
Шмат хто з беларускіх католікаў ведае, карыстаецца ці чуў пра мабільнае прыкладанне «Малітоўнік». Больш за 12 гадоў таму група валанцёраў з марыянскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску разам з душпастырамі вырашыла стварыць мабільнае прыкладанне, якое дало б вернікам магчымасць мець пад рукой асноўныя малітвы і чытанні дня. Такое прыкладанне было створана і ўпершыню апублікавана 10 студзеня 2015 года.
У той жа час дзякуючы Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ і айцам капуцынам на беларускую мову пераклалі і выдалі Літургію гадзінаў — адну з асноўных малітваў Касцёла. Тады і з’явілася ідэя: чаму б не даць духавенству, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам магчымасць штодня карыстацца гэтай прыгожай малітвай і мець яе пад рукой, нават калі цяжка насіць з сабой чатыры вялікія тамы?
17 мая 2017 года ў Жодзіне, падчас святкавання 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, паміж Вікарыятам мучанікаў з Росіцы Кангрэгацыі Айцоў Марыянаў і ККББ была падпісана дамова, паводле якой на інтэрнэт-партале Catholic.by і ў прыкладанні «Малітоўнік» была размешчана Літургія гадзінаў на беларускай мове ў лічбавым фармаце. Спачатку з’явіліся першыя тры тамы, якія на той час ужо былі выдадзеныя, а пазней быў дададзены чацвёрты. Дзякуючы выдавецтву Pro Christo «Малітоўнік» быў узбагачаны рознымі афіцыйнымі малітвамі Касцёла.
Дзякуючы адданасці і добраму сэрцу многіх валанцёраў «Малітоўнік» паспяхова працаваў і развіваўся на працягу 12 гадоў. Спачатку ён быў адзіным каталіцкім прыкладаннем такога маштабу ў Беларусі. На сённяшні дзень яго ўсталявалі больш за 6000 карыстальнікаў Android. Але час ішоў: з’яўляліся новыя ініцыятывы, мяняліся людзі, развіваліся тэхналогіі. Некаторыя былі вымушаныя адысці ад праекта, іншыя далучаліся. Важна падкрэсліць, што ўсе гэтыя гады шмат людзей аддана і абсалютна бескарысліва працавалі ў камандзе.
У свой час тэхналогія «Малітоўніка» была амаль рэвалюцыйнай, але хуткае развіццё тэхналогій і штучнага інтэлекту стварыла ўражанне, што сёння «Малітоўнік» выглядае як «дыназаўр» у сваёй галіне.
Бог увесь час пасылаў таленавітых свецкіх людзей і святароў, гатовых далей развіваць гэтую ініцыятыву. І вось пасля доўгай і карпатлівай працы каманда «Малітоўніка» хоча прадставіць у якасці каляднага падарунка абноўленую версію «Каталіцкага малітоўніка». Праект рэалізаваны пры падтрымцы і ў цесным супрацоўніцтве з Камісіяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ, пры дапамозе сайта Catholic.by, выдавецтва Pro Christo і выдавецтваў іншых дыяцэзій Беларусі.
Што новага?

- Абноўлены і зручны дызайн.
- Магчымасць карыстацца прыкладаннем у вэб-версіі, а таксама на прыладах з сістэмамі Android і iOS.
- Пашыраная Літургія гадзінаў, даступная афлайн, з магчымасцю выбару малітваў паводле святаў і дыяцэзій.
- Магчымасць праглядаць чытанні дня для розных дат, у тым ліку афлайн.
- Біблія на беларускай мове.
- Літургічны каляндар.
- Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.
- Пашыраны выбар малітваў з пошукам паводле фільтраў і катэгорый.
- Магчымасць наладжваць меню, малітвы і катэгорыі.
- Іншыя цікавыя функцыі.
Прыкладанне будзе даступнае ў вэб-версіі на сайце Catholic.by з 21 лістапада 2026 года. Версіі для Android і iOS выйдуць перад Божым Нараджэннем — 21 снежня 2026 года.
Карыстальнікам Android трэба будзе абнавіць старое прыкладанне ў Google Play (Play Маркет).
Карыстальнікам IOS трэба будзе спампаваць новае пад назвай «Каталіцкі Малітоўнік» у App Store альбо па спасылцы ў веб версіі.
Старое прыкладанне (чытанні дня і Літургія гадзінаў) працягнуць працаваць да 21 снежня.
Каманда «Малітоўніка» ад усяго сэрца дзякуе ўсім карыстальнікам за шматгадовую падтрымку, пазітыўныя водгукі і крытычныя заўвагі. «Малітоўнік» — гэта не проста чарговае прыкладанне ў тэлефоне, але доўгі, цяжкі, крапатлівы і абсалютна бескарыслівы высілак многіх людзей. За іх мы сёння дзякуем Богу, а таксама просім аб малітве за ўсю каманду і тых, хто прычыніўся да паўстання і працы гэтай ініцыятывы. Жадаем плённага Адвэнту і радаснага Божага Нараджэння!
Дзякуй, што ўсе гэтыя гады вы з намі!
Каманда «Малітоўніка»







