Пошук

17.02.2023 08:04   Catholic.by

З 17 па 19 сакавіка адбудуцца рэкалекцыіі для сужонкаў, а таксама духоўных і кансэкраваных асоб ад руху «Сужэнскія Сустрэчы». Яны пройдуць у Гарадку, што пад Віцебскам.

Арганізатары запрашаюць узяць удзел у рэкалекцыях сем’і, а таксама духоўных і кансэкраваных асоб з усёй Беларусі, а перадусім — з Віцебскай дыяцэзіі.

Колькасць месцаў вельмі абмежавана. Папярэдні запіс — абавязковы.

Удзел у духоўных практыкаваннях ад «Сужэнскіх сустрэч» дае магчымасць і шанц наблізіцца адзін да аднаго, аднавіць эмацыйную сувязь у сужэнстве, а маладым сем’ям — закласці моцны фундамент для моцных адносін..

Унікальная аўтарская праграма рэкалекцый ужо амаль 20 гадоў дапамагае сужонкам з Беларусі не толькі выходзіць са шматлікіх крызісаў сужэнскага жыцця, паглыбляць свае адносіны, абнаўляць пачуцці, рабіць пэўныя крокі насустрач адно аднаму, насустрач сваім дзецям, блізкім і іншым людзям. Менавіта падчас Вялікага посту варта асаблівым чынам зірнуць на свае сужэнскія адносіны праз прызму дыялогу.

Мэты рэкалекцый:

  • аднавіць свае пачуцці;
  • знайсці радасць у тым, што маем;
  • напоўніць узаемаразуменнем, даверам і павагай свой дом;
  • парамантаваць тое, што зламалася за годы сужэнскага жыцця;
  • і, канечне, атрымаць бяспройгрышны інструмент — дыялог ад «Сужэнскіх сустрэч», якім можна карыстацца кожны дзень, каб будаваць адносіны з Богам, з мужам, жонкай, дзецьмі, роднымі і іншымі людзьмі

Каму найбольш адпавядае праграма рэкалекцый?

  • Сем’ям, якія перажываюць крызіс у розных сферах свайго сужэнскага жыцця, якія, магчыма, сёння нават не вераць у тое, што ёсць выйсце.
  • Сем’ям, якія маюць трывалыя добрыя адносіны, але разумеюць, што пра адносіны вельмі важна ўвесь час клапаціцца. Ад гэтага клопату залежыць развіццё і ўмацаванне адносін.
  • Сем’ям, якія толькі пачалі свой шлях і жадаюць закласці трывалы падмурак, на якім можна будаваць і развіваць свае маладыя адносіны.
  • Духоўным і кансэкраваным асобам, якія хочуць развіваць свой дыялог і свае адносіны з Богам і іншымі людзьмі

Сужонкі перажываюць рэкалекцыі у дыялогу паміж мужам і жонкай, а духавенства і кансэкраваныя асобы — у дыялогу з Богам.

«Сужэнскія сустрэчы» падчас рэкалекцый прапануюць вельмі канкрэтны інструмент — дыялог, які пасля удзельнікі змогуць самастойна выкарыстоўваць у сваёй штодзённасці, каб будаваць не толькі адносіны паміж сабою, але і з дзецьмі, роднымі, калегамі па працы і іншымі людзьмі.

Вось некалькі сведчанняў ад удзельнікаў рэкалекцый:

Я выязджаю з рэкалекцый з вялікім пачуццём радасці і адзінства. Мы ачысцілі нашыя адносіны ад смецця. Але ў той жа час я еду з рашэннем змяніць пэўныя моманты ў сабе, бо адчуў, што ў гэтым ёсць сэнс.

Я прыехаў на гэтыя рэкалекцыі як «апошні шанц», і рады, што я тут.

Выдатны час, які паказаў, як шмат у нас агульнага. Мы пахавалі нашыя няўдачы і адкрылі для сябе новыя магчымасці. Мы здабылі надзею, што ўсё яшчэ наперадзе. Гэта самае лепшае. Мы ад’язджаем з радасцю ў душы і ўсмешкамі на твары.

Мы дзякуем Богу за тое, што ў нас была магчымасць сюды прыехаць. Гэта дазволіла нам стаць бліжэй адзін да аднаго, паглядзець на нашу пару з іншага пункту гледжання. Мы хочам падзяліцца сваёй радасцю і спадзяемся, што нашае сужэнства будзе гарманічным, шчаслівым і трывалым. Мы будзем заахвочваць нашых сяброў удзельнічаць у такіх рэкалекцыях.

Арганізацыйныя пытанні

  1. Пачатак рэкалекцый у пятніцу 17 сакавіка ў 19.00.
  2. Заканчэнне рэкалекцый у нядзелю 19 сакавіка каля 15.00.
  3. У рэкалекцыях абавязковы ўдзел абодвух сужонкаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.
  4. Запрашаюцца ўсе, хто гатовы працаваць над сваімі сужэнскімі адносінамі, незалежна ад узросту, канфесійнай прыналежнасці і рэлігійнай актыўнасці: і тыя, хто толькі распісаліся ў ЗАГСе, і тыя, хто жыве ў касцёльным шлюбе.
  5. Адрас: Віцебская вобл., г. Гарадок, вул. Вакзальная 2 А, парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.
  6. Запіс па тэлефоне: +375 (29) 652 11 44

Нашыя сем’і нарадзіліся для таго, каб быць шчаслівымі. Запрашаем выкарыстаць гэтую магчымасць!

Сем’і, якія ўдзельнічалі ў рэкалекцыях «Сужэнскіх сустрэч», дзеляцца сваімі сведчаннямі:

Абноўлена 17.02.2023 12:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа