Пошук


Раз у год невялічкая веска Тракелі, у якой жыве толькі каля 460 чалавек, перажывае сапраўднае адраджэнне. І не проста адраджэнне. Яна напаўняецца рухам і гоманам спеваў і малітваў шматлікіх вернікаў, якія прыходзяць, каб пакланіцца Маці Божай Тракельскай і памаліцца перад Яе абразом.

Гэты год асаблівы, ён юбілейны, таму што мясцовая святыня перажывае 25-годдзе абвяшчэння яе Дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Каралевы нашых сем’яў, 10-годдзе каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Тракельскай і 210-годдзе пабудовы касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі.

Першай — можа, таму, што не ішлі пешкі, а ехалі на роварах, — да касцёла прыбыла роварная пілігрымка са Шчучына, за 4 дні пераадолеўшы 160 км.

Пілігрымы невялікай групай (толькі 7 чалавек) увайшлі ў касцёл, каб там, паводле старажытнага звычаю, на каленях прайсці вакол алтара і, дакранаючыся да святыні гэтага санктуарыя — Тракельскага абраза, — даверыць нашай Маці свае малітвы і просьбы.

Маленькі перапынак — і вось ксёндз пробашч, а адначасова кусташ (з лац. — той, хто сцеражэ і ахоўвае) гэтай святыні кс. Юрый Бяганскі зноў стаіць каля ўваходнай брамы, сустракаючы пілігрымаў. Жырмуны, Ваўкавыск, Беняконі, Навагрудак, Гродна, Іўе, Ліда, Першамайскі, Бердаўка, Ашмяны, Смаргонь, Воранава — 17 пілігрымак трэба было сустрэць і прывітаць святару. Сярод іх былі пілігрымкі, якія ішлі адзін дзень, але былі і такія, якія свае ахвяры і малітвы ўзносілі Богу на працягу 5 дзён.

Наймалодшаму пілігрыму, які прыбыў у Тракелі, толькі 3 месяцы і сам ён не ішоў, найстарэйшаму — 79 гадоў. У цэлым у пілігрымках прыйшло 1427 чалавек.

Стомленыя, але радасныя, яны ўваходзілі ў брамы касцёла, каб там перад абразом Маці Божай пакланіцца Ёй, дзякаваць і прасіць.

       

«Чаму я сюда прыйшла? — пажылая стомленая жанчына сядзіць, прыхіліўшыся да касцёльнай агароджы. — Як была зусім малая, то, калі пабілася або нешта балела, бегла да маці. Пазней у школе, калі чагосьці не ведала, мне таксама маці дапамагала. Калі ад бацькі па заслугах атрымала, то куды скардзіцца — да маці бегла. Трохі падрасла, пачаліся жыццёвыя клопаты, патрэбны былі грошы, або проста пасакрэтнічаць ці на мужыка панаракаць — зноў жа ішла да сваёй маці.

Маці даўно памерла, я сама ўжо і маці, і бабуля, і нават прабабуля, а вось прыходжу сюды, да Маці Божай, каб Ёй распавесці і прасіць.

І пра дзяцей, і пра ўнукаў, — да каго ж мне ісці, калі не да Яе?»

Гэта невялікае сведчанне стомленай бабулі, якая проста сядзела каля святыні ў Тракелях.

Абноўлена 13.07.2019 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа