Пошук


  • І. Уводзіны да ўсяго Афіцыя
  • ІІ. Ютрань і Нешпары
  • ІІІ. Гадзіна чытанняў
  • IV. Вігіліі
  • V. Малітва перад поўднем, апоўдні і пасля поўдня, або Малітва на працягу дня
  • VI. Камплета
  • VII. Спалучэнне Гадзінаў Афіцыя з Імшой  або паміж сабою

І. Уводзіны да ўсяго Афіцыя

34. Звычайна ўвесь Афіцый распачынаецца Заклікам, які складаецца з верша Пане, адкрый мае вусны, і вусны мае будуць абвяшчаць Тваю хвалу і псальма 95 (94), які штодзённа заклікае вернікаў спяваць хвалу Богу, слухаць Ягоны голас і заахвочвае іх чакаць «адпачынку Пана»124.

Аднак пры неабходнасці замест псальма 95 (94) можна таксама выкарыстаць псальм 100 (99), 67 (66) або 24 (23).

Псальм Закліку пажадана чытаць, як адзначана ў адпаведным месцы, папераменна, гэта значыць з яго антыфонай, якая падаецца на пачатку і адразу ж паўтараецца, а затым паўтараецца зноў пасля кожнай страфы.

35. Заклік змяшчаецца на пачатку ўсяго цыкла штодзённай малітвы, гэта значыць папярэднічае Ютрані або Гадзіне чытанняў, у залежнасці ад таго, якое з гэтых літургічных дзеянняў пачынае дзень. Аднак пры неабходнасці псальм са сваёй антыфонай можа прапускацца, калі ён павінен папярэднічаць Ютрані.

36. Спосаб чаргавання антыфоны да Закліку ў залежнасці ад розных літургічных дзён указваецца для кожнага выпадку ў адпаведным месцы.

ІІ. Ютрань і Нешпары

37. «Згодна з шанаванай традыцыяй усяго Касцёла галоўнымі гадзінамі штодзённага Афіцыя трэба лічыць Ютрань (ранішнюю малітву) і Нешпары (вечаровую малітву) і адпаведна іх цэлебраваць»125.

38. Ютрань прызначана і пабудавана для асвячэння ранішняй пары, як гэта бачна з многіх яе элементаў. Яе ранішні характар найлепш адлюстроўваюць словы св. Базыля Вялікага: «Ютрань прызначана для таго, каб першыя рухі нашай душы і розуму былі прысвечаны Богу і каб мы не аб чым не пачыналі клапаціцца, перш чым не ўзрадуемся, разважаючы пра Бога, як напісана: “Я ўспомніў пра Бога і ўзрадаваўся” (Пс 77 [76], 4), і не распачыналі працу, перш чым не споўнім сказанае: “Пане, выслухай раніцай мой голас, раніцай звяртаюся да Цябе і чакаю” (Пс 5, 4-5)»126.

Акрамя таго, Ютрань, якая чытаецца на самым світанні новага дня, нагадвае пра ўваскрасенне Пана Езуса, які ёсць праўдзівым святлом, якое асвятляе ўсіх людзей (пар. Ян 1, 9), і «Сонцам справядлівасці» (Мал 4, 2), «Усходам з вышыні» (Лк 1, 78). Таму добра зразумелае павучэнне св. Кіпрыяна: «Трэба маліцца раніцай, каб ранішняю малітваю святкаваць уваскрасенне Пана»127.

39. Калі вечарэе і заканчваецца дзень, цэлебруюцца Нешпары, каб «падзякаваць за тое, што нам было дадзена або за дабро, якое зрабілі»128. Мы ўшаноўваем адкупленне таксама праз малітву, якую ўзносім «як кадзіла перад абліччам Пана» і ў якой «узнясенне рук нашых» становіцца «вечаровай ахвярай»129. Гэта можа быць аднесена «ў глыбейшым сакральным сэнсе і да той сапраўднай вечаровай ахвяры, якую боскі Збаўца прынёс падчас Апошняй Вячэры з Апосталамі, калі даў пачатак святым сакрамэнтам Касцёла. Гэта таксама можна аднесці да вечаровай ахвяры наступнага дня, гэта значыць канца вякоў, якую Ён, распасцёршы рукі свае, прынёс Айцу за збаўленне ўсяго свету»130. Таму, каб скіраваць сваю надзею да святла, якое не ведае цемры, «будзем маліцца і прасіць аб тым, каб святло зноў сышло на нас, аб прыйсці Хрыста, які адорыць нас ласкай вечнага святла»131. Нарэшце, у гэту вечаровую пару мы злучаем нашы галасы з усходнімі Касцёламі, заклікаючы «радаснае святло святой славы спрадвечнага нябеснага Айца, благаслаўлёнага Езуса Хрыста. Дачакаўшыся заходу сонца і гледзячы на вечаровае святло, мы ўсхваляем Айца і Сына, і Духа Святога – Бога…».

