Пошук

05.05.2017 12:24  

 Каментарый да літургіі

Літургія гэтай нядзелі — нядзелі Добрага Пастыра — паказвае нам, якім павінен быць сапраўдны пастыр, які клапоціцца пра даручаны яму статак авечак. Іншымі словамі, як святары, наследуючы прыклад Езуса Хрыста, павінны рэалізоўваць сваё пакліканне і адказна ставіцца да вернікаў, каб мець моцнае духоўнае адзінства ў Хрысце.     

Святар як сапраўдны пастыр павінен перш за ўсё клапаціцца пра духоўнае развіццё вернікаў, не шукаючы ўласнай карысці ці выгады, імкнуцца да пашырэння Божага Валадарства ў сэрцах людзей.

Таму сёння, яднаючыся з Езусам Хрыстом у святой Камуніі, узнясём свае малітвы да ўсемагутнага Бога, просячы аб патрэбных дарах Святога Духа для душпастыраў, якіх Хрыстус-Збаўца паклікаў да служэння на хвалу Божую і на карысць святому Касцёлу.

Каментарый да літургіі слова

«Я — добры пастыр, — кажа Пан, — і ведаю авечак маіх, а мае ведаюць Мяне».

У першым чытанні з кнігі Дзеяў Апосталаў пачуем заклік святога апостала Пятра да пакаяння і хросту ў імя Езуса Хрыста дзеля адпушчэння грахоў, каб атрымаць дар Святога Духа.

Другое літургічнае чытанне акцэнтуе ўвагу на тым, як паводзіў сябе Езус Хрыстус, калі яму зласловілі і пагражалі, калі Яго зневажалі. Сам Хрыстус павінен быць для кожнага з нас прыкладам сапраўднай любові і міласэрнасці.

Езус — Збаўца свету, прыйшоў, каб мы «мелі жыццё і мелі ў дастатку», а гэта сапраўды магчыма, калі мы заўсёды будзем старацца пачуць Ягоны голас сярод фальшывых галасоў гэтага грэшнага свету і ісці за Хрыстом шляхам збаўлення.

Малітва вернікаў

Збіраючыся вакол алтара на нядзельнай святой літургіі, з даверам да Бога Айца ўсемагутнага скіруем свае просьбы:

  1. Ойча спрадвечны, які ўстанавіў сакрамэнт святарства і паклікаў да служэння сваіх апосталаў, учыні Святога Айца Францішка, усіх біскупаў і святароў сапраўднымі добрымі пастырамі на ўзор Езуса Хрыста. Цябе просім…
  2. Ойча міласэрны, дапамажы, каб у кожнай парафіі развіваўся і пашыраўся апостальскі рух «Маргарытка», а вернікі адказна і добраахвотна адкрывалі свае сэрцы на малітоўную духоўную падтрымку святароў і кансэкраваных асоб. Цябе просім…
  3. Ойча ўсемагутны, абудзі ў сэрцах тых, хто ўжо шмат гадоў не прыступае да сакрамэнту споведзі, прагненне шчырага пакаяння і перамены свайго жыцця праз навяртанне сэрца. Цябе просім…
  4. Ойча, верны сваім абяцанням, дапамажы не страціць веру, надзею і любоў тым, хто шукае ў Цябе падтрымкі ў цяжкія хвіліны жыццёвых выпрабаванняў, аб’яві ім сваю любоў у Езусе Хрысце ўваскрослым. Цябе просім…
  5. Ойча будучага свету і вечнага жыцця, прымі душы, якія зараз церпяць у чыстцы, у Валадарства Нябеснае, каб яны маглі цешыцца вечнай радасцю і сузіраць Тваё Аблічча ў супольнасці святых. Цябе просім…
  6. Ойча наш, просім Цябе, навучы нас, сваіх дзяцей, адказна ставіцца да сваіх абавязкаў і годна рэалізоўваць сваё хрысціянскае пакліканне, каб мы сваім жыццём, думкамі, словамі і ўчынкамі заўсёды стараліся наследаваць прыклад Хрыста — Добрага Пастыра. Цябе просім…

Прымі, Божа, Ойча наш, прадстаўленыя малітвы і тыя, што маем у сваіх сэрцах, каб настала адна аўчарня і адзін Пастыр. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова

Абноўлена 25.09.2017 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця