Пошук

03.10.2023 09:09   Catholic.by

У пятніцу 6 кастрычніка ў касцёле ў Беразінскім (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Маладзечанскі дэканат) адбудзецца духоўна-гістарычны канцэрт «Неба і зямля Габрыэлі Пузыні».

Культурная імпрэза памяці беларускай польскамоўнай паэткі пройдзе ў межах мастацкага пленэру «Малая радзіма вачыма мастакоў. Гарадзілаўскі парк на Маладзечаншчыне».

Падчас канцэрту выступяць Святлена Немагай, Галіна Сакольнік, Аляксей Загорскі.

Пачатак а 18-й гадзіне.

Адрас: аг. Беразінскае, вул. Леніна, 3.

Графіня Габрыэля з Гюнтэраў Пузыня нарадзілася ў Вільні, жыла ў бацькоўскім маёнтку Дабраўляны былога Смаргонскага павету. Яе маці Аляксандра паходзіла з роду Тызенгаўзаў. З 1851 г., выйшаўшы замуж за князя Тадэвуша Пузыню, Габрыэля жыла ў ягоным маёнтку Гарадзілава (цяпер гэта аг. Беразінскае Маладзечанскага раёна). Тут яна плённа працягвала сваю літаратурную, культурна-асветніцкую і хрысціянска-дабрачынную дзейнасць, тут спачыла 16 жніўня 1869 г. і была пахаваная, паводле звестак мемуарыстаў, у сямейным склепе на мясцовых могілках, ад якіх па бальшавіцка-камуністычным панаванні нічога, на жаль, не засталося. Аднак застаецца памяць удзячных нашчадкаў, без якой нельга будаваць годную будучыню.

Габрыэля Пузыня карысталася псеўданімам «Аўтарка ў Імя Божае» («W Imię Boże» называўся першы зборнік яе вершаў, выдадзены ў Вільні ў 1843 г.), яна плённа працавала ў розных жанрах літаратуры: паэзіі, прозе, драматургіі, мемуарыстыцы.

Апрача гэтага, графіня Габрыэля была арганізатаркай пастаянных культурных імпрэзаў («салонаў») у Гарадзілаве (цяпер Беразінскае), а збіралі яе «салоны» такіх выдатных дзеячаў культуры нашага краю, як Станіслаў Манюшка, Тамаш Зан, Ігнат Ходзька, Антоні Эдвард Адынец, Уладзіслаў Сыракомля і многіх іншых мастакоў, кампазітараў, літаратараў, артыстаў, асобаў духоўнага і свецкага станаў, мясцовую моладзь.

Па існуючай у ХІХ стагоддзі традыцыі графіня Габрыэля пісала свае творы на польскай мове, таму шануецца як польская і беларуская пісьменніца, а яе творчасць належыць да агульнай спадчыны гэтых народаў. Аднаўленне памяці пра пісьменніцу дапамагае будаваць культурны падмурак сённяшняй нашай краіны, а таксама спрыяе выхаванню высокай духоўнасці ў сучасным грамадстве, бо ўся яе творчасць была заснаваная на глыбокім вызнанні хрысціянскай каталіцкай веры.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.