40. Найбольшае значэнне трэба надаваць Ютрані і Нешпарам як малітве хрысціянскай супольнасці. Яе публічная або супольная цэлебрацыя павінна падтрымлівацца асабліва сярод тых, хто жыве ў супольнасці. Больш за тое, іх індывідуальнае чытанне рэкамендуецца нават вернікам, якія не могуць удзельнічаць у супольнай цэлебрацыі.

41. Ютрань і Нешпары пачынаюцца з уводнага верша Божа, прыйдзі мне на дапамогу. Пане, паспяшы да мяне на паратунак. Пасля чытаецца Хвала Айцу і Аллелюя, якое прапускаецца ў перыяд Вялікага посту. Аднак усё гэта прапускаецца, калі Заклік непасрэдна папярэднічае Ютрані.

42. Потым адразу чытаецца адпаведны гімн. Гімн складзены так, каб надаць кожнай Гадзіне або святу сваю адметнасць і, асабліва калі цэлебрацыя адбываецца з народам, зрабіць больш лёгкім і радасным пачатак малітвы.

43. Пасля гімна чытаецца псальмодыя паводле №№ 121-125. Паводле касцёльнай традыцыі псальмодыя Ютрані складаецца з аднаго ранішняга псальма, песні са Старога Запавету і другога хвалебнага псальма.

Псальмодыя Нешпараў складаецца з двух псальмаў або з дзвюх частак даўжэйшага псальма, якія адпавядаюць гэтай Гадзіне і цэлебрацыі з народам, і адной песні з Пасланняў Апосталаў ці Апакаліпсіса.

44. Пасля выканання псальмодыі адбываецца кароткае або даўжэйшае чытанне.

45. Кароткае чытанне адпавядае дню, літургічнаму перыяду ці святу. Яго трэба чытаць і слухаць як праўдзівае абвяшчэнне Божага слова, якое моцна падкрэслівае пэўную натхнёную думку, а таксама дапамагае выдзеліць пэўныя кароткія выказванні, на якія пры працяглым чытанні Святога Пісання, магчыма, не звяртаецца належная ўвага.

Кароткія чытанні змяняюцца ў залежнасці ад дзён цыкла псальмодыі.

46. Можна выбіраць, асабліва пры цэлебрацыі з народам, даўжэйшае чытанне з Гадзіны чытанняў або з імшальных чытанняў, галоўным чынам з тых тэкстаў, якія не былі прачытаныя з розных прычын. Акрамя таго, нішто не перашкаджае выбраць часам іншае, больш адпаведнае чытанне, паводле №№ 248-249, 251.

47. Пры цэлебрацыі з народам пры неабходнасці можна дадаць кароткую гамілію для тлумачэння вышэйзгаданага чытання.

48. Пасля чытання або гаміліі пры неабходнасці можна захоўваць некаторы час маўчанне.

49. Для адказу на Божае слова падаецца рэспансарыйны спеў або кароткі рэспансорый, які пры неабходнасці можна прапусціць.

Замест рэспансорыя можна спяваць іншыя адпаведныя песні, аднак яны павінны быць належным чынам зацверджаныя Канферэнцыяй Біскупаў.

50. Потым урачыста выконваецца разам са сваёй антыфонай песня з Евангелля, а менавіта: у Ютрані – песня Захарыі Благаслаўлёны Пан, Бог Ізраэля, у Нешпарах – песня Марыі Велічае душа Мая Пана. Абездве гэтыя песні, захаваныя шматвяковай і паўсюднай традыцыяй Рымска­га Касцёла, выказваюць хвалу і падзяку за адкупленне. Антыфоны да песні Захарыі і пес­ні Марыі змяняюцца ў залежнасці ад дня, літургічнага перыяду ці свята.

