Пошук

13.08.2019 15:51   Тэкст і фота: Дк. Алег Зямчонак / Catholic.by

12 жніўня ў касцёле святога Казіміра ў Лепелі прайшоў дзень засяроджання для ўдзельнікаў апостальскага руху «Легіён Марыі» з віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага.

Разважанні гэтага дня былі прысвечаны тэме: «Разважлівасць і пакора Марыі». У малітоўным засяроджанні ўзялі ўдзел восем легіянераў на чале са сваім духоўным кіраўніком кс. канонікам Валерыем Орсікам, пробашчам парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

Духоўная сустрэча распачалася з малітвы праз заступніцтва святога Казіміра, нябеснага апекуна лепельскай парафіі. Пасля адбылася святая Імша з духоўным настаўленнем, у якім святар звярнуў увагу на важнасць малітвы ў штодзённым жыцці хрысціяніна, а перадусім легіянера.

Менавіта трывалая малітва па прыкладу Найсвяцейшай Панны Марыі становіцца крыніцай духоўнага досведу і сілаў, неабходных у жыцці і служэнні.

Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі ўшаноўвалі Езуса ў Найсвцейшым Сакрамэнце. Падчас адарацыі яны ўзносілі малітвы праз заступніцтва Багародзіцы, а таксама разважалі на тэмы: «Маці Божая развязвае вузлы людскога жыцця праз давер Яе Сыну», а таксама «Марыя ўзор нашага жыцця ў духу пакоры».

На працягу ўсяго дня засяроджання яго ўдзельнікі захоўвалі цішыню, што дапамагло стварыць сапраўдную малітоўную атмасферу. Нават падчас супольнага абеду легіянеры не размаўлялі паміж сабою, а слухалі чытанне ўрыўкаў са Святога Пісання.

Пасля абеду ўдзельнікі мелі магчымасць паразмаўляць з Богам у асабістай малітве, а таксама сузіраць хараство Творцы ў прыгажосці Яго стварэння на беразе возера, якое знаходзіцца адразу за касцёлам, разважаючы над пачутым у Божым слове і настаўленнях. Напрыкацы адарацыі адбылася супольная малітва Вяночкам да Божай міласэрнасці, а на заканчэнне ўдзельнікі атрымалі благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Падчас працы ў групах легіянеры разважалі на тэму «Апостальства служэння». Яны дзяліліся сведчаннямі веры і вопытам сваёй працы, а таксама вызначылі далейшы кірунак свайго служэння.

На заканчэнне ўдзельнікі падзякавалі Богу і духоўнаму кіраўніку за магчымасць духоўных практыкаванняў, а таксама за ўмацаванне ў пакліканні легіянера.

У віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага дзейнічаюць дзевяць актыўных удзельнікаў «Легіёну Марыі». Іх падтрымліваюць сваёй малітвай дапаможныя ўдзельнікі руху.

Апостальскае служэнне легіянераў даволі разнастайнае і патрабуе вялікай ахвярнасці. Яны наведваюць хворых ў абласным шпіталі, ходзяць маліцца ў анкалогічнае аддзяленне, наведваюць састарэлых, дзяцей у дзіцячых дамах і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, дапамагаюць ў прыбіранні касцёла, а таксама дзеляцца верай з тымі, хто яшчэ не ведае Пана Бога. Кожны тыдзень удзельнікі «Легіёну Марыі» збіраюцца разам са сваім духоўным кіраўніком на супольную малітву.

Абноўлена 13.08.2019 15:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа