Пан зняў з цябе грэх твой: ты не памрэш
Чытанне Другой кнігі Самуэля.
У тыя дні:
Натан сказаў Давіду: Так кажа Пан Бог Ізраэля: Я намасціў цябе каралём Ізраэля і ўратаваў цябе ад рукі Саўла, і даў табе дом гаспадара твайго і жонак гаспадара твайго на ўлонне тваё, і даў табе дом Ізраэля і Юды, і, калі б гэтага было мала, дадаў бы табе нашмат больш.
Дык навошта пагардзіў ты словам Пана, зрабіўшы дрэннае перад вачыма Ягонымі? Урыя Хетэя ты забіў мячом і жонку ягоную ўзяў сабе за жонку, а яго ты забіў мячом аманіцянаў. Вось таму не адступіцца меч ад дому твайго навекі, бо ты пагардзіў Мною і ўзяў жонку Урыя Хетэя, каб была табе жонкаю.
І сказаў Давід Натану: Зграшыў я перад Панам. Натан жа адказаў Давіду: І Пан зняў з цябе грэх твой: ты не памрэш.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Даруй мне, Пане, віну граху майго.
1. Шчаслівы той, каму адпушчана беззаконне, *
і чый грэх забыты.
2. Шчаслівы чалавек, якому Пан не залічыў віны, *
і ў душы якога няма подступу.
Рэфрэн:
5. Я вызнаў Табе грэх мой *
і не хаваў сваёй віны.
Я сказаў: Вызнаю Пану мае беззаконні, — *
і Ты зняў з мяне віну граху майго.
Рэфрэн:
7. Ты — мая абарона, *
захоўваеш мяне ад уціску,
атуляеш мяне *
радасцю выбаўлення.
Рэфрэн:
11. Весяліцеся ў Пану *
і радуйцеся, справядлівыя;
усклікайце радасна, *
усе праведныя сэрцам.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.
Браты:
Ведаючы, што чалавек апраўдваецца не ўчынкамі Закону, а толькі вераю ў Езуса Хрыста, і мы паверылі ў Хрыста Езуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста, а не ўчынкамі Закону; бо ўчынкамі Закону не апраўдаецца ніякае цела.
Бо праз Закон я памёр для Закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся разам з Хрыстом, і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне. Не адкідаю ласкі Божай. А калі апраўданне дасягаецца праз Закон, то Хрыстус памёр дарэмна.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Бог палюбіў нас і паслаў Сына свайго
як уміласціўленне за грахі нашыя.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. І ўвайшоўшы ў дом фарысея, Ён узлёг за сталом. І вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён узлёг за сталом у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон пахучага алею і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала пахучым алеем.
Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца.
І Езус сказаў яму ў адказ: Сымон, Я хачу нешта сказаць табе.
Ён жа кажа: Скажы, Настаўнік.
У аднаго крэдытора былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі – пяцьдзесят. Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго?
Сымон адказаў: Думаю, той, каму больш даравана.
Ён сказаў яму: Ты правільна разважыў.
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі. Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі Я прыйшоў, няспынна цалуе Мне ногі. Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна пахучым алеем намасціла Мне ногі. Дзеля гэтага кажу табе: Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць.
А ёй сказаў: Даруюцца табе грахі.
І тыя, хто сядзеў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: Хто Ён такі, што нават грахі даруе?
А Ён сказаў жанчыне: Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