Я ўстанаўлю ім прарока і ўкладу Мае словы ў вусны ягоныя
Чытанне кнігі Другазаконня.
Майсей прамовіў да народа, кажучы:
Пан Бог твой установіць сярод цябе прарока з братоў тваіх, падобнага да мяне. Яго будзеце слухаць, як прасіў ты Пана Бога свайго на Гарэбе ў дзень сходу, кажучы: Няхай не пачую голасу Пана Бога майго і няхай не ўбачу больш гэтага вялікага агню, каб мне не памерці.
І сказаў мне Пан: Добра яны сказалі. Я ўстанаўлю ім прарока з братоў іхніх, падобнага да цябе, і ўкладу Мае словы ў вусны ягоныя, і ён будзе казаць ім усё, што Я загадаю яму. І кожны, хто не паслухае Маіх слоў, якія будзе ён казаць у Маё імя, з таго спаганю Я. Прарок жа, які асмеліцца сказаць у Маё імя тое, чаго Я не загадваў яму казаць, ці будзе прамаўляць у імя іншых багоў, павінен памерці.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя.
1. Прыйдзіце, заспяваем Пану, *
усклікнем Богу, скале нашага збаўлення.
2. Станем з падзякаю перад абліччам Ягоным, *
у песнях усклікнем Яму.
Рэфрэн:
6. Прыйдзіце, паклонімся і ўпадзём, *
укленчым перад Панам, які нас стварыў.
7. Бо Ён — наш Бог, *
а мы — народ Ягонай пашы і авечкі Ягонай рукі.
Рэфрэн:
О, каб вы паслухалі сёння Ягоны голас: †
8. Не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя, як у Мэрыба, *
як на пустыні ў дзень Масса,
9. дзе Мяне спакушалі айцы вашыя, *
выпрабоўвалі Мяне, хоць і бачылі справы мае.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Незамужняя жанчына клапоціцца пра справы Пана
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:
Я хачу, каб вы былі бесклапотнымі.
Нежанаты клапоціцца пра справы Пана, як спадабацца Пану. А жанаты клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца жонцы, і ён падзелены. Таксама незамужняя жанчына і дзева клапоціцца пра справы Пана, каб быць святою і целам, і духам, а замужняя клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца мужу.
Кажу гэта для вашай карысці, не для таго, каб накінуць на вас путы, але для таго, каб вы добрапрыстойна і неадрыўна служылі Пану.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Народ, які сядзеў у цемры, убачыў святло вялікае,
над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У горадзе Кафарнауме Езус увайшоў у шабат у сінагогу і навучаў. І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
І быў тады ў сінагозе чалавек, апанаваны нячыстым духам, які закрычаў: Што Табе да нас, Езус Назаранін? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы. Але Езус забараніў яму, кажучы: Змоўкні і выйдзі з яго. Тады дух нячысты, таргануўшы яго і закрычаўшы моцным голасам, выйшаў з яго. І здзівіліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, кажучы: Што гэта? Новае вучэнне, якое мае моц? Ён і духам нячыстым загадвае, і яны слухаюцца Яго.
І адразу разышлася пра Яго чутка па ўсёй ваколіцы Галілеі.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