51. Пасля выканання песні ў Ютрані чытаюцца просьбы аб асвячэнні дня і працы Богам, а ў Нешпарах – просьбы аб заступніцтве (пар. №№ 179-193).

52. Пасля вышэйзгаданых просьбаў або заступніцтваў усе чытаюць Ойча наш.

53. Адразу пасля Ойча наш чытаецца заключ­ная малітва, якая для звычайных будняў знаходзіцца ў псалтыры, а для іншых дзён – ва ўласных тэкстах.

54. У канцы, калі малітвай кіруе святар або дыякан, ён распускае народ словамі Пан з вамі і благаслаўленнем, як падчас Імшы, пасля чаго ідзе заклік Ідзіце ў супакоі Хрыста, на што прысутныя адказваюць: Дзякуем Пану Богу. У іншых выпадках цэлебрацыя завяршаецца словамі Няхай Пан благаславіць нас, і г. д.


ІІІ. Гадзіна чытанняў

55. Гадзіна чытанняў прапаноўвае народу Божаму, перш за ўсё тым, хто асаблівым чынам прысвяціў сябе Богу, багатую скарбніцу Святога Пісання і найпрыгажэйшыя старонкі духоўных твораў. Хоць штодня на Імшы чытаецца больш шырокі цыкл чытанняў са Святога Пісання, скарб Аб’яўлення і Традыцыі, змешчаны ў Гадзіне чытанняў, можа паспрыяць глыбокаму духоўнаму развіццю. Гэтыя багацці ў першую чаргу павінны шукаць святары, каб слова Божае, якое прынялі, яны неслі ўсім і «кармілі ім Божы народ»132.

56. Паколькі малітва павінна спадарожнічаць «чытанню Святога Пісання павінна спадарожнічаць малітва, каб адбывалася размова паміж Богам і чалавекам; бо “з Ім гаворым, калі молімся; Яго слухаем, калі чытаем Божыя словы”»133, таму Гадзіна чытанняў складаецца таксама з псальмаў, гімна, малітвы і іншых формулаў, што надае ёй характар сапраўднай малітвы.

57. Паводле канстытуцыі Sacrosanctum Consilium Гадзіну чытанняў, хоць яна «захоўвае ў хоры характар начной малітвы, <...> трэба перапрацаваць так, каб яна магла чытацца ў любую пару дня; яна павінна змяшчаць меншую колькасць псальмаў і даўжэйшыя чытанні»134.

58. Тыя, хто паводле ўласнага права павінен, і тыя, хто пахвальным чынам хоча захаваць для гэтага Афіцыя характар начной хвалы, у Звычайны перыяд бяруць гімн з прызначанага для гэтага цыкла незалежна ад таго, ці чытаюць гэту Гадзіну ўначы, ці таксама на самым світанні і адразу перад Ютранню. Акрамя таго, на нядзелі, урачыстасці і ўсялякія святы трэба ўзяць пад увагу сказанае ў №№ 70-73 наконт вігілій.

59. Пры захаванні гэтага прадпісання Гадзіна чытанняў можа рэцытавацца ў любую гадзіну дня, нават у начныя гадзіны папярэдняга дня пасля Нешпараў.

60. Гадзіна чытанняў пачынаецца Заклікам, калі яна чытаецца перад Ютранню, як было сказана вышэй у № 34-36. У іншым выпадку яна пачынаецца з верша Божа, прыйдзі мне на дапамогу разам з Хвала Айцу і, па-за перыядам Вялікага посту, Аллелюя.

61. Потым чытаецца гімн, які ў Звычайны перыяд выбіраецца або з начнога цыкла, як указана вышэй у № 58, або з дзённага, у залежнасці ад таго, чаго патрабуе пара сутак.

62. Пасля ідзе псальмодыя, якая складаецца з трох псальмаў (або частак, калі сустракаюцца даўжэйшыя псальмы). У Пасхальны Трыдуум, дні актавы Пасхі і Нараджэння Пана, а таксама ва ўрачыстасці і святы выкарыстоўваюцца ўласныя псальмы з уласнымі антыфонамі.

У нядзелю і будні псальмы і антыфоны бяруцца з бягучага парадку псалтыра. Тое ж датычыць успамінаў святых, за выключэннем тых, якія маюць уласныя псальмы і антыфоны (пар. №№ 218 і наст.)

