ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Учыніце абразанне свайго сэрца. Любіце чужаземцаў, бо і самі былі чужынцамі ў зямлі егіпецкай
Чытанне кнігі Другазаконня.
Майсей прамовіў да народа, кажучы:
А цяпер, Ізраэль, чаго патрабуе ад Цябе Пан Бог твой, акрамя таго, каб ты баяўся Пана Бога свайго, хадзіў шляхамі Ягонымі і любіў Яго, а таксама каб служыў Пану Богу свайму ўсім сэрцам сваім і ўсёй душой сваёй, каб захоўваў запаведзі Пана і пастановы Ягоныя, якія сёння наказваю табе дзеля твайго дабра.
Пану Богу твайму належыць неба і неба нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй існуе, аднак толькі да тваіх айцоў схіліўся Пан, і палюбіў іх, і выбраў нашчадкаў іхніх пасля іх, гэта значыць, вас, як гэта ёсць і сёння.
Таму ўчыніце абразанне свайго сэрца і больш не рабіце ўпартым свой карак, бо Пан Бог ваш — гэта Бог багоў і Уладар уладароў, Бог вялікі, магутны і грозны, які не зважае ні на асобы, ні на дары, які здзяйсняе справядлівасць ў дачыненні да сіраты і ўдавы, любіць чужаземца і дае яму спажытак і адзенне. Таму і вы любіце чужаземцаў, бо і самі былі чужынцамі ў зямлі егіпецкай.
Бойся Пана Бога свайго і Яму служы, да яго схіліся і кляніся Ягоным імем. Ён хвала твая і Бог твой, які ўчыніў перад табою тыя грозныя цуды, якія бачылі твае вочы. Калі айцы твае сыходзілі ў Егіпет, іх было семдзесят чалавек, а цяпер Пан Бог твой памножыў цябе, як нябесныя зоркі.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Хвалі, Ерузалем, Пана, твайго Бога.
Або: Аллелюя.
12. Хвалі, Ерузалем, Пана, *
праслаўляй, Сіён, твайго Бога.
13. Бо Ён умацоўвае засовы брамаў тваіх, *
благаслаўляе сярод цябе сыноў тваіх.
Рэфрэн:
14. Ён усталёўвае мір на тваіх межах †
і насычае цябе адборнаю пшаніцай. *
15. Ён пасылае слова сваё на зямлю,
вельмі хутка ляціць Яго слова.
16. Ён снег дае, быццам воўну, *
сыпле іней, як попел.
Рэфрэн:
19. Ён абвясціў слова сваё Якубу, *
пастановы свае і прысуды Ізраэлю.
20. Ніякаму народу больш так не ўчыніў, *
яны не ведаюць прысудаў Ягоных.
Рэфрэн:
а
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Такое было бачанне падабенства славы Пана
Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.
У пяты месяц пятага года ад палону караля Ёакіма было скіравана слова Пана да Эзэхіэля, сына Бузі, святара, у зямлі халдэйскай, над ракою Хабар, і была там над ім рука Пана.
І бачыў я: вось імклівы вецер наляцеў з поўначы, вялікае воблака і палаючы агонь, а вакол яго ззянне, і з сярэдзіны агню нібыта бляск пазалочанага срэбра. У сярэдзіне яго падабенства чатырох жывых істот, што сваім выглядам нагадвалі чалавека.
І чуў я шум крылаў, як шум вялікіх водаў, нібыта голас Усемагутнага: калі яны ішлі, быў моцны шум, нібы ад ваеннага лагера; калі ж спыняліся, іхнія крылы апускаліся. Бо калі з-над скляпення, што было над галовамі іхнімі, чуўся голас, яны спыняліся і крылы іхнія ападалі.
Над скляпеннем, што ўзвышалася над галовамі іхнімі, было падабенства трону ў выглядзе каменя сапфіру; а зверху над падабенствам трону было як бы падабенства выгляду чалавека. І я бачыў нібыта выгляд пазалочанага срэбра, як бы выгляд агню ўнутры і вакол яго. Ад падабенства сцёгнаў ягоных уверх і ад падабенства сцёгнаў ягоных уніз я бачыў нібыта выгляд агню і святло ад яго вакол. Як выгляд вясёлкі, што з’яўляецца ў аблоках падчас дажджу, такі быў выгляд ззяння вакол.
Такое было бачанне падабенства славы Пана.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Зямля і неба поўныя хвалы Тваёй.
Або: Аллелюя.
1. Хваліце Пана з нябёсаў, *
хваліце Яго ў вышынях.
2. Хваліце Яго ўсе анёлы Ягоныя, *
хваліце Яго ўсе Ягоныя войскі.
Рэфрэн:
11. Каралі зямлі і ўсе народы, *
князі і ўсе суддзі зямлі,
12. хлопцы і дзяўчаты, *
старцы і падлеткі.
Рэфрэн:
Няхай славяць імя Пана, *
13. бо толькі Яго імя ўзнесена высока,
веліч Яго па-над зямлёй і нябёсамі. *
14. Ён памножыў моц свайго народа.
Рэфрэн:
Спеў хвалы *
ўсім Яго пабожным,
сынам Ізраэля *
народу, які блізка да Яго.
Рэфрэн:
СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Пан паклікаў нас праз Евангелле,
каб мы атрымалі славу Пана нашага Езуса Хрыста.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Заб’юць Яго, і Ён уваскрэсне
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Калі Езус з вучнямі знаходзіўся ў Галілеі, Ён сказаў ім: Сын Чалавечы павінен быць аддадзены ў рукі людзей, і яны заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсне. Тады яны вельмі засмуціліся.
Калі ж яны прыбылі ў Кафарнаум, зборшчыкі падатку падышлі да Пятра і сказалі: Ці ж ваш Настаўнік не плаціць падатку? Ён адказаў: Так. І калі ён увайшоў у дом, Езус апярэдзіў яго і сказаў: Як табе здаецца, Сымоне, з каго бяруць мыта або падатак зямныя каралі: са сваіх сыноў, ці з чужых?
Калі ён адказаў: З чужых, — Езус сказаў яму: Значыць, сыны свабодныя. Але, каб мы не сталі для іх прычынай граху, ідзі на мора, закінь вуду і вазьмі першую рыбу, якую зловіш. Калі адкрыеш ёй рот, знойдзеш статэр. Вазьмі і аддай яго за Мяне і за сябе.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