
Апостальская нунцыятура ў Беларусі паведамляе, што 11 верасня ў Мінск прыбыў Дон Чарльз Луанга Ссууна (Don Charles Lwanga Ssuuna), які нядаўна быў прызначаны Сакратаром нунцыятуры ў нашай краіне.
Дон Чарльз Луанга Ссууна нарадзіўся 16 снежня 1986 года ў горадзе Наггалама, Уганда. Дон Ссууна названы ў гонар святога Чарльза Луангі — апекуна афрыканскай моладзі і самага шанаванага каталіцкага мучаніка Уганды, які загінуў за веру ў XIX стагоддзі. Дон Чарльз прайшоў фундаментальную тэалагічную і філасофскую падрыхтоўку ў вышэйшай духоўнай семінарыі, пасля чаго быў пасвечаны ў святары 30 ліпеня 2016 года. Інкардыніраваны ў дыяцэзію Лугазі (Уганда). Доктар кананічнага права.
Быў высланы на вучобу ў Папскай Касцёльнай Акадэміі ў Рыме — гэтая вышэйшая навучальная ўстанова рыхтуе святароў для працы ў дыпламатычным корпусе і Дзяржаўным сакратарыяце Апостальскай Сталіцы.
З 1 ліпеня 2022 года — на дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы.
2022-2026 гг. — Сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Іраку.
З 1 ліпеня 2026 года — Сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі.
Валодае англійскай, італьянскай, французскай мовамі і мовай луганда.