63. Паміж псальмодыяй і чытаннямі звычайна чытаецца верш, пры дапамозе якога малітва павінна пераходзіць ад псальмодыі да слухання чытанняў.

64. Выкарыстоўваюцца два чытанні, першае з якіх – біблійнае, другое – з твораў Айцоў або кас­цёльных аўтараў ці агіяграфічнае.

65. Пасля кожнага чытання прамаўляецца рэспансорый (пар. №№ 169-172).

66. Звычайна трэба браць тое біблійнае чытанне, якое пададзена ў Тэкстах на розныя перыяды літургічнага года, паводле нормаў, пададзеных ніжэй у №№ 140-155. Ва ўрачыстасці і святы біблійнае чытанне бярэцца з уласных тэкстаў ці з агульных.

67. Другое чытанне са сваім рэспансорыем бярэцца на выбар або з кнігі Літургіі гадзінаў, або з Лекцыянарыя, пра які гаворыцца ніжэй у № 161. Звычайна гэта чытанне, якое падаецца ў Тэкстах на розныя перыяды літургічнага года.

Аднак ва ўрачыстасці і святы святых выкарыстоўваецца ўласнае агіяграфічнае чытанне, а калі яно адсутнічае, трэба падабраць яго з агульных тэкстаў пра святых. У дні, на якія прыпадаюць успаміны святых і іх цэлебрацыя не адмяняецца, замест другога чытання бягучага дня таксама бярэцца агіяграфічнае чытанне (пар. №№ 166, 235).

68. У нядзелі, акрамя Вялікага посту, у час актавы Пасхі і Нараджэння Пана, ва ўрачыстасці і святы пасля другога чытання з яго рэспансорыем чытаецца гімн Цябе, Бога, праслаўляем, які, аднак, прапускаецца ва ўспамінах і буднях. Апошняя частка гімна, а менавіта ад верша Шляхам нас вядзі бяспечным да самага канца пры жаданні можа быць прапушчана.

69. Гадзіна чытанняў звычайна завяршаецца ўласнай малітвай дня і, прынамсі пры супольным чытанні, акламацыяй Благаславім Пана, на што ўсе прысутныя адказваюць: Дзякуем Пану Богу.

IV. Вігіліі

70. Пасхальная вігілія святкуецца ўсім Касцёлам, як апісана ў адпаведных літургічных кнігах. «Вігілія гэтай ночы настолькі важная, – кажа св. Аўгустын, – што, хоць яе назва агульная з іншымі, аднак толькі ёй адной належыць як імя ўласнае»135; «мы праводзім у чуваванні тую ноч, у якую Пан уваскрос і ў сваім целе даў пачатак таму жыццю, што не ведае ні смерці, ні сну; таму той, чыё ўваскрасенне мы славім падчас больш працяглага чування, дазволіць нам панаваць разам з Ім у бясконцым жыцці»136.

71. На ўзор Пасхальнай вігіліі ў розных Касцёлах усталяваўся звычай пачынаць вігіліяй роз­ныя ўрачыстасці, сярод якіх найбольш важныя Нараджэнне Пана і Спасланне Духа Святога. Гэты звычай павінен захоўвацца і падтрымлівацца паводле ўласнай традыцыі кожнага Касцёла. Аднак, калі выпадае аздобіць вігіліяй урачыстасці ці пілігрымкі, трэба захоўваць агульныя нормы, якія датычаць цэлебрацый Божага слова.

72. Айцы Касцёла, а таксама аўтары духоўных твораў вельмі часта заахвочвалі вернікаў, асабліва тых, якія вядуць кантэмпляцыйнае жыццё, да начной малітвы, якая выяўляе і абу­джае чаканне Пана, які прыйдзе паўторна: «Сярод ночы ўзняўся крык: “Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач”» (Мц 25, 6); «Таму чувайце і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай, каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана» (Мк 13, 35-36). Таму годныя пахвалы ўсе тыя, хто захоўвае начны характар Гадзіны чытанняў.

73. Акрамя таго, Гадзіна чытанняў у Рымскім абрадзе заўсёды была дастаткова кароткай, асабліва ўлічваючы патрэбы тых, хто прысвячае сябе апостальскай працы. Таму тыя, хто хоча паводле традыцыі падоўжыць цэлебрацыю вігіліі нядзелі, урачыстасцяў ці святаў, павінны захоўваць наступны парадак.

