
Галоўная адукацыйная мэта курса — належным чынам падрыхтаваць матываваных і здольных навучэнцаў у музычным і літургічным плане, а таксама дапамагчы ім набыць навыкі ў галіне касцёльнай музыкі. Навучанне будзе адбывацца на ўзроўні музычнай школы і дасць магчымасць атрымаць кваліфікацыю «касцёльны арганіст».
Праграма курса
У аснову праграмы будуць пакладзены традыцыі падрыхтоўкі літургічных арганістаў у розных краінах свету, у прыватнасці, польская арганная традыцыя.
Адзін з асноўных стандартаў курса — правядзенне заняткаў кваліфікаванымі, кампетэнтнымі і вопытнымі выкладчыкамі, спецыялістамі ў адпаведных галінах: ігры на аргане і фартэпіяна, сольных спеваў, харавой музыкі, тэорыі музыкі, музыказнаўства і тэалогіі.
Навучэнцы будуць карыстацца навучальнымі праграмамі, прынятымі кіраўніцтвам Салезіянскай школы арганістаў у горадзе Пшэмысль, а таксама ўласнымі аўтарскімі вучэбнымі планамі.
Акрамя абавязковых заняткаў, прадугледжаных асноўнай праграмай музычных школ, навучэнцы будуць вывучаць дадатковыя прадметы: арганны літургічны акампанемент, літургічную практыку, пастаноўку голасу, літургічныя спевы, грыгарыянскі харал, дырыжыраванне, літургіку і заканадаўства ў галіне касцёльнай музыкі.
Заняткі працягласцю пяць акадэмічных гадзін будуць праводзіцца раз на месяц, за выключэннем заняткаў па літургічнай практыцы. Гадавы курс уключае дзевяць з’ездаў з адной начоўкай. Колькасць удзельнікаў кожнага з’езда — 15 чалавек.
Выдаткі на аднаго ўдзельніка за адзін з’езд складуць 15 еўра. У гэтую суму ўваходзяць трохразовае харчаванне, карыстанне інфраструктурай і аплата працы выкладчыкаў. Удзельнікі курса будуць аплачваць 5 еўра і дарогу. Таксама неабходна прадугледзець дафінансаванне ў памеры 10 еўра на аднаго ўдзельніка за з’езд.
Ігра на аргане

Асаблівую ўвагу трэба надаць прадметам, звязаным з ігрой на аргане. Менавіта яны фарміруюць прафесійны профіль арганіста.
Праграма ўключае:
- базавыя веды пра музычныя інструменты з асаблівым акцэнтам на арган: гісторыю інструмента, яго канструкцыю і асноўныя элементы, тыпы арганаў;
- эксплуатацыю інструмента і прынцыпы яго абслугоўвання;
- тэхніку ігры на аргане, якая дазваляе выконваць творы розных эпох з улікам натацыі і стылістычных нормаў, выкарыстоўваючы адпаведныя артыкуляцыю, акцэнты, арнаментыку, фразіроўку і рэгістрацыю;
- чытанне з ліста;
- музычную інтэрпрэтацыю з улікам стылістычных нормаў і музычнай формы;
- развіццё творчага ўяўлення, арыгінальнага музычнага мыслення і самастойнасці музычнага выказвання;
- веды і тэхнічныя сродкі, неабходныя для імправізацыі;
- стварэнне імправізаваных музычных твораў;
- падрыхтоўку да публічных выступленняў.
Навучанне арганнаму літургічнаму акампанементу грунтуецца, сярод іншага, на прынцыпах функцыянальнай гармоніі. Арганізатары перакананыя, што такое спалучэнне значна паскарае набыццё практычных навыкаў і спрыяе развіццю выканаўчага майстэрства літургічнага арганіста.
Тэматыка заняткаў па арганным літургічным акампанеменце ўключае:
- правілы арганнага літургічнага акампанементу;
- акампанемент да адказаў падчас Імшы;
- акампанемент да асобных частак Імшы;
- акампанемент да псальмаў;
- акампанемент да абрадавых спеваў (хрост, сужэнства, пахаванне);
- акампанемент да паралітургічных набажэнстваў: Ютрані, Нешпараў, Гадзінак да Маці Божай, разважанняў над Мукай Пана, літаній і малітваў;
- акампанемент да асобных спеваў грыгарыянскага харалу.
Навыкі, атрыманыя падчас вывучэння арганнага літургічнага акампанементу, будуць замацоўвацца на занятках па літургічнай практыцы.
Аўтарская праграма камернага ансамбля прадугледжвае ў выпускным класе калектыўныя спевы з арганным акампанементам падчас цэлебрацыі Ordo Missae, абрадавых спеваў (хрост, сужэнства, пахаванне), а таксама спеваў, звязаных з паралітургічнымі набажэнствамі: Ютранню і Нешпарамі, Гадзінкамі да Маці Божай, разважаннямі над Мукай Пана, літаніямі і малітвамі.
Падчас літургічнай практыкі ў рэальных умовах — не толькі ў арганнай зале — навучэнцы выпраўляюць памылкі, выпрацоўваюць карысныя звычкі, набываюць выканаўчыя навыкі, вучацца канцэнтрыравацца, пераадольваць хваляванне і запамінаць матэрыял, а таксама крытычна ацэньваць уласную ігру.
Пастаноўка голасу

