гадоў.

Раскопкі былі арганізаваныя Цэнтрам рэгіянальнага развіцця «Браслаў» у межах праекту «Выспа Манастыр (Кляштар)». У планах кіраўнікоў гэтай некамерцыйнай арганізацыі — аднаўленне кляштара з усімі пабудовамі і мостам.

«Сваёй мэтай мы ставілі пачатак прац па выяўленні падмуркаў манастыра і ўсіх пабудоваў, — адзначыла Алена Шэўчык, кіраўнік праектаў Цэнтра рэгіянальнага развіцця „Браслаў“. — Мы ўжо адкапалі частку падмуркаў, а геарадары паказалі, што там ёсць яшчэ пустоты, а значыць ёсць сутарэнні, падземныя памяшканні.

Для нас гэта азначае, што неабходна працягнуць раскопкі ў наступным годзе. Калі мы будзем ведаць дакладныя памеры пабудоваў, то зможам зрабіць макет кляштара і распрацаваць праект яго аднаўлення. У архівах ёсць апісанне манастыра, але памеры яго пакуль невядомыя.

Знаходкі разнастайных манет і ўпрыгожванняў пацвярджаюць той факт, што ў манастыр прыбывалі пілігрымы з розных краін.

Знойдзеныя чалавечыя парэшткі, з вялікай верагоднасцю, адносяцца да пахаванняў браслаўскіх архімандрытаў. Прынамсі іншыя месцы іх пахаванняў невядомыя. Аднак пра гэта можна будзе даведацца, толькі працягнуўшы археалагічныя працы».

Ракопкі пакуль толькі крыху прыадкрылі таямніцы жыцця на востраве і перадусім паказалі неабходнасць далейшых даследаванняў.

У бліжэйшых планах кіраўніка праекту — стварэнне інфармацыйных стэндаў, навядзенне парадку на востраве, арганізацыя экскурсій.

Праект некамерцыйны, і займаюцца ім энтузіясты. Далучыцца да іх і падтрымаць можа кожны, каго цікавіць гісторыя і духоўнае жыццё роднай зямлі.

Абноўлена 23.08.2019 11:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.