Спачатку цэлебруецца Гадзіна чытанняў, як пададзена ў кнізе Літургіі гадзінаў да чытанняў уключна. Пасля абодвух чытанняў і перад гімнам Цябе, Бога, праслаўляем дадаюцца песні, указаныя для гэтага ў Дадатку гэтай жа кнігі; пасля павінна чытацца Евангелле, на тэму якога пры неабходнасці можа быць сказана гамілія, пасля спяваецца гімн Цябе, Бога, праслаўляем і чытаецца малітва.

Аднак ва ўрачыстасці і святы Евангелле бярэцца з Лекцыянарыя, у нядзелі – з цыкла пра Пасхальную таямніцу, які пададзены ў Дадатку да кнігі Літургіі гадзінаў.

V. Малітва перад поўднем, апоўдні і пасля поўдня,
або Малітва на працягу дня

74. Згодна з вельмі старажытнай традыцыяй хрысціяне маюць звычай пабожна маліцца ў розныя поры дня, нават падчас працы, каб наследаваць апостальскі Касцёл. З цягам часу гэтая традыцыя набыла розныя формы ў літургічных цэлебрацыях.

75. Літургічны звычай як Усходу, так і Захаду захоўвае Малітву перад поўднем, апоўдні і пасля поўдня, бо менавіта з гэтымі Гадзінамі звязана памяць пра падзеі Мукі Пана і пачатку распаўсюджвання Евангелля.

76. Другі Ватыканскі Сабор вырашыў захаваць у харавым Афіцыі меншыя Гадзіны: Малітву перад поўднем, апоўдні і пасля поўдня137.

Літургічны звычай чытаць гэтыя тры Гадзіны павінен захоўвацца тымі, хто вядзе кантэмпляцыйнае жыццё, калі гэта не супярэчыць іх уласнаму праву. Гэта рэкамендуецца таксама ўсім, асабліва тым, хто ўдзельнічае ў духоўных практыкаваннях ці пастырскіх сустрэчах.

77. Па­за хорам, з захаваннем уласнага права, можна выбраць адну з трох Гадзінаў, якая больш адпавядае пары, каб захоўвалася традыцыя маліцца на працягу дня падчас працы.

78. Таму парадак чытання Малітвы перад поўднем, апоўдні і пасля поўдня скампанаваны такім чынам, каб адначасова ўлічваліся і тыя, хто чытае толькі адну Гадзіну, або Малітву на працягу дня, і тыя, хто хоча ці абавязаны прачытаць усе тры Гадзіны.

79. Малітву перад поўднем, апоўдні і пасля поўдня, або Малітву на працягу дня, распачынае ўводны верш Божа, прыйдзі мне на дапамогу разам з Хвала Айцу і Аллелюя, якое прапускаецца ў перыяд Вялікага посту. Далей чытаецца адпаведны Гадзіне гімн. Пасля ідзе псальмодыя, потым – кароткае чытанне, за ім – верш. Гадзіна завяршаецца малітвай і, прынамсі пры супольнай рэцытацыі, акламацыяй Благаславім Пана, на што ўсе прысутныя адказваюць: Дзякуем Пану Богу.

80. Для асобных Гадзінаў падаюцца розныя гімны і малітвы, якія, згодна з прынятай традыцыяй, адпавядаюць характару пары, а таксама забяспечваюць лепшае асвячэнне Гадзінаў. Таму той, хто чытае толькі адну Гадзіну, павінен выбраць тыя элементы, якія ёй адпавядаюць.

Акрамя таго, кароткія чытанні і малітвы змяняюцца ў залежнасці ад дня, літургічнага перыяду ці свята.

81. Падаецца падвойная псальмодыя: бягучая і дадатковая. Той, хто чытае толькі адну Гадзіну, павінен выкарыстоўваць бягучую псальмодыю. А той, хто чытае больш Гадзінаў, да адной Гадзіны павінен браць бягучую псальмодыю, да іншых – дадатковую.

82. Бягучая псальмодыя складаецца з трох псальмаў (або частак, калі выкарыстоўваецца даўжэйшы псальм), пададзеных у Псалтыры, са сваімі антыфонамі, калі ў адпаведным месцы не адзначана інакш.

Ва ўрачыстасці, Пасхальны Трыдуум і ў дні актавы Пасхі чытаюцца ўласныя антыфоны з трыма псальмамі, якія трэба ўзяць з дадатковай псальмодыі, калі не ўказаны ўласныя. Калі ўрачыстасць прыпадае на нядзелю, то псальмы бяруцца з нядзелі І тыдня.

83. Дадатковая псальмодыя складаецца з трох псальмаў, якія звычайна выбіраюцца з так званых градуальных псальмаў.

VI. Камплета

84. Камплета – гэта апошняя малітва дня, якую трэба прачытаць перад начным адпачынкам, і нават, калі так здарыцца, пасля поўначы.

85. Камплета пачынаецца, як і іншыя Гадзіны, з верша Божа, прыйдзі мне на дапамогу разам з Хвала Айцу і Аллелюя, якое прапускаецца ў перыяд Вялікага посту.

86. Потым пажадана зрабіць рахунак сумлення, які пры супольнай цэлебрацыі адбываецца ў маўчанні або далучаецца да чыну пакаяння паводле формулаў Рымскага Імшала.

87. Потым чытаецца адпаведны гімн.

88. Псальмодыя складаецца: у нядзелю пасля І Нешпараў – з псальмаў 4 і 134 (133), а пасля ІІ Нешпараў – з псальма 91 (90).

На іншыя дні падабраны такія псальмы, які асаблівым чынам абуджаюць спадзяванне на Па­на; аднак дазваляецца замяняць іх нядзельнымі псальмамі, асабліва для зручнасці тых, хто хацеў бы прачытаць Камплету на памяць.

89. Пасля псальмодыі ідзе кароткае чытанне, за ім – рэспансорый У рукі Твае, потым – з уласнай антыфонай песня з Евангелля Цяпер адпускаеш слугу Твайго, якая з’яўляецца своеасаблівай вяршыняй усёй Гадзіны.

90. Заключная малітва чытаецца, як у псалтыры.

91. Пасля малітвы, нават індывідуальнай, прамаўляецца благаслаўленне Ноч спакойную і смерць шчаслівую.

92. У канцы чытаецца адна з антыфонаў да Найсвяцейшай Панны Марыі. У Велікодны перыяд гэта заўсёды будзе Уладарка неба. Акрамя антыфонаў, пададзеных у Літургіі гадзінаў, Канферэнцыі Біскупаў могуць зацвердзіць іншыя138.

VII. Спалучэнне Гадзінаў Афіцыя з Імшой або паміж сабою

93. У асаблівых выпадках, калі гэтага патрабуюць абставіны, пры публічнай ці супольнай цэлебрацыі можна спалучаць Імшу і Гадзіну Афіцыя паводле пададзеных далей нормаў. Імша і Гадзіна павінны адпавядаць таму самаму Афіцыю. Аднак трэба асцерагацца, каб гэта не перашкаджала пастырскай працы, асабліва ў нядзелю.

94. Калі Ютрань цэлебруецца ў хоры або супольна непасрэдна перад Імшой, літургію можна пачаць або з уводнага верша і гімна Ютрані, асабліва ў будні, або песняй на ўваход і працэсіяй, а затым прывітаннем цэлебранта, асабліва ў святочныя дні. У такім выпадку прапускаецца адзін з уступных абрадаў.

Затым звычайным парадкам працягваецца псальмодыя Ютрані да кароткага чытання выключна. Пасля псальмодыі, прапускаючы чын пакаяння і, пры неабходнасці Пане, змілуйся прамаўляецца, калі прадпісана, Хвала на вышынях, і цэлебрант чытае малітву з Імшы. Затым звычайным парадкам адбываецца літургія слова.

Агульная малітва чытаецца, як звычайна на Імшы. Аднак у будні, падчас ранішняй Імшы, замест фармуляра штодзённай агульнай малітвы можна выкарыстаць ранішнія малітвы з Ютрані.

Пасля Камуніі, якая суправаджаецца спевам, спяваецца Благаслаўлёны Пан, Бог Ізраэля разам з уласнай антыфонай з Ютрані; у канцы чытаецца малітва пасля Камуніі і Імша заканчваецца як звычайна.

