
З 5 па 6 верасня адбудзецца традыцыйная ХІ пешая пілігрымка з Магілёва ў Бялынічы, якая сёлета будзе доўжыцца два дні. Вернікі Магілёўскага рэгіёна зноў накіруюцца да святыні, вядомай цудадзейным абразом Маці Божай Бялыніцкай.
Бялынічы — месца, якое на працягу стагоддзяў славілася асаблівай пашанай да Маці Божай.
Мясцовы абраз Маці Божай Бялыніцкай быў другім на тэрыторыі сучаснай Беларусі, які атрымаў папскія кароны — яго каранацыя адбылася ў 1761 годзе, пасля абраза Маці Божай Жыровіцкай.
Папа Клімэнт XIII прыняў рашэнне аздобіць абраз каронамі ў знак прызнання шматлікіх цудаў і аздараўленняў, якія адбываліся праз малітвы вернікаў перад гэтым абразом, а таксама ў якасці падзякі за абарону краю ад хвароб і ваеннага захопу у XVIII стагоддзі. У гэтым годзе вернікі адзначаюць 265 гадоў з той урачыстай падзеі.
Сёлетнім урачыстасцям у Бялынічах, як звычайна, будзе папярэднічаць 40-гадзіннае набажэнства і пешая пілігрымка з Магілёва.
Праграма пілігрымкі
5 верасня, субота
- 9.00 — урачыстая святая Імша ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава (Магілёў, вул. Камсамольская, 4)
- 10.00 — благаслаўленне і выхад пілігрымаў ад магілёўскай катэдры
- 14.00 — абед для пілігрымаў
- 19.00 — прыпынак у вёсцы Вялікі Нежкаў (вячэра, малітоўны вечар)
6 верасня, нядзеля
- 6.30 — сняданак
- 7.00 — выхад з Вялікага Нежкава
- 11.30 — прыпынак на абед
- 14.15 — сустрэча пілігрымаў каля капліцы Маці Божай Бялыніцкай (Бялынічы, вул. Калініна, 37)
- 15.00 — урачыстая святая Імша. Цэлебрацыю ўзначаліць Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа ў канцэлебры з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім.
З сабой на пілігрымку неабходна ўзяць: ружанец, малітоўнік, зручны разношаны абутак, карымат, спальны мяшок, намёт (у каго ёсць), галаўны ўбор, дажджавік, талерку, лыжку, кубак, цёплыя рэчы, асабістыя лекі.
Для ўдзельнікаў пешай пілігрымкі будзе арганізаваны даезд у Магілёў 6 верасня пасля ўрачыстасці. Аўтобус ад’едзе ад капліцы Маці Божай Бялыніцкай.
Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і адказны за Магілёўскі рэгіён біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB сардэчна запрашае ўсіх вернікаў Беларусі прыняць удзел у ХІ пешай пілігрымцы і ў адпустовай урачыстасці ў Бялынічах.
Важна! У гэтым годзе рэгістрацыя на пілігрымку праходзіць анлайн. Запоўніць форму можна па спасылцы ТУТ>>>
Таксама на афіцыйным плакаце пілігрымкі, пададзеным ніжэй, размешчаны QR‑код для рэгістрацыі, праз які кожны жадаючы можа хутка і зручна запісацца на ўдзел.