Пастаноўка голасу неабходная ў працы літургічнага арганіста, таму гэты прадмет будзе выкладацца з пачатку навучання. Навучэнцы пазнаёмяцца з анатоміяй і фізіялогіяй голасу, тэхнікамі маўлення і спеваў, а таксама з асноўнымі паняццямі — рэгістрам, рэзанансам і дыханнем.
Асаблівую ўвагу будзе нададзена практыцы: практыкаванням на эмісію голасу, правільнае дыханне, фанацыю, артыкуляцыю, дыкцыю і дынаміку, а таксама логіцы маўлення і вывучэнню вакальнага рэпертуару.
Грыгарыянскі харал
Для гарманічнага развіцця навучэнцаў праграма прадугледжвае вывучэнне грыгарыянскага харалу. Навучальны матэрыял ахоплівае асноўныя прынцыпы і базавы рэпертуар, у тым ліку:
- тэорыю грыгарыянскага харалу;
- правілы харальнай натацыі;
- Ordo Missae;
- Missa de Angelis;
- Сімвал веры III;
- Rorate caeli;
- Adeste fideles;
- Stabat Mater;
- Victimae paschali laudes;
- Ave verum;
- Adoro te devote;
- Salve Regina;
- Ave Maria.
Дырыжыраванне

Навучанне дырыжыраванню накіравана на тое, каб будучыя літургічныя арганісты набылі тэхнічныя і арганізацыйныя навыкі, неабходныя для кіраўніцтва парафіяльным шматгалосным музычным калектывам: хорам, аркестрам або вакальна-інструментальным ансамблем.
Праграма ўключае:
- асновы дырыжорскай тэхнікі: паставу, практыкаванні на расслабленне, адпрацоўку дырыжорскіх схем, каардынацыю дыхання і руху, перадтакт;
- метрычныя схемы, незалежнасць рук, артыкуляцыю, дынаміку, тэмп і фермату;
- працу з творамі і іх тэкстам, развіццё экспрэсіі;
- метады чытання партытур і працы з імі.
Літургія і касцёльнае заканадаўства
Акрамя абавязковых тэарэтычных заняткаў і прадметаў, апісаных вышэй, навучэнцы будуць вывучаць літургію і заканадаўства ў галіне касцёльнай музыкі. Яны атрымаюць базавыя веды пра ролю арганіста падчас Імшы, іншых абрадаў і эўхарыстычных набажэнстваў, пра перыяды літургічнага года, прынцыпы выбару спеваў, а таксама пра дзейныя нормы касцёльнай музыкі і літургіі.
Праграма пра літургіі ўключае:
- агульнае азнаямленне з дакументамі касцёльнага заканадаўства;
- знаёмства з удзельнікамі літургіі і іх ролямі: цэлебрантам, арганістам, кантарам, схолай, хорам, інструментальнымі ансамблямі і вернікамі;
- вывучэнне паходжання і структуры Імшы;
- азнаямленне з абрадамі хросту, Першай Камуніі, канфірмацыі, шлюбу і пахавання;
- вывучэнне эўхарыстычных набажэнстваў;
- прынцыпы выбару спеваў.
У раздзеле, прысвечаным касцёльнаму заканадаўству, будуць разглядацца:
- энцыкліка Пія XII Musicae Sacrae Disciplina (1955);
- Інструкцыя аб сакральнай музыцы і літургіі (Кангрэгацыя абрадаў, 1958);
- Інструкцыя Musicam Sacram (Кангрэгацыя абрадаў, 1967);
- Інструкцыя польскага епіскапату аб літургічнай музыцы пасля Другога Ватыканскага сабору (1979) і Інструкцыя польскага епіскапату аб касцёльнай музыцы (2017);
- дзейныя нормы архідыяцэзіі, якія датычацца касцёльнай музыкі.
Рэалізацыя прапанаванай канцэпцыі дапаможа навучэнцам набыць агульныя музычныя і спецыялізаваныя веды ў галіне касцёльнай музыкі, а найперш — атрымаць практычны досвед.
Галоўная мэта курса — падрыхтаваць канкрэтных служачых у галіне музыкі і літургіі паводле патрэб парафій.
Пробашч, які бачыць у навучэнцы будучага памочніка, пацвярджае сваю зацікаўленасць пісьмовай рэкамендацыяй.
Гэтыя веды, уменні і навыкі павінны стаць для арганістаў асновай для далейшага самастойнага ўдасканалення, каб яны маглі быць самастойнымі музычнымі служачых у сваіх парафіях.
Праграма накіравана ў першую чаргу на кандыдатаў з Гродзенскай дыяцэзіі і ўзгоднена з біскупам Гродзенскім Уладзімірам Гуляем.
Арганізатар: парафія Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія).
Адрас: Гродзенская вобл., г. Навагрудак, вул. Міцкевіча, 1.
Запіс і дадатковая інфармацыя па тэл. +375 (29) 275 48 72 — ксёндз Павел