95. Калі публічна цэлебраваная Малітва на працягу дня (г. зн. Малітва перад поўднем, апоўдні, пасля поўдня ў залежнасці ад пары дня) непасрэдна папярэднічае Імшы, тады літургію таксама можна пачаць або з уводнага верша і гімна дадзенай Гадзіны, асабліва ў будні, або з песні на ўваход і працэсіяй, а затым прывітаннем цэлебранта, асабліва ў святочныя дні. У такім выпадку прапускаецца адзін з уступных абрадаў.

Затым як звычайна чытаецца псальмодыя Гадзіны да кароткага чытання выключна. Пасля псальмодыі, прапускаючы чын пакаяння і, пры неабходнасці Пане, змілуйся прамаўляецца, калі прадпісана, Хвала на вышынях, і цэлебрант чытае малітву з Імшы.

96. Нешпары, якія непасрэдна папярэднічаюць Імшы, спалучаюцца з ёй гэтак жа, як Ютрань. Аднак І Нешпары ўрачыстасцяў, нядзеляў ці святаў Пана, якія прыпадаюць на нядзелю, можна цэлебраваць толькі пасля заканчэння Імшы папярэдняга дня або суботы.

97. Калі ж Малітва на працягу дня (г. зн. Малітва перад поўднем, апоўдні і пасля поўдня) або Нешпары чытаюцца пасля Імшы, тады Імша цэлебруецца як звычайна да малітвы пасля Камуніі ўключна.

Па заканчэнні малітвы пасля Камуніі адразу ж пачынаецца псальмодыя гэтай Гадзіны. У Малітве на працягу дня пасля заканчэння псальмодыі адразу ж, прапускаючы кароткае чытанне, прамаўляецца малітва і рассыланне. У Нешпарах пасля заканчэння псальмодыі, прапускаючы чытанне, адразу прамаўляецца песня Велічае душа Мая Пана разам з яе антыфонай і, прапускаючы просьбы і малітву Панскую, чытаецца заключная малітва і благаслаўленне народу.

98. За выключэннем ночы Нараджэння Пана, звычайна не дапускаецца спалучэнне Імшы з Гадзінай чытанняў, бо Імша ўжо мае ўласны цыкл чытанняў, які трэба адрозніваць ад цыкла Гадзіны чытанняў. Калі, аднак, у выключным выпадку так трэба было б зрабіць, то пасля другога чытання Афіцыя разам з яго рэспансорыем, прапускаючы астатняе, Імша пачынаецца гімнам Хвала на вышынях, калі гэта прадпісана, у іншым выпадку – малітвай.

99. Калі Гадзіна чытанняў адбываецца непасрэдна перад іншай Гадзінай Афіцыя, тады на пачатку Гадзіны чытання можна аддаць перавагу гімну, які адпавядае гэтай Гадзіне; нарэшце, у канцы Гадзіны чытанняў прапускаецца малітва і заканчэнне, а таксама ў наступнай Гадзіне прапускаецца ўводны верш разам з Хвала Айцу.

____________________

У выданні «Літургіі гадзінаў» на беларускай мове нумарацыя псальмаў пададзена паводле Новай Вульгаты: на першым месцы нумар, які падае габрэйскі тэкст, на другім, у дужках, нумар, які падаюць грэцка­лацінскія пераклады.

 

  1. Пар. Гбр 3, 7 – 4, 16.
  2. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 89a; пар. тамсама, n. 100.
  3. S. Basilius M., Regulae fusius tractatae, Resp. 37, 3: PG 31, 1014.
  4. S. Cyprianus, De oratione dominica 35: PL 4, 561.
  5. S. Basilius M., op. cit.: PG 31, 1015.
  6. Пар. Пс 141 (140), 2.
  7. Cassianus, De institutione coenob., lib. 3, c. 3: PL 49, 124. 125.
  8. S. Cyprianus, De oratione dominica, 35: PL 4, 560.
  9. Pontificale Romanum, De ordinatione presbyterorum, n. 14.
  10. S. Ambrosius, De officiis ministrorum I, 20, 88: PL 16, 50; Conc. Vat. II, Const. dogm. de divina revelatione, Dei verbum, n. 25.
  11. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 89c.
  12. Sermo Guelferbytanus 5: PLS 2, 550.
  13. Тамсама: PLS 2, 552.
  14. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Conсіlium, n. 89 і наст.
  15. Пар. Conc. Vat. II, Const. de sacra Liturgia, Sacrosanctum Concilium, n. 38.
Абноўлена 01.05.2017 16:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця