Пошук

07.10.2026 12:15   Тэкст і фота: Уладзіслаў Зэрэцкі ASSCC / Паводле: sdb.by

3 кастрычніка ў салезіянскім араторыі пры парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску адбыўся першы GREEN КВІЗ — інтэлектуальная гульня, прысвечаная экалогіі, адказнаму стаўленню да навакольнага асяроддзя і клопату пра наш агульны дом.

Гульня адкрыла серыю квізаў, задуманую як завяршальны этап агульнабеларускага экалагічнага праекта «Зялёная парафія». На працягу трох гадоў праект дапамагаў парафіяльным супольнасцям у розных частках Беларусі больш уважліва паглядзець на адказнасць чалавека за створаны Богам свет і шукаць канкрэтныя шляхі клопату пра навакольнае асяроддзе.

На пачатку сустрэчы ўдзельнікаў прывітаў ксёндз Алег Каралёў SDB. Звяртаючыся да прысутных, ён нагадаў пра энцыкліку папы Францішка Laudato si’:

«Laudato si’ нагадвае нам пра клопат пра наш агульны дом. І гэтая адказнасць пачынаецца не толькі з вялікіх праектаў, але найперш з нашых штодзённых рашэнняў, з таго, як мы ставімся да людзей і да свету, які нас акружае»,

— адзначыў ксёндз Алег.

У першым GREEN КВІЗЕ прынялі ўдзел дзевяць каманд з розных салезіянскіх араторыяў і парафіяльных супольнасцяў. Гульцам давялося не толькі праверыць свае веды, але і разважаць, шукаць логіку, працаваць у камандзе і часам рызыкаваць, выбіраючы адказ.

Аўтарам і вядучым GREEN КВІЗА стаў Павел Купцоў — настаўнік матэматыкі, былы выхаванец і аніматар салезіянскага араторыя ў Мінску. Дынамічны фармат дазволіў спалучыць сур’ёзныя экалагічныя тэмы з азартам спаборніцтва, гумарам і жывой атмасферай сапраўднага квіза.

Перамогу ў першай гульні атрымала каманда «Эко Ангелы». Другое месца заняла каманда «Зелёный флирт», трэцяе — «Грин карта».

Гэта, аднак, толькі пачатак. На працягу года запланавана цэлая серыя GREEN КВІЗАЎ. Каманды будуць сустракацца зноў, набіраць балы, адкрываць новыя факты і змагацца за права стаць пераможцамі сезона. Завершыцца серыя фінальнай гульнёй, якая і вызначыць яе выніковага пераможцу.

Напрыканцы сустрэчы медалі пераможцам уручыў ксёндз канонік доктар Віктар Гайдукевіч SDB, настаяцель салезіянаў у Беларусі. Паводле добрай салезіянскай традыцыі ён завяршыў вечар «слоўкам на добрую ноч».

«Ксёндз Боско пакінуў нам вельмі просты наказ: “Не губляйце часу, рабіце дабро, рабіце яго шмат — і ніколі не пашкадуеце, што яго рабілі”. І, можа, гэта найлепшая думка на заканчэнне сённяшняга вечара. Мы сёння шмат гаварылі пра адказнасць за свет, за прыроду, за тое, што нас акружае. Але ўсё пачынаецца вельмі проста: з таго дабра, якое я магу зрабіць сёння — для чалавека побач, для супольнасці, для свету, які Бог нам даверыў»,

— сказаў ксёндз Віктар.

Першы GREEN КВІЗ паказаў, што пра сур’ёзныя рэчы можна гаварыць цікава, творча і з азартам. А веды пра адказнасць за створаны свет набываюць сапраўдны сэнс тады, калі ператвараюцца ў канкрэтныя штодзённыя ўчынкі.

Абноўлена 07.10.2026 13:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа